Нёмне, рэчка мая радаводная, дзе
Тыя воды, што браў я ў маленстве ў далоні,
Па якіх потым плыў у самотным палоне
Сэрца ахаладзіць, што зайшлося ў нудзе?
Цень красы тут Лаура сачыла ў вадзе,
Валасы заплятала і ўквечвала скроні,
Вобраз вабны яе ў срэбных хваляў на ўлонні
Я слязамі ў запале муціў у жудзе.
Радаводная рэчка мая, дзе твае
Маладыя крыніцы, што білі няспынна,
Дзе нявінных гадоў навіна і правіна?
Дзе бунтоўнасць, якой мне цяпер не стае?
Дзе Лаура мая? дзе былая сябрына?..
Знікла ўсё, што ж не высахлі слёзы мае!
Пераклад Рыгора Барадуліна
Адказы на пытанні:
1. Для лірычнага героя Нёмана – месца, дзе ён правёў маленства і адчуў горыч першага непадзеленага кахання. Нёман – спрадвечны пейзажны вобраз нашай геаграфічнай і этнічнай прасторы, які трывала замацаваўся ў нацыянальнай літаратуры як апазнавальны сімвал беларускага краю. Гэты гідронім у творчасці Адама Міцкевіча выступае як топас радзімы.
2. Лірычны герой звяртаецца да ракі Нёман, называючы яго "рэчкай маёй радаводнай". Паэт з любасцю і ўсхвалявана прамаўляе слова "Нёман", бо яго вобраз – гэта нібы душэўна блізкі суразмоўца, якому аўтар давярае любоўныя згадкі, сваю шчырую споведзь.
3. Санет раздзелены на дзве часткі, у пачатку кожнай часткі аўтар паўтарае выраз "рэчка мая радаводная". Вобраз Нёмана з’ядноўваецца з душой паэта суладна, інтымна і адухоўлена. З ракой знітавана незабыўнае і дарагое – пачуццё кахання, вобраз каханай. Зваротак дапамагае адчуць у Нёмане не толькі суразмоўцу, але і выказніка эмоцый, пачуццяў, якія хвалююць паэта.
Похожие статьи:
Пераказы → Старанная праца
Пераказы → Каля Нёмана
Пераказы → Гімн жыццю
Пераказы → Берагам Нёмана
Пераказы → Празрыстая пара восені