Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Раісы Баравіковай

   З імем гэтай паэткі, нават з яе нязменна прыгожым праз многія гады знешнім воблікам і голасам, звязана ўражанне прасветленасці, пяшчоты, рамантычна-ўзнёслых адносін да жыцця, эмацыянальнасці і высокай усхваляванасці, якая не можа стрымлівацца ніякімі побытавымі межамі. Такая яна і ў сваёй творчасці, да якой можна без залішняй аглядкі на ўмоўнасць тэрміну прымяніць эпітэт жаночая паэзія. Азначэнне гэтае ў дадзеным выпадку мае высокае ацэначнае значэнне, бо творчасць Р. Баравіковай вызначаецца выразным гуманістычным пафасам, высакароднасцю і мудрасцю, эстэтычнай змястоўнасцю і разнастайнасцю. Працуючы ў межах традыцыйнай беларускай паэзіі, якая грунтуецца на фальклорнай аснове, класічным сілаба-танічным рыфмаваным вершы-маналогу, Раіса Баравікова здолела стварыць адметны лірычны характар, раскрыць глыбіні чалавечай душы ў яе разнастайных праявах.
    Раіса Андрэеўна Баравікова нарадзілася 11 мая 1947 года ў вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна. Як і ўсе, для каго паэтычная творчасць стала ў будучым справай жыцця, рана пачала пісаць вершы, якія былі апублікаваны ў раённай газеце, калі аўтарцы споўнілася 13 гадоў. Бярозаўскае літаратурнае аб'яднанне дало шчаслівы старт многім вядомым паэтам, у ліку якіх равеснікі-землякі Алесь Разанаў і Раіса Баравікова, творчыя індывідуальнасці якіх сфарміраваліся ў далейшым як зусім непадобныя, хутчэй палярныя з'явы. 
    Раіса Баравікова атрымала спецыяльнасць мастацкага перакладчыка ў Літаратурным інстытуце імя М. Горкага ў Маскве, затым працавала рэдактарам на кінастудыі "Беларусьфільм", у газетах і часопісах, была галоўным рэдактарам часопіса для жанчын "Алеся", а з 2002 г. узначальвае часопіс "Маладосць", які пад яе кіраўніцтвам за кароткі час стаў адным з самых папулярных беларускіх выданняў.
    Раіса Баравікова – аўтарка зборнікаў "Рамонкавы бераг" (1974), "Слухаю сэрца" (1978), "Такое кароткае лета" (1981), "Адгукнуся голасам жалейкі" (1984), "Каханне" (1987, Дзяржаўная прэмія імя Аркадзя Куляшова), "Пад небам першага спаткання" (1990), "Люстэрка для самотнай" (1992, Дзяржаўная прэмія РБ імя Я. Купалы), кніг для дзяцей, гістарычнай драмы "Барбара Радзівіл".
    У паэзіі Р. Баравіковай створаны адметны жаночы лірычны характар, якому, у адрозненне ад актыўнага і рацыянальнага мужчынскага пачатку, уласцівы пачуццёвасць, мяккасць, абвостраная трывога за ўсё жывое ў свеце, дабрыня і безаглядная ахвярнасць, прага суладдзя і прыгажосці.
    У індывідуальным светабачанні паэткі, па словах даследчыцы В. Шынкарэнкі, пераважае жаночы захоплена-сузіральны і адначасова маральна-павучальны падыход. Сапраўды, Р. Баравікова не перастварае свет (як, скажам, А. Разанаў), а адлюстроўвае яго праз люстэрка сваёй, часцей самотнай, душы.
    Натуральна, што ідэйна-настраёвай дамінантай паэзіі Р. Баравіковай з'яўляецца тэма кахання, "самай высакароднай, самай узвышанай і самай індывідуальнай з пакут" (Ф. Энгельс). Каханне надае душы чалавека абвостраную, сусветную чуйнасць. актывізуе духоўны патэнцыял асобы, застаючыся "зернем і цэнтрам, на які навіваецца ўсякая паэтычная ніць" (А. Фет).
    Інтымная лірыка была і застаецца асновай паэтычнага свету Р. Баравіковай, і крытыка высока яе ацэньвае. Т. Бондар у артыкуле "Чатыры спробы назваць таямніцу" нават расставіла "вехі кахання" па кнігах Р. Баравіковай: ад юнацкіх летуценняў да ўсведамлення адказнасці перад светам, ад упэўненасці ў абранніцтве да разумення складанасці і высокага прызначэння жыцця.
    У вершах пра каханне Раіса Баравікова можа ўздымацца і да філасофскіх абагульненняў. Верш "Казаў мудрэц..." успрымаецца як слова мудрай жанчыны, за плячыма якой немалы і няпросты лёс. Аднак абстрагаваная форма, незвычайна спакойная для экспрэсіўнай Р. Баравіковай інтанацыя хутчэй выключэнне ці сведчанне ўнутранага патэнцыялу яе лірыкі.
    Вобраз лірычнай гераіні Р. Баравіковай мае выразную біяграфічную аснову, за ёй – радасць і перажыванні, трагедыі і расчараванні паэткі, якая выбрала складаны шлях: выказванне ўласнага стану душы, увасабленне адценняў жывога, балючага, трапяткога пачуцця. Большасць вершаў яе інтымнай лірыкі разгараюцца "з цяпельца даўняга святла", у іх – драматычны ўспамін аб былым каханні, "урок няспраўджанай надзеі", адбалелая мара, па якой "сэрца сумаваць умее голасам пяшчоты і тугі". Адзінота – стан душы, які, побач з іншымі, мае правы на эстэтычнае ўвасабленне, калі праз яго сцвярджаецца ідэя ўзаемаразумення, пошук духоўнай блізкасці. І хоць інтымная лірыка Раісы Баравіковай часам падаецца крытыкам "адным доўгім вершам пра няшчаснае каханне" (Ф. Яфімаў), адзінства настрою, скразны матыў пачуцця з'яўляецца вартасцю лірыкі, бо праз яго сцвярджаецца цэласнасць і маральная прыгажосць асобы. Прайсці "на ўздых" ад кахання, а потым прасіць праз гады і расстанне:
 

