Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Творчасць Алеся Адамовіча

   Без гэтага чалавека неяк і не ўяўляецца сённяшняе літаратурнае жыццё. Не толькі Беларусі. Алесь Адамовіч паспрыяў вышыні свядомасных крытэрыяў, узняў у сваіх творах многія з важнейшых праблем эпохі, ні ў чым не саступіў чысціні мастакоўскага сумлення.
   Чалавецтва, яго вечныя тэмы і тэмы, якія ўзніклі ў XX стагоддзі, такое ўзрушэнне веку, як другая сусветная вайна,— няспынна ў полі зроку пісьменніка. А зрок гэты пільны, ракурс бачання "пранізліва-гуманістычны" (М. Кузняцоў). І менавіта ў мінулай вайне Алесь Адамовіч бачыць найбольшую сугучнасць перажытага рознымі народамі. Тут найвялікшая ступень агульнай выпакутаванасці, не магчымая ні ў якіх іншых абставінах ступень самараскрыцця чалавека — у самых высокіх яго выяўленнях і ў самых нізкіх. Тут — агульная памяць, агульны боль, агульная радасць чалавецтва, успрынятая і ўвасобленая кожным народам у пэўных сацыяльных абставінах, і кожным чалавекам індывідуальна.
   Сам Адамовіч ідзе ў выяўленні гэтай тэмы ад мастацкага перажывання, заснаванага на асабістых уражаннях (у чатырнаццаць год ён ужо быў у партызанах), сплаўленых з памяццю пакалення і народа, да найвышэйшага кандэнсавання філасофскай думкі, да спробы сучаснага пераасэнсавання жанру, які, здавалася б, адышоў у мінулае,—дакументальнага летапісу.
   Дылогія "Вайна пад стрэхамі" і "Сыны ідуць у бой" была спраўджваннем абавязку перад сябрамі па вайне — тымі, хто жыве, і тымі, хто загінуў,— асабліва. Матэрыял, як даводзіў Адамовіч, не даваў спакою, прымушаў гаварыць, жыў у пісьменніку словам, якое шукала выйсця. Першая частка дылогіі з'явілася праз чатырнаццаць год, другая — праз васемнаццаць пасля вайны. Была дыстанцыя часу. Сам Адамовіч на гэтую пару стаў вядомым крытыкам і літаратуразнаўцам, аўтарам манаграфій "Шлях да майстэрства", "Беларускі раман", "Культура творчасці", літаратарам, які набыў аўтарытэт сваёй прынцыповасцю, шырынёй думкі, уменнем супастаўляць агульнае з канкрэтным.
   І ў дылогіі Адамовіч разумее жыццёвы матэрыял у сувязі канкрэтнага вопыту з агульначалавечым вопытам, з агульнагуманістычнымі крытэрыямі, агульнапрынятымі маральнымі высновамі. Канкрэтна — маці не можа не рызыкаваць у барацьбе з фашыстамі нават жыццём сваіх дзяцей, зусім хлапчукоў, што з яе згоды і благаславення становяцца партызанамі. (Адамовіч паказвае тую вайну, дзе салдатам робіцца кожны,— народную вайну.) Абагульнена — гэта неверагодна ў чалавечым, натуральным разуменні, пярэчыць спрадвечным паняццям.
   Якую ж трагедыю перажывае гераіня, якія пакуты прымае добраахвотна — пра гэта дылогія Адамовіча ў першую чаргу. Недарэмна яна сярод твораў пра вайну заняла сваё, адметнае месца, не згубілася, не выцвіла ад часу.
   А ў "Хатынскай аповесці" Алесь Адамовіч перакідвае масткі з сучаснасці да часоў вайны і ад часоў вайны ў сучаснасць. Публіцыстычны завострана гаворыць пра тое, што няма трэцяга рэйха, але фашызм і сёння мае сваіх прыхільнікаў. І зусім не тэарэтычна ставіцца пытанне — быць чалавеку на планеце ці не быць. Алесь Адамовіч спалучае ў аповесці аб'ёмны, філасофскі погляд на падзеі і канкрэтнае, рэчавае бачанне, памяць, настоеную на вострай, адначасова аналітычнай і натхнёна-эмацыянальнай думцы. Памяць, на якую напластавалася трыццаць пасляваенных гадоў, гадоў працы, роздуму, што далі "стэрэаскапічны, аб'ёмны погляд на падзеі — на свет...". Аповесць — пра лёс планеты, лёс народа, пра жыццё многіх і жыццё адной асобы, пра пакуты і смерць. І трагічныя абставіны, у якія трапляе галоўны герой, Алесь Адамовіч разглядае ў ракурсе свайго светапогляду, як адну з бясконцых з'яў у тэме жыццё — смерць.
   Роздум над лёсам чалавецтва, імкненне да спасціжэння вялікай праўды народнай прывялі Алеся Адамовіча і яго паплечнікаў Янку Брыля, Уладзіміра Калесніка, а пазней Данііла Граніна да унікальных твораў — "Я з вогненнай вёскі..." і "Блакаднай кнігі", якія яны выслухалі, запісалі, сабралі, перажылі.
   У творчасці Алеся Адамовіча заўсёды адчуваецца цэласнасць мастацкай і аналітычнай думкі. Усе мы ведаем звычныя словы Бялінскага: "Філосаф гаворыць сілагізмамі, паэт — вобразамі і карцінамі, а гавораць абодва адно і тое ж... Адзін даказвае, другі паказвае..." У сённяшнім літаратурным жыцці Беларусі проста нельга не заўважыць не тое каб імкненне мысліць сілагізмамі, але відавочную схільнасць і паказваць, і даказваць. І перадаць вобразам, і крануць аналізам. І тут хіба ці не самы яркі прыклад — Алесь Адамовіч. Празаік, даследчык, крытык, драматург, кінадраматург.
