Бабіна дарога ад печы да парогa.
Прымаўка
Патопчацца на досвітку ў двары,
свяцілу ўстаць з-за лесу дапаможа...
«Ты, сонейка, дзень добры сатвары», –
ўздыхне яна дый сядзе на парожак.
I будзе доўга, ціхая, глядзець
у неба з яснатою галубінай,
і да сябе падцягне ночвы з глінай,
і стане над падатлівай карпець...
Нязвыкла пуста ў полі i ў гаях,
бяроза без лісця дрыжыць над склепам,
мінаюць дні, а цётачка ўсё лепіць:
«Хутчэй ляпіся, птушачка мая...»
Ужо напіўся ўволю луг дажджу,
акраўкі хмар з ляшчын здымае вецер...
– Што робіш, баба? – пасмяюцца дзеці.
– Ды на па рожку, мілыя, сяджу...
Збанкі і чыгункі тырчаць на плоце,
прыблудны цуцык трэцца каля ног,
ды знаў бы хто, – жыццё прайшло
ў палёце,
хоць і было ў ім – печка ды парог.
1985
Похожие статьи:
Раіса Баравікова → Раіса Баравікова - Барбара Радзівіл
Раіса Баравікова → Творчасць Раісы Баравіковай
Раіса Баравікова → Раіса Баравікова - Верш да дзяцей
Раіса Баравікова → Раіса Баравікова - Старэюць людзі, дрэвы і кусты...
Раіса Баравікова → Раіса Баравікова - Жыву, і дзякуй, не ў прасторы голай...