Дазвольце мне вярнуцца
з лістападу,
З завеі ці з дажджу ў
будзённы час,
каб доўг аддаць у глыбіню
пагляду, –
замоўчанае:
"Я КАХАЮ ВАС..."


    У гэтым, як і ў балючым выдыху: "Без цябе нашто мне неба?" – асоба, душа. Руская паэтка Л. Васільева справядліва гаварыла: "Выплакванне, выказванне бязмежных пакут абсалютна неабходнае жаночаму паэтычнаму характару". Усё ж мужчына і жанчына па-рознаму адчуваюць жыццё, мужчынская інтымная лірыка больш медытатыўная, спакойная, жаночая – экспрэсіўная і нават "надрыўная".
 

І ўсё ж я не сказала: "Прэч!",
хоць знала, што душой астынеш...
Дарма ў знак будучых сустрэч
садзіў шыпшыну пры даліне.

Не мне душу тваю караць,
будзь ласкавейшай з той,
што зараз
яшчэ не ўмее раўнаваць,
яна – твой суд і твая кара...

А мне разлука студзіць скронь –
не закліпнуцца б ва ўспаміне...
І палымнее, як агонь,
цвіце шыпшына пры даліне.
("Шыпшына пры даліне")


    Узяты з фальклору скразны вобраз шыпшыны, які пачынае і заканчвае верш, – сімвал калючай і яркай жаночай долі.
    Матыў нешчаслівага кахання можа гучаць у Р. Баравіковай і больш спакойна, астыла (нездарма ж у першым радку – снег):


Зачэпіцца сонца за снежную горку,
і хлыне ў даліну патокам вада...
Забуду апошнюю нашу гаворку,
а ўсё-такі... нечага трошкі шкада.

Ніколі не выспее яблык дачасна,
за радасцю часта прыходзіць нуда,
сказаць не магу, каб была я няшчасна,
ды ўсё-такі... нечага трошкі шкада.

Бывае заўважу ў аконным праёме,
пытаюцца, хто ты – такая бяда! –
спакойна адказваю – проста знаёмы,
і ўсё-такі... нечага трошкі шкада.