   Алесь Адамовіч умее даць і агульны (але зусім не павярхоўны) абрыс беларускай літаратуры, прасачыць шляхі яе развіцця, тонка і пранікліва расказаць пра пісьменнікаў, якія сваёй працай пазначаюць вехі нашай прозы: Гарэцкага, Мележа, Быкава, Шамякіна, Брыля. І як даследчык шчасліва спалучае глыбіню аналізу і празорлівасць з яркай вобразнасцю, непаспешлівасць, трываласць думкі з бліскучай лёгкасцю, сапраўднымі азарэннямі. На высокім узроўні мастацкай культуры.
   Адамовіч з першых літаратурных крокаў звярнуў на сябе ўвагу нестандартнасцю мыслення, адчуваннем пульсу часу. А прыйшоў ён у літаратуру ў той бурны перыяд, які пазначаецца гістарычнымі высновамі Дваццатага з'езда, калі крытыка ўсё больш смела вяртала сабе свае эстэтычныя пазіцыі, першапачатковую філасофскую і мастацкую аснову сваю. Пагартаеш старонкі часопісаў і газет тых гадоў, дык адразу кінецца ў вочы роля літаратурнага крытыка Адамовіча, дарэчы, на тую пару ці не самага маладога доктара філалагічных павук па літаратуразнаўству ў краіне. Не проста добрасумленнага і таленавітага крытыка, але завадатара дыскусій, страснага публіцыста, выступленне якога — падзея.
   І сёння захаваў ён гэтую страснасць і адсутнасць піэтэту перад славутымі імёнамі. У выступленнях, інтэрв'ю, у тых працах, без якіх нельга ўявіць сабе наша літаратурнае жыццё: "Гарызонты беларускай прозы", "Здалёк і зблізку", "Літаратура, мы і час".
   Алесь Адамовіч адзін з першых і, мабыць, найбольш настойліва і з самых розных літаратурных трыбун загаварыў пра беларускую літаратуру як пра частку сусветнай літаратуры, разгледзеў яе ў кантэксце эпохі, параўнаўшы сённяшняе з мінулым — Беларусі, Савецкай краіны, чалавецтва. Смела, не блізарукім правінцыйным вокам пазначыў маштабы беларускай прозы, разгледзеў стан беларускай літаратуры на літаратурнай планеце. Што гэта за літаратура? Як працуюць яе пісьменнікі? "Куды ім расці? на што абапірацца? ад чаго адмаўляцца, а за што трымацца?"
   Выхаду нашай літаратуры на прасцяг сусвету садзейнічаў і Адамовіч-празаік нават ці не ў большай меры. Не толькі тэматыкай, якая не можа састарэць. Не толькі высокім маральным узроўнем напісанага Алесь Адамовіч пашырыў эстэтычныя далягляды нашай прозы, напісаўшы такі твор, як "Хатынская аповесць". Дзе высокая ступень абстрагавання, незвычайны для беларускай прозы сплаў філасофскага роздуму, дакумента, публіцыстыкі, лірычных апісанняў.
   Насычанасць думкі, якая дае магчымасць разрадзіць разважанні дзеяннем і не дае імкліваму дзеянню, фабуле зрабіцца самамэтай. І яшчэ — выверанасць слова. "Слова-ўчынку, словадзеяння", да якіх імкнуўся Алесь Адамовіч. Да якіх ішоў праз "энергію знойдзенага ў "Апошнім водпуску" лаканізму стылю". Мне здаецца, не толькі ў "Апошнім водпуску". Але і ў "Асіі". А "лаканізм стылю" тут, мабыць, трэба разумець шырока: не толькі як важкасць, ёмістасць кожнага слова, а як строгасць мыслення, лагічнасць эмацыянальнай: думкі.
   І гэтыя аповесці, што звычайна абмінае скорагаворкай крытыка, на маю думку, былі не выпадковымі ў творчым жыцці Адамовіча. Хаця ў нейкім сэнсе па-за яго галоўнай тэмай. Тут намецілася тое, чаго не было ці няпэўна пазначалася ў дылогіі — роздум над светам і над сабой, самааналіз, няўлоўныя адценні настрою, тыя нюансы духоўнага жыцця, што так неахвотна матэрыялізуюцца ў словы і часта замест цэласнай карціны складаюць мазаіку. І гэта расслойвае, разбівае агульнае ўражанне.
   Пра аповесці Адамовіча не скажаш — мазаіка, але той суладнасці, гарманічнасці, якой дасягае пісьменнік у "Хатынскай аповесці", там няма. Але ёсць многае, да чаго варта звяртацца і чытачам і крытыкам. Вось той самы духоўны свет герояў, які не абмяжоўваецца гісторыяй кахання, як лічаць некаторыя крытыкі. Толькі фабула трымаецца на гэтых гісторыях, сюжэт намнога шырэйшы. Як, і гэта агульнапрызнана, "ваенная" проза Адамовіча не проста творы пра вайну. Таму што ўсё, напісанае Алесем Адамовічам, яго "мастацтва і ідэі, якія яго натхняюць, вымагаюцца страсцю і мукай быцця" (Джэймс Болдуін), страсцю, выверанай алгебрай думкі. Таму што Алесь Адамовіч валодае дарам мастака — спалучаць у сваёй творчасці лёс народа і лёс чалавека.

Похожие статьи:

Алесь АдамовічАлесь Адамовіч - Хатынская аповесць

Алесь АдамовічАлесь Адамовіч - Апошняя пастараль

Алесь АдамовічAлесь Адамовіч - Vixi

Алесь АдамовічАлесь Адамовіч - Нямко

ПераказыБеларускі пісьменнік