Дзядзінец дагарае.
Прабіў сцяну таран.
Князь Вячка памірае
Ад ран.
Смяюцца мечаносцы:
—Здыхай, славянскі пёс!
Не ўбачыш болей ноч ты
І дзень у ззянні рос.
Глядзі: агонь віхурыць...
Смыліць, пячэ —няўсцерп!
Мы знішчым горад Юр'еў,
Збудуем горад Дэрпт.
Мы пройдзем лесам, полем,
Смерць несучы і боль.
Мы спалім горад Полацк.
На попел кінем соль.
Ты бой прайграў. На трупах
Сваіх людзей ляжыш.
Пад неба сіні купал.
Плыве тэўтонскі крыж.
Ні ліваў і ні селаў*
Не ўбачыш больш сляпы.
Ты жыта ў полі сеяў.
Мы сеем чарапы.
Дзядзінец дагарае.
Скрышыў сцяну таран.
Князь Вячка памірае
Ад ран.
Пральецца хмара-плачка
Слязінкай дажджавой.
Але не плача Вячка,
Смяецца мужны вой:
"Сын Полацка не стане
Аб літасці прасіць.
Умеюць палачане
Заморскіх птушак біць.
З-за мора, совы-госці,
Вы прыляцелі ўсе.
Іў мора вашы косці
Паводка панясе.
Прыблудам-ліхадзеям
Славян не зацугляць.
Мы будзем жыта сеяць,
Спяваць, жанчын кахаць.
Ваш меч не пацалую.
Цалую васілёк..."
Пацалаваўшы кветку,
На попел Вячка лёг.
Сканаў. I ў тыя ж хвілі,
Трывогі вестуны,
На Полацкай Сафіі
Ускрыкнулі званы.
...За векам век згарае.
Зірні ў начны блакіт —
Вунь маладзік над гаем,
Як князя Вячкі шчыт.
*Лівы, селы —прыбалтыйскія плямёны, якія ў пачатку XIII стагоддзя сумесна з Полацкім княствам змагаліся супроць агрэсіі рыцараў-мечаносцаў.
Похожие статьи:
Леанід Дайнека → Леанід Дайнека - Дрыгавічы
Леанід Дайнека → Леанід Дайнека - След ваўкалака
Леанід Дайнека → Леанід Дайнека - Жалезныя жалуды
Леанід Дайнека → Леанід Дайнека - Меч князя Вячкі
Леанід Дайнека → Творчасць Леаніда Дайнекі