Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сучасная літаратура Беларусі

   Сучасная літаратура Беларусі — з'ява надзвычай шматгранная і разнастайная па сваіх мастацкіх кірунках, пошуках і набытках. Яна багатая на яркія і самабытныя творчыя індывідуальнасці пісьменнікаў, што дазваляе гаварыць пра эстэтычную важкасць і разнапланавасць мастацтва слова. Зараз на літаратурнай ніве працуюць пісьменнікі розных пакаленняў і рознага творчага вопыту — ад вядомых майстроў да літаратараў маладзейшага пакалення.
   Дзякуючы такім творцам, як Васіль Быкаў, Iван Шамякін, Янка Брыль, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч і інш., наша сучасная літаратура вядомая за межамі Беларусі: у Польшчы, Германіі, Балгарыі, Чэхіі і іншых заходнееўрапейскіх краінах, былых рэспубліках СССР, а таксама пра яе дачуліся ў Кітаі, Індыі, Японіі... Творы Васіля Быкава перакладаліся больш чым на пяцьдзесят моў свету, Iвана Шамякіна — больш чым на трыццаць, на дзесятках нацыянальных моў загучалі творы іншых беларускіх пісьменнікаў — творы, якія прынеслі іх аўтарам вядомасць і прызнанне. Слушна і справядліва сёння гаворыцца пра тое, што творчасць Васіля Быкава — "з'ява не толькі ў беларускай, але і... у сусветнай літаратуры, у сусветнай прозе". Трэба пагадзіцца з Рыгорам Барадуліным, які зазначае, што "любая літаратура можа сказаць, што яна багатая і сталая, калі мае свайго Уладзіміра Караткевіча". Творчасць сучасных пісьменнікаў Беларусі і ў 90-я гады працягвае знаходзіць пэўны рэзананс і прызнанне ў свеце. Пра гэта сведчаць міжнародныя літаратурныя прэміі, якімі адзначана творчасць Васіля Быкава, Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч, Сяргея Законнікава, а таксама такія красамоўныя факты, як выхад паэтычных кніг Алеся Разанава ў Польшчы ("Заваёўнікі", "Падарунак хроснай маці"), Балгарыі ("Страшны суд"), Германіі ("Знакі вертыкальнага часу"), публікацыя прозы Андрэя Федарэнкі ў нью-ёркскім англамоўным часопісе "Ікарус" і інш. Разам з тым, на зыходзе XX стагоддзя беларускае мастацкае слова выходзіць за межы рэспублікі не так і часта, паколькі паслабіліся культурныя і літаратурныя сувязі між рознымі краінамі, з'явіўся дыктат рынкавых, камерцыйных адносінаў, а гэта памяняла інтарэсы і попыт у грамадстве на мастацкія творы (папулярнай стала так званая "масавая" літаратура — дэтэктывы, трылеры, меладраматычныя тэксты, эратычныя творы і інш.), звузіла сферу перакладу, асабліва на рускую мову, і г. д. Лепшыя найноўшыя творчыя набыткі сучасных пісьменнікаў знаходзяць перарастварэнне на рускую мову ў часопісах "Нёман", "Всемирная литература", але — зноў трэба заўважыць — яны не маюць такога шырокага, як хацелася б, кантакту з чытачом у блізкім і далёкім замежжы.
   Таленавітыя творы і кнігі нашых сучасных пісьменнікаў выклікаюць цікавасць, прыхільнасць у чытачоў і крытыкі на сваёй радзіме, знаходзяць заслужанае грамадскае прызнанне. Толькі ў другой палове 80-х — 90-я гады Дзяржаўнай прэміяй Беларусі была адзначана творчасць Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Кудраўца, Вячаслава Адамчыка, Міхася Стральцова, Міколы Матукоўскага, Алеся Разанава, Алега Лойкі, Алеся Звонака, Сяргея Грахоўскага, Сяргея Законнікава, Алеся Жука, Раісы Баравіковай, Генрыха Далідовіча і іншых аўтараў, чыё слова пазначана пячаткай таленту. У 1998 годзе Дзяржаўную прэмію рэспублікі атрымалі Уладзімір Някляеў за кнігу паэзіі "Прошча" і Мікола Мятліцкі за паэтычную кнігу "Бабчын".
    Лепшыя мастацкія дасягненні сучаснай беларускай літаратуры выраслі на нацыянальным грунце, у іх надзвычай цэласна і непаўторна ўвасобіліся глыбінныя імкненні і парывы чалавечага духу, беларускі характар і прыгажосць народнай душы, дыялектыка часу і пакуты людзей на зломе гістарычных падзей. Наша мастацкае слова найперш паказвае непераходнасць нацыянальных вытокаў і традыцый, паэтызуе родную зямлю, радзіму, прыроду, раскрывае народны лад жыцця, спавядае вечныя чалавечыя каштоўнасці.
