Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Якуба Коласа

   Пра тое, кім з'яўляецца Якуб Колас (1882-1956) для нашай нацыі і яе духоўнасці, можна гаварыць бясконца і самымі высокімі эпітэтамі, але ўсё створанае ім, бадай, вызначаецца найперш галоўным — разам з неўміручым Янкам Купалам, сваім равеснікам і сябрам, ён з'яўляецца заснавальнікам сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У створаным ім сабраны неацэнны скарб душы народа і «бяссмерце яго» — мова, слова роднае «адшліфавана» ім як каштоўны алмаз, што пад рукой таленавітага творцы стаўся зіхоткім брыльянтам. «Абшарыўшы кішэні сваёй памяці», уклаўшы ў матчыну мову «агонь душы і сэрца жар», ён здолеў паказаць нам узнёслае ў зямным, святое ў будзённым, прыгожае ў звычайным так, як да яго і пасля яго гэтага не здолеў ніхто іншы. 

   Талент Якуба Коласа выключны і фенаменальны і таму непадуладны ніякаму спасціжэнню розумам, а вось адданасць яго свайму народу і Бацькаўшчыне зусім рэальная, выяўленая ў канкрэтных зямных справах. І жыццё яго — узор і прыклад усім, хто хоча пакінуць добры след пасля сябе, паслугаваць Айчыне незалежна ад таго, якой справе сябе прысвяціў.  

   Вытокі добрага і злога ў кожным чалавеку — у яго маленстве, у сям'і, дзе ён атрымаў самыя першыя ўрокі людскасці ці, наадварот, жорсткасці і бязладдзя.  

   Вытокі таленту і адданасці песняра свайму народу, «вобразам мілым роднага краю» — таксама ў яго раніцы жыцця, поўнае ўяўленне пра якую мы атрымалі, прычасціўшыся да нерушу яго слова ў паэме «Новая зямля». Гэты таленавіты твор беларускай літаратуры справядліва названы «энцыклапедыяй народнага жыцця». Паэма — помнік паэта сваім родным і блізкім, а таксама гімн і слава ўсяму беларускаму народу. У гэтым творы нават імёны прататыпаў і герояў супадаюць. Працавіты і мудры Міхал з яго марай «прыдбаць свой кут, каб з панскіх выпутацца пут» — бацька паэта Міхаіл Казіміравіч Міцкевіч. Ганна, у вобразе якой увасоблены пісьменніцкі ідэал жанчыны-маці і жонкі, — Ганна Юр'еўна, маці песняра, якая нарадзіла яго 3 лістапада 1882 г. у засценку Акінчыцы, што непадалёку ад Стоўбцаў. А «дзядзька, мілы наш Антоні» — родны брат бацькі. Усё сваё жыццё Антон Казіміравіч прысвяціў сям'і і дзецям брата і за шчырае слугаванне і талент чалавечнасці стаў неўміручым, як і ўсё, створанае яго пляменнікам. Чытаеш паэму і пераконваешся, што каб з маленькага чулага Кастуся, надзеленага, вядома ж, прыродным незвычайным дарам, вырас выразнік дум народных, вялікі пясняр, патрэбна да ўсяго яшчэ і асяроддзе, умовы, у якіх панавала любоў, лад і згода, што былі вызначальнымі ў сям'і Міцкевічаў. Добрае вырастае толькі на добрай глебе. Толькі тое і будзе жыццястойкім, што пастаўлена на трывалым падмурку.  

   Праз усё жыццё на нялёгкай дарозе з камянямі, «што губяць сілы маладыя», «сонцам свяціла» Якубу Коласу Панямонне. Ва ўспамінах пра «родны кут» і родных, дарагіх яго сэрцу людзей, чэрпаў ён сілы, калі шчыраваў на духоўнай ніве, працуючы настаўнікам на Палессі, калі сядзеў у турме. Поўнае ўяўленне пра маладосць і сталасць песняра мы атрымалі, прачытаўшы яго раман-трылогію «На ростанях», бо і галоўны вобраз, і ўся трылогія, як і паэма «Новая зямля», маюць аўтабіяграфічную аснову.  

   Першы верш Канстанціна Міцкевіча «Наш родны край» быў надрукаваны ў газеце «Наша доля» ў 1906 г. пад псеўданімам Якуб Колас. І назва верша, і псеўданім аўтара былі сімвалічнымі і вызначальнымі для ўсёй творчасці песняра, якую ён, як і сваё жыццё, прысвяціў роднай зямлі і шчыраму яе сейбіту — народу.  

