Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Іван Навуменка
Нарадзіўся Іван Якаўлевіч Навуменка 16 лютага 1925 г. у горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям'і чыгуначніка. Малая радзіма пісьменніка — маляўнічы куток Палесся з лясамі, поўнымі птушыных спеваў, балотамі і палямі. Паўсюль можна было знайсці занятак уражлівай дзіцячай душы. Маленства будучага пісьменніка прыпала на той час, калі на поле выйшлі першыя трактары, а ў небе праляцеў першы самалёт.
Іван Якаўлевіч адносіўся да таго пакалення, чыё юнацтва было апалена вайною. Шаснаццацігадовым юнаком сустрэў вайну будучы пісьменнік. У складаных акупацыйных умовах зблізку пабачыў жахі вайны, рана стаў дарослым, рана спазнаў цану дружбы, даверу, шчасця. У студзені 1942 г. ён становіцца ўдзельнікам камсамольскага падпольнага аб'яднання, затым змагаецца ў партызанскім атрадзе. Іван Якаўлевіч прымаў удзел у вызваленні свайго роднага горада Васілевічы. Праз год, у снежні 1943 г., ён быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Ленінградскім і Першым Украінскім франтах, вызваляў Прыбалтыку.
Пазней яго назавуць песняром юнацтва, песняром "семнаццатай вясны", бо ў літаратуру ён прыйдзе са сваім любімым героем, са сваёй тэмай "хлопцаў-равеснікаў", вернасць якой захавае на ўсё сваё літаратурнае жыццё. З усяго напісанага І. Навуменкам самыя сардэчныя, прачулыя старонкі прысвечаны яго аднагодкам, якія вынеслі на сваіх плячах усе выпрабаванні вайны.
"Пісьменнік вяртаецца ў юнацтва раз-пораз, як вяртаюцца ў бацькоўскую хату, да нечага светлага, шчымліва-радаснага, як да гаючай жыватворнай крыніцы, каб не толькі спатоліць прагу чысціні і рамантыкі, але загаіць раны, нанесеныя часам і вайной, даць адпачыць сэрцу ад імклівага бегу дзён і змены падзей, спыніцца, раздумацца, наноў адкрыць агульначалавечыя ісціны, што ёсць дабро, у чым сэнс жыцця, ці заўсёды праўда перамагае, дзеля чаго жывеш, чалавеча, на гэтай ласкавай і грэшнай зямліцы, чаго ты хочаш", — так тлумачыць зварот аўтара да тэмы "хлопцаў-равеснікаў" У. А. Навумовіч.
Калі закончылася вайна, Іван Якаўлевіч вярнуўся на Палессе, працаваў карэспандэнтам у мазырскай газеце "Бальшавік Палесся" і рэспубліканскай газеце "Звязда". Гады вайны і работа ў газеце сталі своеасаблівым "універсітэтам" для будучага пісьменніка, узброілі яго веданнем жыцця.
Пісьменнік скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта і аспірантуру пры гэтым жа універсітэце. У той жа ўстанове працаваў выкладчыкам, а пасля ўзначаліў кафедру беларускай літаратуры. З 1973 г. Іван Навуменка прызначаны на пасаду дырэктара Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Акадэміі навук БССР. Пазней яго абралі віцэ-прэзідэнтам АН БССР. I. Я. Навуменка — доктар філалагічных навук, прафессар, член-карэспандэнт АН БССР.
Памёр Іван Якаўлевіч Навуменка 17 снежня 2006 г.
Свае першыя апавяданні Іван Якаўлевіч Навуменка апублікаваў у 1955 г. у часопісе "Маладосць". Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей "Семнаццатай вясной" (1957 год), "Хлопцы-равеснікі" (1958), "Верасы на выжарынах" (1960), "Бульба" (1964), "Таполі юнацтва" (1966), "Вераніка" (1968), "Тая самая зямля" (1961), "Падарожжа ў юнацтва" (выбранае, 1972), "Замець жаўталісця" (1977), "Пераломны ўзрост" (1986), "Водгулле далёкіх вёснаў" (1989); раманаў "Сасна пры дарозе" (1962), "Вецер у соснах" (1967), "Сорак трэці" (1973), "Смутак белых начэй" (раман, аповесць, апавяданні, 1980), "Летуценнік. Смутак белых начэй" (1985), "Асеннія мелодыі" (раман, апавяданні, 1987); аповесці для дзяцей "Вайна каля Цітавай копанкі" (1959), "Капитан Степь идёт в разведку" (з В. Мамантавым, 1982); п'есы "Птушкі між маланак" (1982). выйшаў Збор твораў пісьменніка ў 6 тамах (1981-1984).
Як адзначыў даследчык літаратуры М. І. Мішчанчук: "...Іван Навуменка — рамантык, летуценнік, максімаліст, упэўнены ў тым, што заўсёды павінна перамагаць дабро". I тое пакаленне моладзі, яго равеснікаў, па лёсе якіх прайшлася вайна, якое сталела разам з пісьменнікам, можна назваць пакаленнем патрыётаў-максімалістаў, паколькі ўсё сваё жыццё засталіся яны патрыётамі сваёй зямлі, вайна не прымусіла іх адмовіцца ад веры ў перамогу дабра і справядлівасці, а іх рамантычныя памкненні былі толькі перапынены вайною. Пра гэта пакаленне так сказаў даследчык літаратуры У. А. Навумовіч: "Маладыя людзі не паспелі пажыць як след, а вымушаны былі заяўляць аб сваёй пазіцыі, спрабаваць не толькі ўцалець у ваеннай калатнечы, але яшчэ і праявіць сябе ў адстойванні ўласных прынцыпаў, рабіць выбар у змаганні з ворагам, у сяброўстве, у любові, у каханні, якога ніхто не міне: на ціхага Бог нанясе, а быстры сам наскочыць"("Эвалюцыя светабачання маладога пакалення ў прозе Івана Навуменкі").
Похожие статьи:
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Вайна каля Цітавай копанкі
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Сасна пры дарозе
Іван Навуменка → Іван Навуменка - Хлопцы самай вялікай вайны...