   1985-1986 гады сталі ў значнай ступені памежнымі і лёсавызначальнымі як у жыцці тагачаснага савецкага грамадства, так і ў развіцці літаратуры. Менавіта ў сярэдзіне 80-х былі абвешчаны так званыя перабудова і галоснасць. Тады красавіцкі (1985 г.) пленум ЦК КПСС, а неўзабаве і XXVII партыйны з'езд змянілі палітычны курс дзяржавы (Беларусь на той час знаходзілася ў складзе СССР), скіравалі да крытычнага асэнсавання мінулага, дэмакратычных пераменаў, аднаўлення агульначалавечых маральных каштоўнасцяў. Перад пісьменнікамі адкрыліся перспектывы якасна новага мыслення, выслабанення ад рознага роду негатыву, пераацэнкі ранейшых поглядаў і набыткаў, з'явіліся большыя магчымасці для творчага самавыяўлення і эстэтычных пошукаў. Мастацкая літаратура дагэтуль знаходзілася ў моцных абручах ідэалогіі КПСС, у палоне метаду сацыялістычнага рэалізму, але паслабленне таталітарнай сістэмы па сутнасці выклікала палітычную адлігу, рэнесансавую вясну, працэс пазбаўлення ў духоўна-творчым жыцці ад прыкрага кансерватызму, многіх догмаў, схем, дэфармаваных палітыкай уяўленняў пра чалавека і свет. У такіх абставінах да мастака слова прыйшло адчуванне ўнутранай свабоды, з'явілася прага абнаўлення і ачышчэння, спавядання ідэалаў сумленнасці і красы жыцця, праўды і гуманізму. Сярэдзіна 80-х гадоў, як некалі і сярэдзіна 50-х, прынесла грамадству значныя пазітыўныя зрухі і вялікія надзеі на будучыню.
   Толькі ва ўмовах сучаснасці, пазначанай дэмакратычнымі павевамі, маглі з'явіцца аповесці Васіля Быкава "Аблава" і "Сцюжа", Івана Шамякіна "Ахвяры", "спавядальніцкая" паэзія і проза Сяргея Грахоўскага (кнігі "I радасць, і боль", "Споведзь"), Алеся Звонака (Зборнік паэзіі "Светлацені"), Паўла Пруднікава (кніга "Познія ягады"), Васіля Супруна (Зборнік вершаў "Крык"), Сяргея Новіка-Пеюна (кніга лірыкі "Песні з-за кратаў") і інш. Чытач атрымаў магчымасць пазнаёміцца з напісанымі раней "лагернымі" вершамі і дзённікам Ларысы Геніюш (кнігі "Белы сон" і "Споведзь"), дакументальнай прозай Барыса Мікуліча ("Аповесць для сябе"). Ва ўсіх згаданых кнігах і творах упершыню ў нашай літаратуры шырока адкрылася балючая і жудасная праўда пра гвалтоўнае знішчэнне народа, пакутны лес чалавека ў гады сталінізму.
   Беларускія пісьменнікі імкнуцца крытычна асэнсаваць урокі нашай гісторыі, асабліва часта яны скіроўваюць свой позірк у даваенны час, дзе справядліва знаходзяць першавытокі зла, сучасных сацыяльных і маральных праблем. Свой адбітак на сучасную літаратуру наклала сама гісторыя XX стагоддзя. Чалавек, грамадства зведалі ахвярнасць крыві і слёзы, нянавісць і страх, іх напаткалі шматлікія беды і трагедыі, самыя жахлівыя сярод якіх — сталінскі генацыд, сусветная вайна, Чарнобыль. Глыбокае мастацкае слова пра перажытыя выпрабаванні чалавекам і народам у нашым XX стагоддзі выказалі Рыгор Барадулін у паэтычных кнігах "Самота паломніцтва" (1990) і "Міласэрнасць плахі" (1992), Янка Сіпакоў у Зборніку паэм у прозе "Ахвярны двор" (1991), Васіль Зуёнак у кнігах паэзіі "Чорная лесвіца" (1992) і "Пісьмы з гэтага свету" (1995), Пятрусь Макаль у Зборніку "Твар і душа" (1995), Васіль Быкаў у кнізе прозы "Сцяна" (1997), Іван Навуменка ў аповесцях "Любімы горад" (1996), "Вір" (1997), Іван Чыгрынаў у раманах "Вяртанне да віны" (1994) і "Не ўсе мы згінем" (1996), што ўваходзяць у так званую "верамейкаўскую хроніку", Віктар Карамазаў у рамане "Бежанцы" (1993), Генрых Далідовіч у рамане "Заходнікі" (1992) і інш.
