Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам Міцкевіч - Свіцязь

Балада


Калі ты ў Наваградак трапіш, бывае,
Скіруй — не забудзь — на Плужыны.
У пушчы, дзе сцежка гушчар расхінае,
Ты коней спыні ля альшыны.

Між дрэў, бы ў вяночку, адкрыецца воку
Там возера Свіцязь, як дзіва.
Як быццам хто шыбіну лёду звысоку
Сюды апусціў беражліва.

А здарыцца быць тут начною парою,
Застынеш, аддаўшыся чарам:
Рой зор над табою, рой зор пад табою
І месяцы два перад тварам!

Гадацьмеш: з-пад ног гэта ў неба нямое
Раўніна ідзе тут шкляная
Ці неба скляпенне сваё незямное
Пад ногі табе развінае.

Не можаш адрозніць у срэбным сутонні
Дно возера ўжо ад зеніту.
Як быццам вісіш ты ў нябесным бяздонні,
У нейкім разліве блакіту.

Прыемна так зрок падмануцца твой можа,
Калі цішыня тут пануе.
Ды пусціцца ўночы сюды ў падарожжа,
Хто толькі з адвагай сябруе.

Бо што ўжо нячысцік тут не вытварае!
З карчэўя глядзяць патарочы!
Ад страху дрыжыш, калі хто пра іх бае.
Не слухай пра іх супраць ночы!

А часам на возеры, дзесь пад вадою,
Бы чутна гаворка людская!
Жаночыя крыкі, шум грознага бою,
Званы б'юць, агонь выбухае.

Але ўсё ізноўку знікае ў імгненне —
На беразе толькі шум хвояў,
Ды з бездані быццам чыёсьці маленне
Да вуха даходзіць глухое.

Што б значыла гэта? Усякае людзі
Гадаюць — на дне ж не бывалі.
Дзе праўда, дзе выдумка ў згадках іх будзе –
Не скажуць і возера хвалі.

Пан блізкіх Плужынаў, у продкаў якога
І Свіцязь была ва ўладанні,
Задумаў раскрыць тайну з'явішча тога,
Дазнацца, ці праўдзяць паданні.

Заказваў прылады патрэбныя ў месце,
Пускаў многа грошай на гэта.
Звязалі ўжо невад тут локцяў пад дзвесце,
Чаўны ладзяць, баты ўсё лета.

Я раіў: пачаць бы — як робяць па сёлах –
Тут з Богам: хай прыме вітанні.
І пан заказаў мшу ў вакольных касцёлах,
Прыехаў ксёндз з Цырына ўранні.

На беразе стаў, апрануўшы арнаты,
Усё акрапіў, пажагнаўся.
Пан знак падае тут — адчальваюць баты,
І невад пад хваляй схаваўся.

На дно паплаўкі пацягнуў ён з сабою,
У бездань — да сомаў і ліняў.
Канаты напяты: ідзе пад вадою
Паціху ўжо невад з глыбіняў.

Вось цягнуць на бераг яго хапатліва.
Што ў сецях? Вялізная рыба?
Магу расказаць, што злавілі за дзіва,
Ды толькі паверыце хіба?

Аднак раскажу я! Не рыбу спаймалі:
У сецях — кабета жывая!
Твар — ясны і гожы, а вусны — каралі,
Да плеч валасоў лён спадае.

На бераг ступае! Усе скамянелі
На месцы ад дзіўнай праявы.
У страху адгэтуль даць ходу хацелі,
Ды голас пачулі ласкавы.

«Вы знайце, малойцы, — казала кабета, –
Тут судны спускаць — грэх вялікі.
Глыб возера ўсіх, хто забудзе пра гэта,
Глыне — не памогуць і крыкі.

Ты, пан, з сваёй хеўрай праз час найкароткі
Ляжаў бы ўжо там, пад вадою.
Ды ў гэтым краі спяць усе твае продкі,
І з намі ты — родны крывёю.

Другі ваш ратунак — што з Богам сюды вы
Усё-ткі прыйсці не забылі.
Праз вусны мае ён вам, Бог літасцівы,
Раскрыць хоча возера былі.

Дзе ў тонях цар-кветкі блішчаць, як каралі,
Дзе дрэмле чарот той бязмоўны,
Дзе рэжа вясло ваша гэтыя хвалі,
Стаяў колісь горад чароўны.

Шмат меў ён красунь, вабны быў розным ханам,
Ды тут што ні муж — быў як віцязь.
Закладзены некалі князем Туганам,
Квітнеў праз вякі горад Свіцязь.

Тады не шумелі тут пушчы з вятрамі,
Жаўцелі скрозь жыта, пшаніца,
Наваградак з даляў маячыў мурамі –
Літвы тагачаснай сталіца.

Ды ў год нейкі з войскам вялізным цар з Русі
Яе аблажыў быў надоўга.
Прыціхла Літва ўся: паддацца б не змусіў
Ён сілай сваёю Міндоўга.

Міндоўг, што вёў войска з далёкай граніцы,
Пісаў майму бацьку — Тугану:
«Мой друг, на табе — абарона сталіцы,
Дай бой тут жа царскаму стану!»

Туган прачытаў князеў ліст, і ў хвіліну
Загад быў пасланы: да зброі!
Збіраў увесь горад у спеху дружыну —
Пяць тысяч прызвалася вояў.

У трубы зайгралі, і коннікаў хмара
За князевым рушыла сцягам.
Ды раптам спыніўся Туган ля штандара,
Аддаўшыся думным развагам.

Ды к замку каня павярнуў баявога
І мовіў мне: «З местам што ж будзе?
Хто вас абароніць ад хціўца ліхога,
Калі не мячы нашы й грудзі?

