Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Мікола Арахоўскі - "Ку-ку"

   У 1980-1990 гадах сінтэз традыцыйнага і эксперыментальнага найлепш удаўся драматургу Міколу Арахоўскаму.
   Як і Марсель Пруст, пазбаўлены паўнакроўнага жыцця з-за цяжкой хваробы, пачаў пісьменніцкае падарожжа "ў пошуках згубленага часу", так і Мікола Арахоўскі, спаралізаваны, ствараў п'есы - уяўляў іх, "разыгрываў" сцэна за сцэнай.
   З'явіліся творы "Машэка", "Ку-ку", "Лабірынт". Асабліва пашанцавала ў сцэнічным і літаратурным жыцці драме "Ку-ку", якая была адзначана першай прэміяй на рэспубліканскім конкурсе драматургіі, пастаўлена на сцэне Рэспубліканскага тэатра нацыянальнай драматургіі.
   Назва драмы двухсэнсоўная. "Ку-ку" перш за ўсё - спеў зязюлі. Ў англійскай мове гэтае слова мае іншае значэнне, досыць шырока вядомае дзякуючы папулярнаму раману-бестсэлеру англійскага празаіка Кена Кізі "Палёт над гняздом зязюлі" і аднайменнаму кінафільму Мілаша Формана. "Ку-ку" азначае яшчэ вар'яцтва, душэўную хваробу, "гняздо зязюлі", адпаведна, - вар'ятня. Сэнс назвы п'есы Міколы Арахоўскага стане зразумелым пры разгортванні дзеяння.
   Герой твора Вадзім, звычайны "сярэднестатыстычны" чалавек, трыццаці пяці год, навуковец, працуе над доктарскай дысертацыяй. Самы творчы узрост, палова жыцця. Чалавек пачынае задумвацца аб здзейсненым, успамінаць праекты і планы, што выношваліся ў маладосці... Некаторых чакае расчараванне, якое перажыў Дзядзька Ваня Антона Чэхава, калі зразумеў, што лепшая частка жыцця пражыта марна, дзеля несапраўднай мэты.
   Нешта падобнае перажывае і Вадзім, калі прыгадвае геніяў цывілізацыі, якія самарэалізаваліся, дасягнулі вяршынь думкі і творчасці ў маладосці, да трыццаці пяці - Эйнштэйна, Пушкіна, Багдановіча... Азірнуўшыся на свой шлях, Вадзім з усёй вастрынёй адчувае мізэрнасць уласных высілкаў, падаецца самому сабе нікчэмным, шэрым чалавекам.
   Вядома з твораў Фёдара Дастаеўскага (і з сусветнай гісторыі) пра суіснаванне паміж сабою комплексаў "маленькага чалавека" і маніі вялікасці.    Як часта "недачалавек" імкнецца быць "звышчалавекам"!
   Душэўныя згрызоты Вадзіма дапаўняюцца рэўнасцю. Гэта пачуццё, якое Шэкспір у трагедыі "Атэла" называў "пачвараю з зялёнымі вачыма", цалкам выводзіць героя са стану душэўнай раўнавагі. Нечы голас рэгулярна па тэлефоне паведамляе пра акалічнасці здрады Алены, Вадзімавай жонкі, але ўжо ў сярэдзіне дзеяння пачынае здавацца, што гэты голас - гульня хворага ўяўлення самога Вадзіма.
   У яго свядомасці ўзнікаюць, вобраз за вобразам, сцэны кахання Алены. Следам за здрадай жонкі, уяўнай або рэальнай (глядач пра гэта так і не даведаецца), у Вадзіма з'яўляецца жаданне помсты. (Згадаем Машэку з паэмы Янкі Купалы "Магіла льва"). Адпомсціць - значыць, рэабілітавацца.    І як у большасці людзей, не надзеленых высакароднасцю або велікадушнасцю, яго "помста" закранае лёсы іншых, ні ў чым не вінаватых людзей. Машэка пачаў помсціць усяму свету, не шкадуючы ні беднага, ні нямоглага, ні безабароннага.
   Вадзім вырашае адказаць на здраду здрадай: "вока за вока, зуб за зуб". Выспявае план помсты:
   В а д з і м. ...Напіцца калі-небудзь!.. (Пауза.) Другі б зарэзаў і закапаў. Абаіх. А зверху - мохам... (Доўгая паўза Страсянуўшы галавою.) Ідыёт, дадумаўся... (Кароткая паўза.) Сесці ў машыну і паехаць. Вечарам прысунуцца, пехам, а я... а я ў ложку, з цялушкай... Прыгожанькую падчапіць. Так, менавіта падчапіць. Зараз - проста. (Кароткая паўза.) Мне трыццаць пяць толькі. Да таго, прыстойны чалавек, кандыдат навук... а на машыне не напісана, што яна чужая. (Кароткая паўза.) Атрымліваецца. Не хопіць грошай - прадаць што-небудзь, загнаць. (Кароткая паўза.) Шлюбны пярсцёнак. Паболей цынізму, каб беззваротна. (Кароткая паўза.)...