   Тры гады турэмнага зняволення за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе і рэвалюцыйную дзейнасць не зламалі волю паэта: за турэмнымі кратамі і пачалася праца над паэмамі «Сымон-музыка» і «Новая зямля». 

   Змест, матывы і вобразы першага зборніка паэта «Песні жальбы» (1910) найлепш вызначыць радкамі:  

Не пытайце, не прасеце

Светлых песень у мяне,

Бо як песню заспяваю,

Жаль вам душу скалыхне.

   Аднак многія вершы і першага, і другога зборніка «Родныя з'явы» (1914) сведчылі пра тое, што ў паэзію прыйшоў не толькі пясняр жальбы, але найперш — пясняр бунтар. Доказам таму — аднайменны Купалаваму верш «Мужык». І напісаны ён у форме маналога, але бунтарская сіла коласаўскага мужыка яшчэ большая:  

Я — мужык, а гонар маю.

Гнуся, але да пары.

Я маўчу, маўчу, трываю,

Але скора загукаю:

«Стрэльбы, хлопчыкі, бяры!»

   У першых паэтычных зборніках выявіўся і выкрывальны дар Коласа-сатырыка. Многія яго вершы («Мікалаю ІІ», «Канстытуцыя») — сапраўды палітычныя памфлеты, у якіх гучыць прысуд антынароднай сутнасці царызму і падманнай імперскай канстытуцыі.  

   Дасканалым у плане выкарыстання іроніі, сарказму не толькі дзеля выкрыцця зла, а для сцвярджэння сілы народнай з'яўляецца верш «Асадзі назад!».  

   Жанр сатырычнага куплета, рэфрэн-эпіфара «Асадзі назад!», востры дыялог — усё падначалена галоўнай задуме: паказаць не толькі жальбу беларуса, скаргі яго на гвалт і рабунак, але і яго здольнасць пасмяяцца са сваіх няшчасцяў, падняцца над імі і заявіць пра свае правы. Нідзе няма ходу простаму селяніну, куды б ні паткнуўся — «Асадзі назад!» і ўсё ж, як прызнаецца з горкай іроніяй герой, «два разы на жыцці выйшаў» ён «упярод»:  

Ўзбунтаваў я вёску,

Ой, быў цяжкі год.

Прыязджае прыстаў:

Выхадзі ўпярод!

   У форме звароту, выкрывальнага і пафаснага, напісаны верш «Ворагам». Здзекліва і сатырычна гучыць зварот-аксюмаран дабрадзеі:  

Багачы і панства,

Нашы дабрадзеі!

Мы на суд вас клічам,

Каты вы, зладзеі!

   Ідэя верша ў сцвярджэнні непазбежнай расплаты за здзекі і злачынствы:  

Ўжо даўно вяроўкі

Вас, паны, чакаюць

і па вас асіны

Слёзы праліваюць...

   Наколькі гнеўна і бунтоўна гучыць голас паэта, калі ён піша пра крыўдзіцеляў народа, настолькі светла, лірычна і прачула, калі піша пра родны край. Пра шырыню паэтычнага дыяпазону паэта, пра яго бязмежную любоў да Бацькаўшчыны і метафарычнасць яе выяўлення сведчыць адзін з выдатных лірычных вершаў Коласа — "Родныя вобразы". Верш напісаны ў форме звароту сына-патрыёта да маці-радзімы. Змест верша — прызнанне ў бязмежнай любові да маці-зямелькі, да яе хараства і багацця. Філасофская думка верша, парадаксальнасць і супярэчлівасць пачуццяў лірычнага героя (тое, што М. Лермантаў назваў «странною любовью») выяўляецца найперш праз эпітэты і аксюмараны: «сумнай красы», «смутак і радасць», «смутку, жальбы і красы». Захапленне і светлае пачуццё лірычнага героя зліваецца са смуткам; прыгожаму ў душы дысануе трагічнае, бо то «краса без аўладання», як вызначыць пазней паэт прычыну гэтага супярэчлівага пачуцця ў паэме «Новая зямля».  

   У гэтым жа вершы віруюць пачуцці любові і захаплення разам з тугой і смуткам:  

Вобразы мілыя роднага краю,

Смутак і радасць мая!

Што мае сэрца да вас парывае?

Чым так прыкованы я

К вам, мае ўзгорачкі раднага поля,

Рэчкі, курганы, лясы,

Поўныя смутку і жальбы нядолі,

Поўныя сумнай красы?