   Красавік 1986 года спарадзіў жудасную бяду — выбух на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, і гэтая катастрофа зрабіла жыццё і лёс Беларусі трагедыйна зломнымі, расколатымі на розныя перыяды: да Чарнобыля і пасля Чарнобыля. Паступова Чарнобыль кардынальна памяняў погляды і ўяўленні беларускіх пісьменнікаў, паўплываў на іхняе светабачанне і светаадлюстраванне — прадвызначыў драматычны пафас, сумныя і змрочныя фарбы. Чарнобыльская трагедыя стала вярэдлівай і балючай тэмай сучаснай літаратуры. Пра нацыянальную трагедыю, якую прынёс на нашую зямлю Чарнобыль, узрушана і хвалююча гавораць Іван Пташнікаў (апавяданне "Львы"), Іван Шамякін (раман "Злая зорка"), Віктар Казько (аповесць "Выратуй і памілуй нас, чорны бусел", апавяданні "Нахаў", "Сенакос у канцы красавіка"), Віктар Карамазаў (аповесць "Краем Белага шляху"), Сяргей Законнікаў (паэмы "Чорная быль" і "Зязюля"), Янка Сіпакоў (паэма "Одзіум"), Мікола Мятліцкі (Зборнікі паэзіі "Палескі смутак" і "Бабчын"), Мікола Матукоўскі (п'еса "Бездань"), Аляксей Дудараў (драма "Адцуранне") і інш. Чарнобыльская тэма набыла шырокае трагедыйнае гучанне і ў суседняй — украінскай — літаратуры, пра што сведчаць паэма Барыса Алейніка "Сем", раман Уладзіміра Яварыўскага "Марыя з палыном у канцы стагоддзя" і інш.
   Другая палова 80-х — 90-я гады — час надзвычай зменлівы, а ў літаратурным жыцці — гэта гады, пазначаныя з'яўленнем новых тэм і вобразаў. Мастацкая літаратура асэнсоўвае наша складанае жыццё і раскрывае разнастайныя бакі чалавечага побыту. Праўда, паэзіяй сучасная тэматыка асвойваецца больш аператыўна, паколькі яна з'яўляецца найбольш мабільным жанрам літаратурнай творчасці. Нераўнадушным летапісцам сучаснасці па-ранейшаму застаецца Іван Шамякін. Пісьменнік імкнецца не толькі праўдзіва паказаць дзень сённяшні з яго вострымі праблемамі, але і выявіць маральна-этычны змест чалавечага існавання і быцця ўвогуле, выказаць уласнае, часам крытычнае і палемічнае слова, звязанае з непрыманнем той ці іншай Негатыўнай з'явы ці тэндэнцыі ў жыцці грамадства. Галоўнае, што гэты празаік стаіць на пазіцыях агульначалавечай маралі, турбуецца пра годнае ўладкаванне рэчаіснасці, захаванне духоўнасці і гуманізму. Аднак, відаць, не кожны чытач зможа прыняць пісьменніцкую спробу рэабілітаваць савецкае мінулае, камуністаў, як, напрыклад, у аповесці "Выкармак" (1996) ці дзённікавых запісах "Роздум на перагоне" (1998). Крытычна-рэалістычнае адлюстраванне сучаснага жыцця характэрна для аповесцяў Івана Шамякіна "Драма", "Сатанінскі тур", "Paradis auf erden" ("Зямны рай"), "Вернісаж", "Падзенне", "Без пакаяння", "Палеская мадонна", "Крывінка", "Завіхрэнне" і інш. Разам з тым, шэраг сцэн і эпізодаў у творах пісьменніка (кнігі прозы "Сатанінскі тур", 1995 і "Палеская мадонна", 1998) нагадвае нечым літаратуру абсурду, бо, згушчаючы фарбы, драматызуючы сюжэт і выклікаючы тым самым шок, пісьменнік раскрывае анамальныя і жахлівыя з'явы сённяшняй рэчаіснасці. Жыццё ўсё часцей дае празаіку падставы для гаворкі пра маральную дэградацыю нашага сучасніка, абсурднасць існавання ў свеце, дзе губляюцца вечныя духоўныя каштоўнасці.
   Сучасны літаратурны працэс развіваўся то актыўна, то запавольваў рух, то зноў набіраў дынаміку, набываў новыя рысы. У другой палове 80-х на авансцэну выйшла амбітная і шумная суполка маладых літаратараў "Тутэйшыя" (аб'ядналіся "Тутэйшыя" ў 1987 годзе). Гэта былі дзеці перабудовы, якія абвяшчалі гучныя маніфесты, шмат чаго дэкларавалі, браліся, як у 20-я гады "маладнякоўцы", "у рожкі са старымі", адваёўвалі права на паўнаўладнае становішча ў літаратурным жыцці. Не абыходзілася без негатыўных момантаў, але бачылася і станоўчае: імкненне пазбавіцца кан'юнктуры, канфармізму і пісаць па-іншаму. Аднак, як прызнаўся крытык і адзін з "тутэйшых" Сяргей Дубавец, у дзейнасці таварыства было больш палітыкі, чым літаратурных памкненняў і набыткаў. Зрэшты, "Тутэйшыя" ў той час збіралі нямала сваіх прыхільнікаў і слухачоў у Доме літаратара ў Мінску, знаёмілі са сваёй творчасцю. У 1989 годзе пабачыў свет зборнік твораў сяброў суполкі, які меў назву "Тутэйшыя".
