Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Топас

Топас (гр. topos – месца) – мастацкая прастора, увасобленая ў сістэме выяўленчых сродкаў твора. Перш за ўсё гэта тая рэальная прастора, месца (месцы), дзе адбываюцца тыя ці іншыя падзеі твора (твораў). Такая прастора валодае канкрэтнасцю і часта рухомасцю (калі персанажы перамяшчаюцца ў ёй). Прычым, месца дзеяння можа мець уласную тапанімічную назву (сапраўдную ці вымышленую) або не мець яе. Апрача гэтага, топас абазначае своеасаблівую суб'ектыўную, сімвалічна-метафарычную прастору – такую, якой яна ўспрымаецца чытачом, узнікае ў ягонай уяве. Пры гэтым сама прастора надзяляецца шматлікімі пераноснымі сэнсамі, а словы з прасторавымі характарыстыкамі ўжываюцца ў якасці метафар. Урэшце, мастацкія творы ўваходзяць у складаную, шматузроўневую прастору культуры, у якой арганічна ўзаемадзейнічаюць не толькі самі гэтыя творы, але і розныя віды мастацтва. Паняцце топас і ўбірае ў сябе ўсе гэтыя разуменні прасторы ў іх складаным перапляценні і ўзаемадзеянні. Часам гэтым тэрмінам абазначаюць вобраз-матыў, характэрны для ўсёй літаратуры нейкай нацыі (напр., топас зямлі або роднага кута ў беларускай літаратуры) ці нават цэлай культуры асобнага перыяду ("жыццё як тэатр" у еўрапейскай культуры эпохі Адраджэння).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.