Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Адам і Марыля

   Кажуць, што ля вытокаў сапраўднай паэзіі заўсёды стаіць вялікае ўзрушэнне, непадзеленае каханне. Такое каханне было і ў геніяльнага паэта Адама Міцкевіча. Стары гранітны валун з крыжам, выбітым самім паэтам, – своеасаблівы помнік гэтаму вялікаму пачуццю. Камень гэты размяшчаецца недалёка ад беларускай вёскі ў Воранаўскім раёне.
   Марыля Верашчака з першага погляду паланіла сэрца юнага Адама Міцкевіча. Каб убачыць яе, будучы паэт шукаў усялякую прычыну, угаворваў сваіх сяброў наведаць маёнтак гасцінных Верашчакаў. Дзевятнаццацігадовы Адам трапіў у дом Верашчакаў дзякуючы свайму сябру па Віленскім універсітэце Тамашу. Спачатку юная блакітнавокая Марыля прывабіла Адама сваёй жывой непасрэднасцю, вялікай начытанасцю, музычнасцю. Шляхцянка Марыля іграла на фартэпіяна, спявала не толькі свецкія рамансы, але і беларускія народныя песні.
   Яны хутка пасябравалі. Пасля былі таемныя сустрэчы ў парку, доўгія гутаркі ў зацішнай альтанцы, юнацкія клятвы ў вечным каханні. Адам разумеў, што ў гэтай глушы ён знайшоў свой ідэал, пра які марыў заўсёды. Пазней ён назаве тую альтанку калыскай свайго шчасця, калыскай першай любові.
   Хутка маладому кавалеру растлумачылі, што яго каханую аддаюць замуж за багатага графа, былога афіцэра напалеонаўскай арміі. Родныя Марылі лічылі, што паэт-пачатковец не мае высокага роду, вучыцца на казённую стыпендыю, у яго няма ніякай перспектывы на кар’еру. З гэтай прычыны паэт не мог прэтэндаваць на руку і сэрца багатай шляхцянкі. Такое паведамленне ашаламіла маладога чалавека. Адам не бачыў выйсця, не ведаў, як перажыць нечаканае гора, несправядлівасць. Пакрыўджанага юнака ўратавала паэзія. Уратавалі сябры, прырода, кнігі.
   Узрушаны Адам спадзяваўся, што верне Марылю. Ён пісаў ёй: «Я цябе шаную і кахаю, як багіню». У сваіх вершах паэт прасіў Бога, маліў, каб Марыля знікла з яго сэрца, памяці, вачэй. Але гэта не дапамагала. Адам Міцкевіч марыў пра каханую, штодзень думаў пра яе.
   Паводле падання, каля гранітнага валуна паэт не раз сустракаўся са сваёй каханай, ужо замужняй. Але аднойчы Марыля не прыйшла на прызначанае спатканне. Паэт зразумеў, што страціў яе назаўсёды. Кажуць, што тады і пакінуў ён на камені крыж як знак канчатковай разлукі. У сваім жыцці паэт не быў абдзелены жаночай увагай, але Марыля так і засталася яго адзіным светлым каханнем. Больш моцнага пачуцця ён ужо не зведаў.
   Адам і Марыля нейкі час перапісваліся, даведваліся адно пра аднаго праз сяброў. У Марылі нарадзіліся дзве дачкі і сын. Яна актыўна падтрымлівала паўстанне 1863 года. Памерла ў 1864 годзе, яе пахавалі недалёка ад таго месца, дзе ляжыць славуты камень. Адама яна перажыла на дзевяць гадоў. Той валун, што ў лесе, называюць каменем кахання. Два разы ў год моладзь высцілае сцежку да яго кветкамі. Прычынай такога наймення каменя стаў лёс Адама і Марылі, іх чыстае і светлае каханне.
   У 1986 годзе валун быў абвешчаны помнікам гісторыі. Прыхільнікі таленту вялікага паэта імкнуцца хоць раз у жыцці наведаць гэты ўтульны куточак, пастаяць каля валуна, які шмат пабачыў на сваім вяку. Гэты камень і сёння ўспрымаецца як памяць аб вялікім і светлым пачуцці маладых людзей.
(460 слоў)

Паводлв Э. Ляўкова.

 

Похожие статьи:

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязянка

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Свіцязь

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Гражына

Адам МіцкевічАдам Міцкевіч - Конрад Валенрод

Адам МіцкевічТворчасць Адама Міцкевіча