   Хвалюючая, вобразная лірыка паэта. І ўсё ж па-сапраўднаму выявіўся дар песняра ў эпічным адлюстраванні «родных з'яў». Эпічнасць і рэалізм у спалучэнні з лірычным — вызначальныя адметнасці стылю Коласа-творцы. Менавіта схільнасць да эпічнага ірэалістычнага адлюстравання і вялікі да гэтага дар забяспечылі яму славу летапісца жыцця народа на працягу значнага перыяду гісторыі.  

   Ментальнасцю нашага народа, гісторыяй абумоўлены яго лес і імкненне да зямлі і волі. Усведамленне нашым народам зямлі як «асновы ўсёй айчыне», як промня «волі і свабоды» знайшлі свой мастацкі «адбітак» у паэме «Новая зямля» — энцыклапедыі жыцця народа. Найбольшая вартасць гэтага твора, што забяспечыла яму ўзровень шэдэўра сусветнай культуры, — мастацкае выяўленне нацыянальнага.  

   Усведамленне народам і інтэлігенцыяй, што адзіны шлях да «новай зямлі» — шлях рэвалюцыйны, засведчана ў самым першым буйным сацыяльна-псіхалагічным празаічным творы беларускай літаратуры — у трылогіі «На ростанях».  

   Пра тое, як «затраслося, закалацілася Палессе», як на барацьбу з інтэрвенцыяй падняліся «ад стара і да мала», як з печы злезлі нават сямідзесяцігадовыя Талашы, каб вызваляць свой забраны край, засведчана ў аповесці «Дрыгва» (1934). Як выйшлі «на прастор, на шырокі разлог», як крынічным струменем бруіліся маладыя здаровыя сілы, як змагалася наша моладзь, нашы Сцёпкі і Аленкі з балотнай гніллю, як настойліва авалодвалі навукай і неслі яе святло людзям — у аповесці «На прасторах жыцця» (1926). Пясняр ускладаў вялікія надзеі на моладзь. Маладым жыць на гэтых прасторах і засяваць іх дабром, каб зелянелі рунню палеткі, каб каласіліся потым збажыной, каб вечным быў няспынны рух жыцця.  

   Беларускай моладзі прысвячае Якуб Колас і адзін з самых сваіх таленавітых твораў — рамантычную паэму «Сымон-музыка», быццам дакляруючы, наказваючы маладым несці свой талент, «агонь душы і сэрца жар» свайму народу. 

   Пра яшчэ адну, перажытую нашым народам трагедыю, пра тое, «як раз'ядналі, як адарвалі брата ад брата» і як браты-беларусы набліжалі 17 верасня 1939 г., злучыўшыся нарэшце ў адну сям'ю, у адзіную дзяржаву, расказваецца ў паэме «Рыбакова хата». Толькі нядоўгім было тое мірнае жыццё і кароткім шчасце. І пра гэта — у паэмах «Адплата» і «Суд у лесе». Міралюбны па характары, але даведзены да адчаю, беларускі народ мужна бараніў свой край і чалавечую годнасць.  

   Вершы і паэмы, апавяданні і раманы, аповесці і драмы, рэалістычныя творы і алегарычныя «Казкі жыцця», тонкія, лірычныя вершы і здзекліва-сатырычныя апавяданні на бытавыя і сацыяльна-палітычныя тэмы — выключна ўсе літаратурныя жанры годна прадстаўлены ў творчасці песняра, па-філасофску мудрай і глыбока псіхалагічнай.  

   Якуб Колас не толькі класік нашай нацыянальнай літаратуры, але і выдатны вучоны, педагог. Доўгі час ён выкладаў методыку роднай мовы і літаратуры ў Белпедтэхнікуме і Белдзяржуніверсітэце. Будучы ўжо знакамітым, ездзіў па гарадах нашай Беларусі і выступаў з лекцыямі на настаўніцкіх курсах. Да гэтага часу не страціла сваёй каштоўнасці першая, ім напісаная «Методыка роднае мовы».  

   У ноч з 12 на 13 жніўня 1956 г. ён яшчэ пісаў ліст у ЦК КПСС пра тое, што яго моцна трывожыла і хвалявала, — пра стан беларускай мовы ў нашай дзяржаве. Сэрца яго не вытрымала: ліст так і застаўся недапісаным.  

   Іменем Якуба Коласа названы драматычны тэатр у Віцебску, Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук. На адной з цэнтральных плошчаў сталіцы, што носіць яго імя, пастаўлены помнік песняру і яго героям. Але самым лепшым помнікам яму будзе, калі мы ўдумліва прачытаем яго кнігі і ўзбагацім сябе іх мудрасцю.

Похожие статьи:

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласТрылогія «На ростанях». Вобраз Лабановіча. Духоўны свет, маральная высакароднасць героя

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»