    У гэтым вершы – светлы сум, далікатная пяшчота, жаночая мудрасць і годнасць. Лірычная гераіня Р. Баравіковай мае прыгожую, тонкую душу, таму ёй уласціва падзея: "хто знаў каханне, пакахае зноў". Вытанчанасць, прыгажосць, кампазіцыйную стройнасць гэтаму вершу, музычнаму па сваёй рытмічнай арганізацыі, надае тройчы, як заклён паўтораны рэфрэн, у якім адрозніваюцца кожны раз толькі спалучальныя і супраціўныя злучнікі "а", "ды", "і".
    Аднак Р.Баравікову цікавіць не толькі тэма кахання. У яе лірыцы натуральна і ўпэўнена гучаць філасофскія матывы.
    Паэтэсу трывожаць той факт, што наш свет губляе нешта важнае, людзі радзей думаюць пра высокае і вечнае. Р.Баравікова праз трапную і ўзвышаную да мастацкага абагульнення дэталь умее перадаць шчымлівае пачуццё пра самае дарагое, роднае, страчанае ў далёкіх гадах. Хоць бы той пасаджаны дзедам на ўспамін ля дарогі куст язміну, што ўбачыла паэтэса з акна цягніка:

Цяпер той куст здаецца
дварняком,
што некалі ляцеў усім
пад ногі,
ён за любым бяжыць
таварняком,
бяжыць... і застаецца ля
дарогі.

    Нязвыклы, смелы, але зрокава і псіхалагічна дакладны вобраз.
    Паэтэса ўмее зразумець і па-мастацку перадаць святло сапраўднага таленту ў старэчых вачах (верш "Птушачка"), роспач маці, якая тры дні шукае ў чужым горадзе не надта ўважлівага сына (як многа гаворыць трапная дэталь: зморшчаны яблык упаў з кішэні – сыну везла...). Гэта сведчыць аб сапраўднай чалавечай сталасці, глыбіні душы.
    Драме кахання, нялёгкаму лёсу жанчыны прысвечана паэма "Саламея" – пра нашу зямлячку, падарожніцу, лекарку, пісьменніцу ХVІІІ ст. Рэгіну-Саламею Русецкую-Пільштынову. У аснову твора пакладзены дзённікі Пільштыновай. Яны расказваюць аб прыгодах "доктара медыцыны", якой выпала на жыццёвых шляхах нямала: замужжа ў чатарнаццацігадовым узросце, жыццё ў далёкім Стамбуле, смерць мужа, няўдачы і цудоўныя поспехі ва ўласнай лекарскай практыцы (дарэчы, яна з поспехам выкарыстовала метады народнай медыцыны), уцёкі ад дамаганняў вяльможнага прэтэндэнта на трон Венгрыі князя Ракачы, падарожжа ў Вену, Пецярбург і многае іншае. Як бачыце, падзей і канфліктаў тут больш чым дастаткова для драматычнай паэмы. Але, абраўшы менавіта такую форму, Р. Баравікова зусім не клапоціцца аб чысціні жанру, паэма – лірычны твор. За імем Саламеі, той, "што жыве з агню" кахання, лёгка ўгадваецца асоба самой паэтэсы. Ці не тыповыя для лірычнай гераіні Р. Баравіковай радкі:


...пакінь мяне, і я
дажджынкай
ўпаду, каханы, у сляды.
...Ах, гэта ноч... Як дыхае
спякотай!
Праклала поўня сцежку да
прысад.
Даруй, мой боль, нязвыклая
пяшчота
ўпусціла промнік радасці
ў пагляд.
...ты – як цяпельца пасля
доўгай стыні.
 