   Падчас так званай перабудовы пачаў выходзіць дадатак "Бібліятэка часопіса "Маладосць" (заснавана ў 1988 годзе). Дванаццаць кніжак штогод папаўняюць беларускую літаратуру (у лістападзе 1996 года ў "Бібліятэцы..." выйшла 100-я кніжка), што істотна ажыўляе літаратурны працэс, сведчыць пра ягоныя маладыя сілы. У літдадатку выдалі свае першыя кніжкі дзесяткі маладых аўтараў — паэтаў, празаікаў, крытыкаў. У "Бібліятэцы..." пабачылі свет вершаваныя кнігі Анатоля Сыса, Людмілы Рублеўскай, Алеся Аркуша (Козіка), Эдуарда Акуліна, Міхася Скоблы, братоў Анатоля і Васіля Дэбішаў, Юрася Пацюпы, Андрэя Гуцава, Святланы Явар (Сачанкі) і многіх іншых. У той жа час "Маладосць" дапамагла выдаць свае першыя Зборнікі тым аўтарам, якія дэбютавалі яшчэ ў 70-я — першай палове 80-х гадоў і прыпазніліся з выданнем сваіх кніг — Анатолю Шушко, Кастусю Цыбульскаму, Станіславу Валодзьку, Вользе Русілцы і інш. У дадатку "Маладосці" выйшлі кніжкі празаікаў Андрэя Федарэнкі, Анатоля Казлова, Алеся Наварыча (Трушко), Адама Глобуса (Адамчыка), Барыса Пятровіча (Сачанкі), Уладзіміра Клімовіча, Анатоля Крэйдзіча і інш., кнігі крытыкаў Сяргея Кавалёва, Івана Афанасьева, літаратуразнаўчае эсэ Язэпа Янушкевіча і інш.
   Пасля 1991 года ў жыцці грамадства пачаўся постсавецкі час. Адбыўся развал магутнай савецкай імперыі, у выніку чаго Беларусь стала незалежнай дзяржавай. КПСС страціла манаполію на ўладу, паколькі яе дзейнасць была прыпынена і асуджана. Набіралі моц адраджэнскія працэсы: беларуская мова займела дзяржаўную падтрымку, адчыніліся беларускія школы, новыя тэатры, роднае слова загучала ў Вярхоўным Савеце, пачалі мяняцца праграмы па літаратуры ў школе і інш. У краіне быў узяты курс на адраджэнне беларускай культуры, мовы, нацыянальнай і гістарычнай свядомасці.
   Адрадзіліся ці пачалі выходзіць новыя газеты ("Культура", "Наша слова", "Наша ніва" і інш.), адкрываліся новыя недзяржаўныя выдавецтвы, якія пачалі выдаваць беларускія кнігі ці кнігі на беларускай мове ("Лекцыя", "Асар", "Тэхналогія" і інш.). У 1992 годзе пабачыў свет першы нумар часопіса "Першацвет", які стаў выданнем маладых літаратараў Беларусі. У другой палове 90-х гадоў узніклі літаратурныя выданні, якія пачалі пашыраць абсягі чытацкага светапогляду, — часопісы "Фрагменты" і "ARCHE".
   У 1993 годзе ўзнікла літаратурная суполка "Таварыства вольных літаратараў". Сябры гэтага таварыства арганізавалі выдавецтва "Полацкае ляда" і наладзілі выхад часопіса "Калосьсе". "Полацкае ляда" выдала кнігі Юры Гуменюка, Алеся Аркуша, Ігара Сідарука, Людкі Сільновай, Леры Сом і інш. Для большасці "вольналітаратарцаў" характэрна арыентацыя на авангард, адмаўленне сістэмы традыцыйнага мыслення. Яскравы прыклад таму — Зборнікі Ю. Гуменюка "Водар цела" (1992) і "Твар Тутанхамона" (1994), дзе паэт бунтуе супраць сацрэалізму, сервільнасці і кан'юнктурнасці гэтага мастацтва, дэманструе постмадэрнісцкія вершаваныя практыкаванні, звязаныя з неардынарным, нават нечаканым вобразным і стылёвым ладам выказвання. На Украіне падобны маладзёжны авангардны рух у літаратуры разгарнула суполка "Бу-Ба-Бу" (Юрый Андруховіч, Аксана Забужко і інш.).
