Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Шамякін - Злая зорка
У цэнтр пісьменніцкай увагі не магла не трапіць такая трагічная падзея, як Чарнобыль. Найвялікшая драма сучаснасці і ўсяго XX стагоддзя магутна скаланула свядомасць і сумленне ўсёй беларускай нацыі. Водгук Івана Шамякіна на чарнобыльскую катастрофу стаў вострай унутранай патрэбай чалавека, што нарадзіўся на Гомельшчыне — у палескім краі, які моцна засыпала радыеактыўная атрута і якому нечуванае ліха давялося зведаць спаўна. Думаецца, істотнае значэнне ў напісанні гэтага твора мелі паездкі пісьменніка на роднае Палессе, дзе ён увачавідкі сустрэўся з людской бядой і горам. Раман І. Шамякіна «Злая зорка» (1991) — першае вялікае эпічнае палатно ў беларускай прозе, у якім адлюстраваны трагедыя Чарнобыля і яго наступствы. Пісьменнік усебакова асэнсаваў маральныя перадумовы вялікай бяды, з суровай праўдзівасцю паказаў дні цяжкіх выпрабаванняў і пакутаў беларускага народа.
«Злая зорка» напісана з сацыяльна-публіцыстычным і гуманістычным пафасам. Праз лёсы сем'яў Пустаходаў і Пыльчанкаў празаік раскрывае несправядліва зломную долю, драматызм быцця нашага народа. Сцэна вяселля Глеба Пыльчанкі і Ірыны Пустаход, з якой пачынаецца раман, набывае трагедыйнае гучанне. Замест вялікай радасці жыцця прыйшла бяда. Атручаны зямля, прырода, Чарнобыль зрабіў людзей выгнаннікамі. Тыповы лёс раскіданага гнязда напаткаў сям'ю Пустаходаў, якая аказалася ў зоне адсялення. Радыяцыя не раз прымушае Пустаходаў і іншых чарнобыльцаў ратавацца ў бежанстве. Пісьменнік уражліва паказвае ўвесь трагізм разрыву чалавека з роднай зямлёй, сваімі адвечнымі каранямі. Злавесны сэнс у творы набывае той факт, што першай ад Чарнобыля гіне жанчына-маці, пакідаючы дзяцей сіротамі. Гэтая жанчына — Ліза Пустаход, якая перадусім стала ахвярай маральнага Чарнобыля. Старшыня калгаса Карака (таго калгаса, куды перасяліліся Пустаходы), уладалюбівы і дэспатычны, не даў ёй каня: «Абраза, крыўда болем і гневам ударылі ў патыліцу, у сэрца». Гордая і сумленная Ліза, даведзеная да стрэсавага стану, надзявае хамут і барануе надзел. Сваёй ахвярай Чарнобыль зрабіў і Глеба Пыльчанку, які, працуючы на атамнай станцыі, атрымаў моцную дозу радыяцыі. Тым не менш на самым пачатку людзі не здагадваліся, што радыеактыўны попел атруціў усё жывое. Яны заставаліся заложнікамі бяды не адзін дзень, ад іх хавалі праўду. У рамане І. Шамякін часта паказвае кабінеты партыйных і савецкіх кіраўнікоў, бо менавіта там ён бачыць нараджэнне злачыннай абыякавасці, што паглыбіла народнае гора-бяду. На варце ведамасных інтарэсаў, грамадскага спакою стаіць бюракратычна-камандная сістэма, тыповым увасабленнем якой з'яўляюцца такія людзі, як першы сакратар раённага камітэта партыі Пятро Міхайлавіч Сінякоў і яго стрыечны брат Лявонцій Мікалаевіч, кіраўнік рэспубліканскага ўзроўню. Лявонцій Мікалаевіч — адзін з тых высокіх начальнікаў, хто прызвычаіўся гаварыць агульныя словы, а не вырашаць канкрэтныя справы. Стыль іх кіраўніцтва ў тым, каб праявіць уладу, што асабліва яскрава ён