Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Шамякін
Іван Пятровіч Шамякін — народны пісьменнік Беларусі, Герой Сацыялістычнай Працы, акадэмік НАН Беларусі, нарадзіўся 30 студзеня 1921 года ў вёсцы Карма Добрушскага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1925 года бацька стаў працаваць лесніком, канчаткова страціўшы надзею разжыцца на ўласнай зямлі. У сувязі з гэтым месца жыхарства часта мянялася: Цярэшкавічы пад Нова-Беліцай, Новая Стража пад Краўцоўкай. Жыццё ў леснічоўках (іх у той мясцовасці называлі "стражамі") не толькі вельмі рана прывучвала да самастойнасці, да працы, да захаплення роднай прыродай, але і дазваляла адчуць складанасць усяго, што адбывалася.
Скончыў пачатковую школу ў вёсцы Краўцоўка, потым мяняў школы (з-за пераезду сям'і); у пятым і шостым класе вучыўся ў Кармянскай школе, затым закончыў Макаўскую сямігодку.
Пасля заканчэння сямігодкі ў 1940 годзе паступіў вучыцца ў Гомельскі тэхнікум будаўнічых матэрыялаў. У студэнцкія гады пачаў пісаць спачатку паэтычныя, а затым і празаічныя творы, стаў членам літаратурнага аб'яднання пры абласной газеце "Гомельская праўда", пазнаёміўся з паэтамі Л. Гаўрылавым, К. Кірэенкам, Дз. Кавалёвым. Сябры па літаб'яднанню ўхвалілі яго прозу, але не прынялі паэзію. Гэта паўплывала на выбар маладога аўтара: у 1940 годзе даслаў свае першыя апавяданні ў рэдакцыю "Полымя рэвалюцыі", рэдактарам якога быў Міхась Лынькоў. Іван Шамякін быў уражаны тым, што Лынькоў пісаў яму пісьмы-рэцэнзіі на 4—6 старонках машынапісу і дэталёва разбіраў апавяданні маладога пісьменніка, вучыў, "як трэба і як не трэба" пісаць.
Пасля заканчэння тэхнікума Iван Шамякін быў накіраваны ў Беласток, дзе стаў працаваць тэхнікам прамкамбіната, але хутка быў прызваны ў армію, служыў у зенітна-артылерыйскай часці, якая стаяла ў Мурманску. Калі пачалася вайна, абараняў Мурманск і іншыя гарады ад варожых самалётаў. У апошні год вайны яго вайсковую часць перакінулі ў Польшчу. Перамогу сустрэў на Одэры, дзе служыў яшчэ да восені. Увесь ваенны час прадаўжаў пісаць.
У канцы 1945 года ў часопісе "Полымя" была надрукавана аповесць "Помста", якая лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці.
Пасля дэмабілізацыі жыў з сям'ёй у вёсцы Пракопаўка на Гомельшчыне, дзе працаваў настаўнікам. Стаў вучыцца на завочным аддзяленні Гомельскага педінстытута, спалучаў працу ў школе з абавязкамі сакратара мясцовай партарганізацыі, увесь вольны час аддаваў літаратуры. Быў запрошаны на першы пасляваенны пленум Саюза пісьменнікаў Беларусі, што адыграла значную ролю ў жыцці Шамякіна: ён пазнаёміўся з многімі пісьменнікамі, акунуўся ў праблемы літаратуры. У гэты час пісьменнік працуе над раманам "Глыбокая плынь", які стаў адным з першых твораў у беларускай літаратуры, прысвечаных партызанскай барацьбе. У 1949 годзе раман "Глыбокая плынь" і празаічны зборнік "На знаёмых шляхах" , у які ўвайшлі апавяданні і аповесць "Помста", былі выдадзены.
У 1948 годзе Iван Шамякін паступіў у Рэспубліканскую партыйную школу і пераехаў у Мінск. Пасля заканчэння партшколы быў рэдактарам альманаха "Советская Отчизна", а ў 1954 годзе быў выбраны намеснікам старшыні Саюза пісьменнікаў рэспублікі. Доўгія гады ён будзе працаваць ў апараце Саюза пісьменнікаў на розных пасадах. У 80-я гады быў галоўным рэдактарам выдавецтва "Беларуская Савецкая Энцыклапедыя".
Пісьменнік займаў шэраг адказных дзяржаўных пасад. Ён выбіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і СССР, працяглы час быў Старшынёй Вярхоўнага Савета БССР.
У 1972 годзе яму было прысвоена ганаровае званне народнага пісьменніка, але не пасады і званні былі для яго галоўным. На першым месцы заўсёды была творчая праца.
Што больш за ўсё ўражвае ў біяграфіі I. Шамякіна? Безумоўна, яго незвычайная працаздольнасць. Вымушаны, як і ўсе сялянскія дзеці, працаваць з маленства, ён і ў творчай працы быў нястомным. Раманы, аповесці, апавяданні, артыкулы, рэцэнзіі, выступленні на літаратурных форумах і сустрэчах з чытачамі, на рознага роду пасяджэннях — усё гэта патрабавала напружанай, нястомнай працы. З дзяцінства ён пазнаў, чым з'яўляецца для чалавека добрая кніга, зведаў яе ўздзеянне на душу і розум, таму вельмі хацеў, каб і яго творы сталі для чытачоў вернымі сябрамі, шчырымі дарадцамі і настаўнікамі, вучылі іх "быць чалавекам". Іменна гэтыя словы вызначаюць асноўны матыў творчасці пісьменніка, і яго кнігі сапраўды сталі любімымі для многіх чытачоў.
Станаўленне творчай індывідуальнасці Івана Шамякіна адбывалася пад уплывам розных фактараў. Чалавек фарміруецца ў дзяцінстве, гэта агульнавядома. Прыклад бацькі і маці, руплівых працаўнікоў, ранняя самастойнасць і праца, каб зарабіць рубель, сфарміравалі адказныя адносіны да ўсяго, за што браўся будучы пісьменнік. Ці не ў тым асноўная прычына нястомнай творчай працы Iвана Шамякіна, жыццё якога больш можна ахарактарызаваць выслоўем вядомага рускага пісьменніка Ю. Алешы: "Ни дня без строчки!"
Ласкавая беларуская прырода фарміравала адчуванне прыгожага; кнігі, да чытання якіх сялянскі хлапчук прызвычаіўся вельмі рана, сталі добрымі сябрамі на ўсё жыццё. Як і настаўніца роднай мовы Яўгенія Кузьмінічна Анціпава, якая, па словах Шамякіна, "...неяк асабліва змагла прывіць любоў да роднага слова такую моцную, што пранёс я яе і праз тэхнікум, дзе беларускую мову не вывучалі, і праз вайну, дзе заўсёды гаварыў па-руску". Хацелася на гэтай прыгожай мове расказаць людзям пра тое, што перажываў, аб чым думаў. Жыццё стала тым галоўным фактарам, пад уздзеяннем якога фарміравалася творчасць і індывідуальнасць пісьменніка. Іван Шамякін ніколі не быў староннім назіральнікам гэтага жыцця, ён актыўна ўдзельнічаў у ім. Вайна, удзел у аднаўленні разбуранай гаспадаркі, праца настаўнікам, вучоба, грамадзянская дзейнасць давалі пісьменніку магчымасць вывучаць жыццё, сустракаць людзей, якія станавіліся прататыпамі яго будучых герояў.
Не апошнюю ролю адыграла знаёмства I. Шамякіна яшчэ ў студэнцкія гады з беларускімі паэтамі Л. Гаўрылавым, К. Кірэенкам, Дз. Кавалёвым (у літаб'яднанні пры газеце "Гомельская праўда"). Сябры па літаб'яднанню змаглі пераканаць маладога аўтара, што яго прызванне — не паэзія, а проза, і гэта, безумоўна, мела для будучага пісьменніка важнае значэнне. Пазней перапіска з М. Лыньковым, рэдактарам "Полымя рэвалюцыі", адыграе сваю ролю ў станаўленні творчай індывідуальнасці Шамякіна, таму што аўтарытэтны пісьменнік Лынькоў заўважыў талент маладога аўтара і не шкадаваў часу, каб і дапамагчы гэтаму таленту раскрыцца.
У 80-я гады пісьменнік звярнуўся да ўспамінаў аб перажытым, якія склалі кнігу "Карэнні і галіны". Ён расказвае і пра сваё жыццё, і пра сустрэчы з Якубам Коласам, Петрусём Глебкам, Міхасём Лыньковым, Петрусём Броўкам, Іванам Мележам, Андрэем Макаёнкам (дарэчы, А. Макаёнку ён прысвяціў асобны твор — "Аповесць пра сябра"). Безумоўна, гэтыя сустрэчы, сяброўскія адносіны, як і праца ў Саюзе пісьменнікаў, дазвалялі пісьменніку быць у самым цэнтры літаратурнага жыцця, фарміравала яго творчую індывідуальнасць.
Похожие статьи:
Іван Шамякін → Сэрца на далоні. Адказы на пытанні
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Злая зорка
Іван Шамякін → Іван Шамякін - Непаўторная вясна
Іван Шамякін → Адказы на пытанні па аповесці "Гандлярка і паэт"