   Пачынаючы з другой паловы 80-х гадоў, беларуская літаратура яшчэ шырэй супрычынілася да таго, што вядома сусветнаму мастацкаму слову, і тым самым пачала выходзіць за круг традыцыйнага, даўно вядомага і асвоенага, эксперыментаваць, узбагачаць свае формы і стылёва-выяўленчыя сродкі. Метад сацрэалізму, як і ўвогуле наданне прыярытэтнай, выключнай ролі рэалістычнаму адлюстраванню свету, у немалой ступені скоўваў творчую фантазію пісьменніка, пазбаўляў яго многіх цікавых мастацкіх набыткаў і знаходак. Між тым, некаторыя паэты, празаікі, драматургі звярталіся да нерэалістычных мастацкіх прыёмаў, з поспехам выкарыстоўвалі мадэрнісцкую сістэму стылёва-выяўленчых сродкаў, але пра гэта не прынята было гаварыць як пра станоўчую з'яву, паколькі лічылася, што мадэрнісцкая творчасць абмежаваная ў сваіх мастацкіх магчымасцях выказвання, неэстэтычная і з'яўляецца ўвасабленнем буржуазнай ідэалогіі, варожай духу савецкага чалавека. Авангардызм ці мадэрнізм, якія можна лічыць паняццямі амаль раўнапраўнымі, гэта па сутнасці новае светаадчуванне, якое пярэчыла нарматыўнасці мастацтва, адыходзіла ад рэалістычнай традыцыі і несла з сабой раскаванае выяўленне "я" асобы, дэфармацыю першаснага вобраза рэчаіснасці, разнастайныя кампазіцыйныя, стылёвыя, графічныя прыёмы пісьма і інш. Авангарднымі можна лічыць эксперыменты і навацыі Максіма Танка ў галіне вершаванай паэтыкі. Ягоны верлібр (свабодны верш) у 60-90-я гады асабліва актыўна спрыяў усталяванню новага тыпу мастацкага мыслення і выяўлення — асацыятыўна-раскаванага, алегорыка-філасофскага, а таксама расхістваў звыклы паэтычны сінтаксіс, узбагачаў кампазіцыйныя і фармальна-стылёвыя магчымасці паэтычнага слова. Мадэрнісцкія (новыя) рысы несла таксама мастацкая творчасць паэта Алеся Наўроцкага, пазней — Алеся Разанава, драматургаў Андрэя Макаёнка, Анатоля Дзялендзіка і некаторых іншых пісьменнікаў.
   Увасабленне філасофіі экзістэнцыялізму — зварот да аналізу індывідуальнага свету і свядомасці чалавека, асуджанага на маральныя пакуты і смерць — стала глыбокай асновай мастацкай прозы Васіля Быкава, аповесці і апавяданні якога "Сотнікаў", "Абеліск", "Аблава", "На Чорных лядах", "Сцяна" і іншыя звязаны з экзістэнцыйнай літаратурай, і найперш з творамі Альберта Камю, Жана-Поля Сартра. Повязь з экзістэнцыялізмам выяўляецца ў паэтычных кнігах Максіма Танка "Мой каўчэг" і "Errata", аповесці Віктара Казько "Да сустрэчы...", п'есах Аляксея Дударава "Парог", "Радавыя" і некаторых іншых творах сучаснай літаратуры, дзе востра стаяць праблема чалавечай душы, трагізму яе існавання, праблема маральнага выбару.
   Наогул жа трэба адзначыць, што сітуацыя постсавецкага часу аказалася няпростай для мастацкай літаратуры: разбураліся светапоглядныя ідэі і канцэпцыі, нежыццяздольнымі аказаліся ранейшыя мадэлі і схемы. Адбывалася ўнутраная духоўная перабудова і пераакцэнтацыя ў поглядах на творчасць, ішло абнаўленне і пераструктураванне літаратуры як мастацтва слова. Прыярытэт набывалі ідэя нацыянальнага адраджэння, пафас гуманізацыі чалавека і жыцця, і ўсё гэта разам узятае вельмі адчувальна прадвызначала развіццё беларускай літаратуры ў сучасных умовах. Не адразу і не ў адначассе аказаліся зжытыя пісьменнікамі старыя "хваробы", звязаныя з мастацкім паказам рэчаіснасці, бо далі пра сябе знаць стэрэатыпы, клішэ ў адлюстраванні падзей, перш за ўсё гэта ілюстрацыйнасць і апісальнасць, гучная рыторыка і павучальнасць манеры гаворкі. Усё новае, як вядома, нараджаецца цяжка, нярэдка праз метад спроб і дамы лак. Але 90-я гады мянялі пазіцыі, арыенціры, падыходы. У 1994 годзе іншае аблічча і іншую скіраванасць набыў часопіс "Крыніца", які абраў інтэлектуальна-філасофскі, культуралагічны кірунак, даў чытачу магчымасць пазнаёміцца з многімі цікавымі арыгінальнымі і перакладнымі мастацкімі творамі. Прыкметна абнавілі свае старонкі часопісы "Маладосць" і "Полымя". На старонках "Маладосці", да прыкладу, можна знайсці і фантастычную прозу, і творы містычнага зместу, і дэтэктывы...