А рушым усёй грамадою да бою,
Я ж вамі тады рызыкую.
Калі ж раздзялю сваё войска малое,
Ці ж сябру свайму памагу я?»

Сказала ў адказ я: «Баяцца не трэба:
Нас Бог зберажэ, ойча мілы —
Я сніла: над горадам нашым праз неба
Анёл пралятаў яснакрылы.

Ён Свіцязь азорыў мяча бліскавіцай
І пер'ем дзівосным, бы сонцам.
«Пакуль дзесь мужы, — мне сказаў, — будуць біцца,
Я стануся ў вас абаронцам».

Паслухаў Туган і да войска вярнуўся.
Ды ноч толькі свет ачарніла,
Здалёк тупат коней і голас пачуўся,
«Ура» нас усіх аглушыла.

Б'юць сцены таранам, грукочуць гарматы,
Град стрэлаў — што робіцца ў свеце?
Збягаюцца ў замак жанкі і дзяўчаты,
Дзяды і маленькія дзеці.

«У замак усе! — крык нясецца. — За намі
Русь валіць — хутчэй замыкацца!
Ах, лепей загінем, паб'ём сябе самі,
Чым лютаму ворагу здацца!»

У сэрцах людзей ужо гнеў заміж страху:
«Усе нашы скарбы — у стосы!»
І тут жа іх паляць — агонь вышай гмаху,
А крыкі ляцяць пад нябёсы:

«Хай будзе пракляты, хто смерці не хоча!»
Спыніць тут забойствы хачу я,
Ды ўсе пад тапор клалі голаў ахвоча —
Мяне ж аніхто і не чуе!

Што ж болей злачынна: тым ордам паддацца,
Надзець кайданы ўсім з пакорай
Ці самазабойцамі ў свеце нам стацца?
Што лепей, скажыце, што горай?

Як смерць лепш прыняць нам? Хто тут дапаможа?
Прасіла я продкамі ўсімі:
«Хай гром лепей спаліць наш горад, о Божа,
Ці возьме зямля нас жывымі!»

Тут яснасць дзівосная цемрыва ночы
Ушчэнт разганяе наўкола.
На дол, дзе стаяла, кірую я вочы,
Ды толькі не бачу ўжо дола.

У бездань пайшло ўсё. Цяпер што ні лета
Тут краскі цвітуць ля вясёлкі.
Знай: Свіцязі жонкі і дочкі ўсё гэта —
Іх Бог перакінуў у зёлкі.

Такія бялюткія гэтыя кветкі!
Нібы матылі над вадою!
Ліст — цёмна-зялёнага колеру: гэткі
У елкі пад снегам зімою.

Цнатлівасць жаночая ў кветках найчыстых
Ужо тут не знікне ніколі.
У вольнай цішы, між гаёў тых цяністых
Ніхто не кранецца іх болей.

Папробаваў цар быў і рускія зграі
Іх рваць пасля той перамогі –
Хто грудзі чароўнымі кветкамі маіў,
Хто шлем аздабляў імі строгі.

Ды кожны, хто кветак рукамі кранаўся —
Была ў іх нябачная сіла, —
У крук ад страшэнных пакутаў згінаўся,
І смерць яго тут жа валіла.

Час з памяці сцёр усе дзеі былыя,
Ды толькі пра дзень страшнай кары
І сёння расказваюць людзі старыя,
А кветкі здаўна клічуць — цары».

Паведаўшы ўсё, пані зноў адступае,
За ёй — тонуць баты і чоўны.
Б'е хваля аб бераг, чароты гайдае,
І лесам пабег шум няроўны.

І вось раздалася вада да глыбіняў:
Красуню ў абдымкі прымае,
Навек закрываючы хваляю сіняй...
З тых дзён — цішыня тут нямая.

 

 

   У аснову балады «Свіцязь» пакладзена паданне пра з’яўленне возера Свіцязь. У творы гучаць патрыятычныя матывы. Князь Туган павінен выбраць паміж выкананнем свайго абавязку перад Радзімай і жаданнем зберагчы родны горад. Яму дапамагае дачка, якая кажа, што бачыла сон: яны застануцца пад аховай вышэйшых сіл. І, калі ворагі асадзілі горад, то дзяўчаты робяць выбар паміж жыццём у няволі і смерцю: яны просяць выратавання праз страту жыцця. І вышэйшыя сілы ператвараюць іх у цар-кветкі, ад якіх пасля гінуць ворагі. У дадзеным выпадку смерць праз пераўтварэнне паказваецца як працяг жыцця, і адначасова пакаранне ворагаў за амаральны ўчынак (знішчэнне мірных жыхароў). Варта адзначыць, што гэты твор складаецца з дзвюх гісторый, якія звязваюць сучаснасць і мінулае. З возера пастаянна чуюцца дзіўныя гукі, юнак вырашае даведацца: хто там жыве. Яны злавілі ундзіну, якая пакідае ім жыццё, таму што прыйшлі да возера з Божым словам, таму што сярод загінуўшых ёсць сваякі хлопца. Цікавая акалічнасць: ундзіна-русалка праява паганскага веравызнання, слова Божае – хрысціянскага; дзяўчаты просяць смерці як выратавання – ім дапамагаюць. Можна сказаць, што так паказваецца спалучэнне паганскіх і хрысціянскіх поглядаў у свядомасці беларусаў.

 

Похожие статьи:

ПераказыСвіцязь

ПераказыВозера Свіцязь

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязянка

ПераказыТут нараджаюцца паэты

ПераказыЛегенда пра Свіцязь