   Ён, як і "маленькі чалавек" з аповесці Ф. Дастаеўскага "Чалавек з падполля", ужо прызначыў сабе ахвяру, аб'ект помсты. Толькі выяўляецца, што гэты аб'ект мае свае ўяўленні пра жыццё, маральныя каштоўнасці, да таго ж разумее Вадзіма лепш, чым ён сам (бо падслухала яго маналог у лесе). І ён губляецца перад не падобным да ягонага спосабам мыслення.
   Вадзім - тып сучаснага няўдачніка. Ён не выкліча на двубой, не сканчае жыццё самагубствам - час не той і ментальнасць не тая. Але комплекс непаўнавартаснасці, памножаны на паталагічную рэўнасць, дае наступствы, не менш злавесныя, чым у яго літаратурных папярэднікаў.
   Зноў прыгадваюцца "маленькія людзі" Ф. Дастаеўскага з іх патаемным душэўным падполлем, загнанымі на самае дно падсвядомасці пачуццямі крыўды і знявагі. Ён умеў апісаць няпростыя псіхалагічныя працэсы, дэфармацыі, якія адбываюцца ў падсвядомасці зняважаных і пакрыўджаных.
   Свядомасць Вадзіма пачынае раздвойвацца, "множыцца". Яго душэўная хвароба вызначаецца як шызафрэнія... Драматург знайшоў спосаб адлюстраваць акалічнасці гэтай хваробы, увасобіць іх праз сцэнічную вобразнасць.
   Спакваля, як хвароба ўбіраецца ў сілу, Вадзім пачынае чуць галасы іншых істот. Неўзабаве гэтыя істоты матэрыялізуюцца. Яны - спараджэнні яго трызнення, вынік раздваення яго свядомасці.
   Уяўленне драматурга ажыўляе гэтых істот, персаніфікуе іх, надае рысы дзейных асоб, але гэта персанажы-пачвары - Падушкападобны, Супермен, Клеапатра, Камандзір. Яны становяцца гаспадарамі на сцэне, адсоўваючы на другі план астатніх персанажаў.
   Карціна атрымліваецца бязрадасная. Свядомасць "сярэднестатыстычнага" чалавека, як высвятляецца, мае такія змрочныя глыбіні, пра якія не здагадваюцца нават псіхолагі. Можна расцаніць гэтую з'яву як гульню фантазіі драматурга, наўмыснае перабольшванне. Але рэальнае жыццё з кожным днём падкідае ўсё больш выпадкаў нематываваных і выключна жорсткіх, садысцкіх злачынстваў, здзейсненых нібыта нармальнымі асобамі!
   Разам са з'яўленнем злавесных мутантаў дзеянне драмы пачынае на вачах "ачужацца", набываць рысы фантасмагорыі. "Ачужэнне" закранае не толькі Вадзіма. Яго задушэўныя гутаркі з Аленаю на лавачцы ў скверы перапыняюцца шэсцямі і выкрыкамі нябачнага натоўпу: "Бі камуністаў!", "Бі шпікулянтаў!", "Бі жыдоў!" Малюнак агульнага азвярэння і вар'яцтва дапаўняе з'яўленне птэрадактыляў, чые змрочныя цені праносяцца над горадам, як бы знамянуючы надыход іншай эры ў жыцці цывілізацыі. Эры расчалавечвання, спусташэння, вяртання да першабытнага стану.
   Падушкападобны, Супермен ды іншыя - увасабленне змрочных, нізкіх "базавых" чалавечых інстынктаў, якія вырваліся з палону падсвядомасці, не кантралююцца ні сумленнем, ні чалавечай мараллю і таму пагражаюць гібеллю ўсяму разумнаму свету. Найперш яны бяруць у аблогу Вадзіма, яго жонку Ларысу, Алену, яе сябра Косцю, Яўгена Мікалаевіча, незалежна ад таго, ляжыць на іх нейкая віна або не. Для "падушкападобных" не існуе паняцця "віна"; гэтыя будуць знішчаць людзей толькі за тое, што яны людзі...
   Драма Міколы Арахоўскага набывае прыкметы філасофскай "антыдрамы" і антыўтопіі - папярэджвае пра магчымасць дэгуманізацыі, распаду маралі, калі людзі забудуцца на такія простыя грамадскія "рэгулятары", як давер, спагада, разуменне...