   Сапраўды, сучаснасць — і гэта надзвычай важны момант — істотна відазмяніла і ўзбагаціла мастацкую свядомасць. Сёння беларуская літаратура як бы праходзіць "паўтарыцельны курс" (выраз Максіма Багдановіча) сусветнага эстэтычнага вопыту. З гэтае прычыны ідуць актыўныя мастацкія пошукі, звязаныя з выпрацоўкай новых форм мыслення, зараджаюцца ўзоры мадэрнісцкай і постмадэрнісцкай (якая хоча паяднаць традыцыйнае і мадэрнісцкае светаадлюстраванне) літаратуры. Многія творцы адчулі "другое дыханне", пішуць на якасна іншым мастацкім узроўні, імкнуцца разнастаіць палітру свайго мастацкага пісьма. Усё часцей у літаратурных тэкстах выкарыстоўваюцца нерэалістычныя сродкі — такія, як сімволіка і складаныя метафары, фантасмагорыя і абсурд, плынь свядомасці і іншыя разнастайныя прыёмы і элементы. Прыкладам тут могуць паслужыць раман Уладзіслава Рубанава "Неаднойчы забіты", аповесць Андрэя Федарэнкі "Смута, або XII фантазій на адну тэму", алавяданне Пятра Васючэнкі "Белы мурашнік", п'еса Міколы Арахоўскага "Ку-ку" і інш. Шмат навацый, неардынарных праяў назіраецца ў творчасці такіх пісьменнікаў, як Алесь Разанаў, Алесь Асташонак, Уладзімір Арлоў, Барыс Пятровіч, Юры Станкевіч, Адам Глобус, Галіна Булыка, Віктар Шніп, Людка Сільнова, Юры Гумянюк, Ігар Сідарук і інш.
   У рэчышчы сучасных мастацкіх шуканняў нарадзілася нямала эксперяментальных літаратурных практыкаванняў. Асабліва шмат новага, часам нязвычнага, на здзіўленне экзатычнага звязана з творамі маладых аўтараў. Напрыклад, у 1995 годзе прыкметна заявіў пра сябе "Бум-Бам-Літ" — літаратурны рух моладзі, у авангардзе якога знаходзяцца Зміцер Вішнёў, Алесь Туровіч, Серж Мінскевіч, Ілля Сін і інш. (творы "бум-бам-літаўцаў" друкавалі газеты "ЛіМ", "Культура", часопіс "Крыніца", З. Вішнёў выдаў кніжку "Штабкавы тамтам"). Маладыя дэманструюць разнастайныя авангардысцкія тэксты, шырока карыстаюцца прыёмамі гульні, эпатажу, прымітывізму, імкнуцца ў літаратуры да таго, як яны кажуць, каб "зрабіць бум". Моладзь на тое і моладзь, каб шукаць новае, эксперыментаваць і здзіўляць. А тое штучнае, крыклівае, прэтэнцыёзнае, што ствараецца імі сёння, з узростам, напэўна, убачыцца крыху па-іншаму.