дэманструе на нарадзе ў Гомелі: «ЦК і ўрад ведаюць, што рабіць! І не вам указваць! Ваша справа выконваць!» Спакойна-раўнадушна ўспрымае навіну пра Чарнобыль Сінякоў, не абцяжарвае сябе хваляваннямі, хоць аварыя на АЭС нясе смерць. Ён — кіраўнік-марыянетка, перастрахоўшчык, якому бракуе смеласці, рашучасці, здольнасці прымаць самастойныя рашэнні. Уладзімір Паўлавіч Пыльчанка, старшыня райвыканкама,— поўная процілегласць Сінякову, ён у крытычных абставінах не хавае сваёй трывогі, адчувае адказнасць за лёс людзей, прадбачыць пагрозу вялікай бяды: «Невуцтва наступае! Разгільдзяйства! Безадказнасць! Самазаспакое-насць!» Пыльчанка, калі пачынаецца адсяленне, угаворвае людзей пакінуць забруджаную зону. Уладзімір Паўлавіч глыбока перажывае бяду роднай зямлі, з параненым сэрцам ідзе па ёй, востра бачыць, што нарабілі радыяцыя і чалавечая бяздумнасць, нядбайства і бяздушнасць. Чарнобыль стаў злой зоркай народнага лёсу.
Вайна ў Афганістане бачыцца ў «Злой зорцы» зусім не выпадковай тэматычнай лініяй, а, наадварот, сэнсава-канцэптуальнай і значнай. Звязана гэтая тэма з вобразам ваеннага лётчыка Барыса Пыльчанкі, які другі раз патрапіў у Афганістан. Апынуўся ён там праз канфлікт з камсамольскім важаком раёна Плечкам. Той напісаў на імя начальніка палітаддзела часці, дзе служыў Барыс, паклёпніцкі ліст. Старэйшы сын Пыльчанкаў загінуў на афганскай зямлі, і гэтая смерць таксама стала суровым прысудам той сістэме, у якой чалавек аказваўся заложнікам амаральнай палітыкі, ён павінен быў дэманстраваць выключнае паслушэнства, у неспрыяльных, несправядлівых абставінах не заўсёды мог адстаяць сваю годнасць. Афганістан, як паказвае І. Шамякін, забіваў у чалавеку чалавечае, ён калечыў душу нашага народа, гэта тыя бяда і боль, якія, як і Чарнобыль, пралягаюць у будучыню.
У рамане набываюць трагедыйна-сімвалічнае гучанне многія прыродаапісанні і пейзажныя вобразы. Вобраз туману — алегорыя чарнобыльскага ліха, хлусні, няпраўды — становіцца ўвасабленнем нейкай згубнай, беспрасветнай сілы зла: «Такога Глеб не бачыў за ўсё сваё жыццё, хоць неаднойчы сустракаў світанні на балотах. Боязна стала спускацца з ганка, бо наплыло ўяўленне: сіганеш у гэтае малако і — згінеш у ім, ператворышся ў тую пылінку, што лятае ў бездані космасу». Спрадвечны вобраз сонца таксама паўстае як трагедыйны сімвал. Нябеснае свяціла, якое несла людзям святло і жыццё, нібы спыніла свой ход: «І гэтак будзе вісець. І не здолее ўзысці, страціўшы сілу». Чарнобыльскае сонца пісьменнік характарызуе эпітэтам «злавеснае», параўноўвае яго з пажарам. Вобразы прыроды ў шамякінскім творы, як і ў старажытным «Слове аб палку Ігаравым», становяцца знакамі бяды, прадвеснікамі людскіх няшчасцяў. Пейзажныя малюнкі і штрыхі ўзмацняюць эмацыянальна-драматычную танальнасць твора, адчувальна паглыбляюць псіхалагізм мастацкага светабачання.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Ахвяры
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Непаўторная вясна
Іван Шамякін → Адказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"