Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Свабодны верш (верлібр)
Свабодны верш (верлібр) (франц. vers libre) — дысметрычны верш, у аснове рытму якога - чаргаванне вершаваных радкоў як аднатыпных інтанацыйна-сэнсавых адзінстваў.
Надзвычай важнае значэнне набывае ў ім графічная разбіўка верша на радкі, вызначэнне міжрадковых паўз. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сінтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме - яшчэ і графічна), выступае ў свабодным вершы у якасці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасць радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексіка-граматычнай структуры, што стварае ў вершы пэўную меру паўтора па "вертыкалі". У радках свабоднага верша паўтараюцца перш за ўсё дапаможныя рытмастваральныя кампаненты: аднатыпныя сінтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалагічныя формы, гукаспалучэнні, націскі на пэўных месцах у вершаваных радках і г. д. У асобных радках спарадычна можна сустрэць нават прыкметы метрычнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры свабоднага верша (чаргаванне моцных, або апорных, націскаў, рыфма і інш.). Прычым, у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтора, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, у першых трох радках нейкага твора, напісанага свабодным вершам, заўважаецца аднатыпнасць іх сінтаксічнай пабудовы, у чатырох наступных - паўторы на пачатку назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, што стаяць, скажам, на трэцім і сёмым складах, і гэтак далей.
Для свабоднага верша характэрна надзвычайнае багацце і гнуткасць паэтычнага сінтаксісу, у тым ліку ўжыванне розных рытарычных фігур, сінтаксічных перыядаў, што стварае разнастайнасць інтанацыйнага малюнку (пералічэнне, далучэнне, супрацьпастаўленне і г. д.) у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.
Узнік свабодны верш у амерыканскай і еўрапейскай літаратурах сярэдзіны XІX ст. (У. Уітмен, У. Блейк, Г. Гейнэ), сустракаецца ў класічнай рускай паэзіі (А. Фет, Я. Палонскі, М. Міхайлаў).
Пачынальнікам свабоднага верша на Беларусі з'яўляецца Максім Багдановіч ("...Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы", 1915). У сучаснай беларускай паэзіі да свабоднага верша звярталіся і звяртаюцца Пімен Панчанка, С. Дзяргай, К. Кірэенка, Анатоль Вярцінскі, Алег Лойка, Янка Сіпакоў, А. Наўроцкі, Я. Голуб, Алесь Разанаў, М. Купрэеў, Н. Загорская і інш. У Максіма Танка свабодны верш стаў адным з асноўных відаў верша. Ён найчасцей ужываецца ў яго філасофскіх і медытатыўных творах ("Мой хлеб надзённы", "...Парог, вычасаны з успамінаў" і інш.).