   Значнага плёну дасягнулі беларускія літаратары на ніве мастацкага перакладу. У 80-90-я гады шмат перакладзена сусветна вядомых аўтараў з англійскай, нямецкай, французскай, польскай, чэшскай і іншых замежных моў. Працягвалі сваю перакладчыцкую дзейнасць Максім Танк, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін, Янка Сіпакоў, Алесь Разанаў і іншыя пісьменнікі. Максім Танк у Зборніку "Errata" змясціў пераклады твораў многіх польскіх аўтараў: Ежы Леца, Баляслава Лесьмяна, Тадэвуша Ружэвіча, Чэслава Мілаша і інш. Ніл Гілевіч выдаў на беларускай мове кнігі балгарскіх паэтаў — Хрыста Радзеўскага ("Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы"), Любаміра Леўчава ("Мелодыя для флейты") і інш. Як таленавіты перакладчык з розных моў сцвердзіў сябе Язэп Семяжон. У 1985 годзе выйшаў перараствораны на нашу мову славуты "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, пазней пабачыў свет томік выбранай паэзіі Джорджа Байрана "Лірыка" (1989), а ў Зборніку Уільяма Шэкспіра "Тры камедыі" (1989) змешчаны зробленыя ім пераклады дзвюх п'ес гэтага знакамітага драматурга "Дванаццатая ноч, альбо Чаго пажадаеце" і "Утаймаванне наравістай". Прыкметнай з'явай культурнага жыцця ў рэспубліцы сталі пераклады біблейскіх тэкстаў Анатолем Клышкам і Васілём Сёмухам, а таксама выхад на беларускай мове рамана Томаса Мана "Доктар Фаўстус" (пераклад з нямецкай В. Сёмухі), славутай Дантэвай "Боскай камедыі" (пераклад з італьянскай Уладзіміра Скарынкіна). У нашы дні пабачыла свет нямала перакладных кніг паэзіі: Фрыдрыха Шылера "Улада песняспеву" (пераклад з нямецкай Алега Лойкі), Адама Міцкевіча "Дзяды" (пераклад з польскай Сержа Мінскевіча), Леапольда Стафа "Высокія дрэвы" (пераклад з польскай Алега Мінкіна), Віславы Шымборскай "Свет, варты вяртання" (пераклад з польскай Ніны Мацяш) і інш. У другой палове 80-х — 90-я гады ў серыі "Бібліятэка замежнай прозы" (выдавецтва "Мастацкая літаратура") выйшлі творы многіх аўтараў у перакладзе на беларускую мову: Юзафа Ігнацы Крашэўскага "Хата за вёскай" (пераклад з польскай Пятра Бітэля), Леангарда Франка "Ісусавы вучні" (пераклад з нямецкай Гундулы і Уладзіміра Чапегі), Карсана Маккалерса "Балада пра сумнае кафэ" (пераклад з англійскай Уладзіміра Шчаснага), Маю Ласілы "Басяк з таго свету; Ад вялікага розуму" (пераклад з фінскай Уладзіміра Арлова і Якуба Лапаткі), Жана-Поля Сартра "Мур" (пераклад з французскай Зміцера Коласа), Грэма Грына "Стамбульскі экспрэс" (пераклад з англійскай Вадзіма Небышынца), Штэфана Цвэйга "Пякучая таямніца" (пераклад з нямецкай Уладзіміра Чапегі), Жоржа Сіменона "Пад страхам смерці" (пераклад з французскай Алеся Асташонка), Генрыха Бёля "Більярд а палове дзесятай" (пераклад з нямецкай Лявона Баршчэўскага), Джорджа Оруэла "Ферма", "1984" (пераклад з англійскай Сяргея Шупы), Станіслава Лема "Салярыс" (пераклад з польскай Максіма Валошкі) і інш. П'есы выдатных майстроў сусветнай драматургіі Сэмюэла Бэкета, Фрыдрыха Дзюрэнмата, Эжэна Ёнэско, Альбэра Камю, Жана-Поля Сартра, Славаміра Мрожака, Вацлава Гавела склалі Зборнік "Пры зачыненых дзвярах" (1995), а пераклады драматургічных твораў з французскай мовы зроблены Зміцерам Коласам, з англійскай, нямецкай і чэшскай моў — Лявонам Баршчэўскім, з польскай — Міхаілам Дубянецкім. Як мы пераконваемся, сучасная культурная і літаратурная сітуацыя ў Беларусі характарызуецца прыкметным узрастаннем цікавасці да набыткаў сусветнага мастацтва.
   Літаратура ў Беларусі ствараецца не толькі на беларускай, але і іншых мовах. Найбольш значная і шматлікая — рускамоўная літаратурная плынь. З вядомых рускамоўных пісьменнікаў Беларусі трэба назваць Святлану Алексіевіч, Мікалая Чаргінца, Веніяміна Блажэннага (Айзенштата), Аляксандра Дракахруста, Навума Кісліка, Анатоля Сульянава, Давіда Сімановіча, Генадзя Бубнава, Івана Бурсава, Барыса Казанава, Любоў Турбіну, Алену Папову, Радзіслава Лапушына і інш. У нашай рэспубліцы заўсёды стваралася шматмоўная літаратура. Дзвюма мовамі — рускай і беларускай — карыстаўся вядомы пісьменнік Алесь Адамовіч, на гэтых жа мовах пішуць свае творы Валянцін Тарас, Эрнест Ялугін, Міхась Шэлехаў, Аляксандр Станюта і інш. На ідыш і рускай мовах публікуецца старэйшы пісьменнік Рыгор Рэлес, на беларускай і ідыш — Фелікс Баторын і некаторыя іншыя пісьменнікі. Карлас Шэрман піша на іспанскай мове, а таксама пераклаў на гэтую мову творы беларускіх класікаў і нашых сучаснікаў. У Беларусі жыве і працуе курд Ганад Чарказян (піша на курдскай і армянскай), кнігі якога выходзілі ў Мінску ў перакладах на беларускую і рускую мовы: "Пространство и время", "Караваны гор", "Камни печали" і інш. Не толькі беларуская, але таксама і іншамоўная літаратура Беларусі заслугоўвае асобнага разгляду і вывучэння. Далей гаворка пойдзе пра мастацкую творчасць прадстаўнікоў літаратуры карэннага этнасу. Аднак, галоўнае, мы пераканаліся, што літаратурнае жыццё нашых дзён шматмернае і шматаблічнае.