    Захапленне хараством, стваральны пачатак, уласцівы жаночаму характару, выразна выяўляецца і у гераінь "аб'ектывізаванай" лірыкі Р. Баравіковай, напісанай не "пра сябе", а пра высакародных, па-народнаму мудрых, цярплівых вясковых жанчын ("Успамін пра цётку Яню", "Птушачка" і інш.). Менавіта ў народным характары шукае Р. Баравікова адказ на тое, як трэба захоўваць жаночую годнасць у складаных драматычных паваротах асабістага жыцця. На такой вось жаночай цярплівасці і ахвярнасці трымаецца і сям'я, і свет. Адказ на пытанне, ці патрэбная такая пакорлівасць, дае тыповы для паэткі Р. Баравіковай тройчы паўтораны рэфрэн.
    Мастацкую дасканаласць гэтаму невялікаму вершу надае прыём сінтаксічнага паралелізму, што падкрэслівае фразы жанчыны і мужчыны, якія канцэнтруюць у сабе трывогу за ўвесь жыццёвы лёс. Пачуццё адказнасці, мацнейшае ў жанчыны, не дае разбурыць гэты лёс. Народны па мудрасці, гэты верш народны і па форме – як дакладна падае напружанне і крыўдны сэнс сітуацыі параўнанне, узятае з фальклору: падсажваў другую на вазок, як купец на карму, г. зн. напаказ, ганарліва; вяртаўся праз зімовае поле, нібы па кіліме (дарога дадому нібы ўсцелена каштоўным дываном). Такі ж прыгожы і характар гераіні верша "Птушачка".
    У гэтым вершы зачароўвае ўласцівае для паэзіі Р. Баравіковай адчуванне прасветленасці і суладдзя са светам. Яго гераіні (не лірычнай, аб'ектывізаванай) уласцівы стваральны пачатак, імкненне да творчасці і прыгажосці, яна мае патрэбу глядзець у неба "з яснстою галубінай", просячы ў сонца добрага дня і натхнення. Магчыма, і мае права на жыццё адна з тэорый узнікнення мастацтва, паводле якой першы мастацкі твор быў зроблены жанчынай, якая захацела ўпрыгожыць сваё жыллё. Ва ўсякім разе, скарбы беларускага народнага дэкаратыўнага мастацтва створаны пераважна жаночымі рукамі. Аднак сэнс верша глыбейшы, ён ўслаўляе чалавечую дабрыню. Варта прасачыць за тым, якімі звароткамі карыстаецца гераіня, прамаўляючы аднолькава ветла да нежывой прыроды., рэчы, дзяцей: "сонейка", "птушачка", "мілыя". Фальклорны антрапамарфізм, уласцівы вершу, узмоцнены ўжываннем складанай метафары: птушкай уяўляецца ўжо не цацка, а сама жанчына, якая жыве "ў палёце". А прымаўка, вынесеная ў пачатак і канцоўку верша, кантрастна ўзмацняе гэты высокі сэнс вобраза.
    З гадамі ў паэзіі Р. Баравіковай узмацняецца філасофскі роздум, удумлівыя інтанацыі, звязаныя з асэнсаваннем агульначалавечых праблем:
 

Здзіўляемся загадцы Баальбека
і некалі загадкай станем самі,
час замяце крылатымі вяхамі
імгненне,
што завецца нашым векам.

Парушацца глыбокіх нетраў дахі,
тысячагоддзяў расхінецца полаг,
адкрые нас дасужы археолаг,
адкрыўшы нашых збудаванняў гмахі.

І будзе зачароўваць рамяство
майстроў, чые пагубяцца імёны,
і вершы нашы будуць, як пісьмёны
што тояць дум высокіх хараство.

Стврэння прага будучыню кліча,
мой найхарошшы, сэрцам не грашы,
хачу заўсёды бачыць за аблічам
мне любым – хараство твае душы


    Як сведчыць апошняя страфа гэтага інтэлектуальна насычанага, удумнага па інтанацыі верша, і ў філасофскай лірыцы Р. Баравіковай выяўляецца адметны паэтычны характар лірычнай гераіні: праз зварот да "найхарошага" і прагу душэўнага хараства. Тое ж можна сказаць і пра вершы "Старэюць людзі, дрэвы і кусты...", "Жыву, і дзякуй, не ў прасторы голай".
    Сузіральна-павучальны пачатак, уласцівы жаночай лірыцы, годна выявіўся ў "Вершы да дзяцей", напоўненым сімвалічнымі вобразамі трывожнага часу і біблейскімі алюзіямі. Ён гучыць як малітва і заканчваецца запаветам будучым пакаленням: "шануй бацькоў, не ўкрадзь і не забі!". 

Похожие статьи:

Яўгенія ЯнішчыцТворчасць Яўгеніі Янішчыц

Анатоль ВялюгінТворчасць Анатоля Вялюгіна

Аляксей ПысінТворчасць Аляксея Пысіна

Янка ЗолакТворчасць Янкі Золака

Міхась КавыльЖыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля