Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Паралелізм

   Паралелізм (ад грэч. paralllos – той, што ідзе побач; паралельны) – сінтаксічна-кампазіцыйны прыём паралельнага размяшчэння аднатыпных элементаў паэтычнага выказвання (з’яў, вобразаў, матываў і г. д.), што супастаўляюцца паміж сабой.
   У адпаведнасці з тым, на якім узроўні – рытмічным, гукавым, сінтаксічным, страфічным, псіхалагічным – адбываецца гэта супастаўленне, вылучаюць розныя віды паралелізму.
   Сінтаксічны паралелізм – гэта аднолькавая сінтаксічная будова суседніх вершаваных радкоў. Вось прыклад з народнай песні:

 

Я б паслала пасол – не смею,
Напісала б лісток – не ўмею,
І пайшла б я сама – баюся,
Доўгая дарога – стамлюся.


   Для народнай паэзіі надзвычай характэрны псіхалагічны паралелізм, пры якім з’явы чалавечага жыцця суадносяцца са з’явамі прыроды:

 

– Зялёная дубровачка,
Чаго рана шумець стала?
Яшчэ ветры не веялі,
Дробны дажджы не капалі.


– Маладая дзяўчыначка,
Чаго рана плакаць стала?
Яшчэ сваты не ехалі,
Цябе, маладу, не сваталі.


   Тут псіхалагічны паралелізм дапаўняецца страфічным, паколькі два супастаўленыя комплексы лексічна і сінтаксічна ўкладваюцца ў аднолькавыя строфы. На псіхалагічным паралелізме поўнасцю пабудаваны верш Пімена Панчанкі «...Трэснула, грукнула, грымнула з покатам». Вось дзве заключныя страфы гэтага верша, у якіх другія – «чалавеказнаўчыя» – паловы чатырохрадкоўяў узяты нават у дужкі:


Я навальніцы люблю ачышчальныя,
Што працінаюць да донца душы.
(Кажуць, не прымуць больш касы ашчадныя
У сейфы свае махляроў барышы).

Смолкія почкі маланкай палушчаны,
Свежа і зелена. Ясныя дні.
(Кажуць, што заўтра усе алілуйшчыкі
Выступяць супраць сваёй балбатні).


   Часам у паэзіі, і ў першую чаргу ў народнай, выкарыстоўваецца так званы адмоўны паралелізм, калі адны нейкія з’явы, прадметы падаюцца праз адмаўленне іншых. Адмоўным паралелізмам, у прыватнасці, пачынаецца паэма Янкі Купалы «Бандароўна»:

 

Не віхор калыша лесам,
Не ваўкі заводзяць,
Не разбойнікі гурбою
За здабычай ходзяць.

На Ўкраіне пан Патоцкі,
Пан з Канёва родам,
З сваёй хеўрай гаспадарыць
Над бедным народам.


   Паралелізм у некаторых сваіх формах блізкі да параўнання. Але паралелізм, апрача таго, што супастаўляе з’явы, выконвае і кампазіцыйную функцыю (наладжвае структурную сувязь двух або некалькіх стылістычных кампанентаў), якой пазбаўлена параўнанне.
   Сінтаксічны паралелізм пасадзейнічаў калісьці ўзнікненню верша (у выглядзе паралельных сінтаксічных радоў), з’яўленню рыфмы (яна завяршала і фанічна падкрэслівала гэтыя рады).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.