   Сучасная літаратура — гэта не толькі літаратура, якая ствараецца на тэрыторыі Беларусі, але і за межамі рэспублікі: у Амерыцы, Канадзе, Аўстраліі і іншых краінах. Ствараюць яе пераважна пісьменнікі, якія ў свой час па розных прычынах эмігравалі з Беларусі. З найбольш вядомых прадстаўнікоў літаратуры замежжа трэба назваць Янку Юхнаўца, Рыгора Крушыну, Кастуся Акулу, Міхася Кавыля, Янку Золака, Уладзіміра Дудзіцкага і некаторых іншых пісьменнікаў. Своеасаблівай анталогіяй паэзіі беларускай эміграцыі стала выдадзеная ў Беларусі кніга "Туга па Радзіме" (1992). Пабачылі свет на бацькаўшчыне кнігі пісьменнікаў замежжа: "Змагарныя дарогі" (1994) Кастуся Акулы, "Сны на чужыне" (1994) Я. Юхнаўца і інш.
   Прыкметная старонка ў сучаснай беларускай літаратуры належыць пісьменнікам Беласточчыны (Польшча). У сябе на радзіме яны згуртаваліся ў літаб'яднанне "Белавежа". Сярод "белавежцаў" вылучаюцца яркія творчыя індывідуальнасці Алеся Барскага, Сакрата Яновіча, Яна Чыквіна, Віктара Шведа, Міхася Шаховіча, Надзеі Артымовіч, Міколы Гайдука, Зосі Сачко, Міры Лукшы і інш. Кнігі беластоцкіх літаратараў выходзілі як у Польшчы, так і ў Беларусі: "Мой бераг" (1975) і "Лірычны пульс" (1987) Алеся Барскага, "Сярэбраны яздок" (1978), "Самасей" (1992), "Сцяна" (1997) С. Яновіча, "З неспакойных дарог" (1993) Н. Артымовіч і інш. Геаграфічная карта нашай літаратуры, як бачым, нашмат шырэйшая і маштабная, чым нам уяўлялася раней.
   Сучасны этап беларускай літаратуры ў цэлым характарызуецца дынамікай развіцця, узбагачэннем прынцыпова новых рысаў і якасцяў. I ў той жа час мастацтва слова на сваім шляху зведвае пэўныя складанасці і супярэчнасці.
   Ва ўмовах рынку ўзніклі цяжкасці з выданнем беларускай мастацкай літаратуры, падаюць тыражы літаратурных часопісаў. У розных пісьменніцкіх асяродках часам існуе адметны погляд на літаратурныя з'явы і тэндэнцыі, зрэдку ўзнікаюць спрэчкі пра традыцыі і наватарства, пра суадносіны палітыкі і мастацтва, "паэзію чыстай красы" ў кантэксце сучаснасці і літаратуры ўвогуле (можна прыгадаць хаця б анкету "ЛіМа", якая друкавалася на старонках штотыднёвіка вясной-летам 1996 года). На жаль, беларуская літаратура доўгія гады ў так званы "савецкі перыяд" выракалася сваёй існасці, ідэалогія перашкаджала мастаку быць песняром красы і выразнікам свайго "я". Радасці вечных пачуццяў, інтымнаму самавыяўленню проціпастаўлялася ідэйна-палітычная змястоўнасць. Напрыканцы XX стагоддзя зноў дае пра сябе знаць праблема ўзаемастасункаў пісьменніка і палітыкі, паколькі перад грамадствам востра паўсталі многія пытанні сацыяльнага і нацыянальнага быцця. Грамадска-палітычныя перыпетыі найбольш абвостраную рэакцыю выклікаюць у сучасных паэтаў, пра што красамоўна сведчаць грамадзянска-патрыятычныя вершы, вершаваная публіцыстыка.
   Сучаснае мастацкае мысленне — з'ява шматслойная, шматнакірункавая, а гэта фармуе шырокі стылёва-выяўленчы дыяпазон беларускай літаратуры памежжа XX і XXI стагоддзяў. Сучаснасць з яе літаратурнымі набыткамі і пошукамі прадвызначае лёс і эвалюцыю нашага мастацтва слова ў будучым.

Похожие статьи:

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская драматургія

Сучасная літаратура БеларусіТэма Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай беларускай прозе

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская паэзія, яе тэмы і вобразы

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза

Сучасная літаратура БеларусіСучасная беларуская проза