Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Песня

   Песня - вершаваны твор пераважна лірычнага або ліра-эпічнага характару меладычны па свайму інтанацыйнаму малюнку і прызначаны для спявання.
   Вылучаюцца два віды песні - народныя і літаратурныя.
   Народныя песні (у шырокім сэнсе) бываюць: эпічныя (быліны, думы, гістарычныя песні), ліра-эпічныя (балады, галашэнні), ліра-драматычныя (карагодныя, гульнёвыя, прыпеўкі) і лірычныя. Лірычныя песні, у якіх ідэйна-эмацыянальнае стаўленне да тых ці іншых падзей, найбольш пашыраны ў фальклоры і маюць мноства жанравых разнавіднасцяў.
   Так, да каляндарна-абрадавых песняў, выкананне якіх прымеркавана да пэўных свят або пораў года, адносяцца: калядкі, шчадроўкі, масленічныя, вяснянкі, валачобныя, юраўскія, купальскія, пятроўскія, жніўныя, восеньскія. Сямейна-абрадавыя песні уключаюць цыклы хрэсьбінных і вясельных песень; сацыяльна-бытавыя і сямейна-бытавыя складаюцца з антыпрыгонніцкіх, рабочых, рэвалюцыйных, батрацкіх, чумацкіх, пастухоўскіх, рэкруцкіх і салдацкіх, песняў пра жаночую долю і інш. Шчырасцю пачуцця, багаццем вобразна-выяўленчых сродкаў вылучаюцца беларускія любоўныя песні. Дасціпнасць, мяккі гумар, тонкая назіральнасць характэрны для песняў жартоўных. Бадай. няма больш або менш значнай падзеі ў духоўным жыцці беларусаў, якая не знайшла б адлюстравання ў задушэўнай народнай песні.
   Пазнейшымі па часе ўзнікнення з'яўляюцца песні літаратурныя. Адна са своеасаблівасцей іх у тым, што, у адрозненне ад народных, тэкст у іх узнікае раней за музычны напеў і часам існуе сам па сабе. У залежнасці ад тэматычных асаблівасцей і прызначэння літаратурныя песні падзяляюцца ня патрыятычныя, грамадзянскія, лірычныя, жартоўныя, на такія жанры, як гімн, марш, раманс, баркарола, серэнада і інш. Для літаратурных песняў характэрная меладычнасць, адсутнасць ускладнёных тропаў, падзел на строфы, наяўнасць прыпеву (страфа з некалькіх радкоў, што паўтараюцца праз пэўную колькасць куплетаў песні).
   Самымі раннімі па часе ўзнікнення беларускімі літаратурнымі песнямі былі духоўныя (царкоўныя) песні, якія падчас выконвалі ролю дзейснага сродку ў рэлігійным змаганні. Да ліку іх, у прыватнасці, адносіцца антыуніяцкая песня Афанасія Філіповіча "Даруй пакой царкве сваёй, Хрысце Божа", што ўвайшла (разам з нотным запісам мелодыі) у яго "Дыярыуш" (1646). Тэксты, разлічаныя ня музычнае выкананне, пісалі беларускія паэты XІX ст. Ян Чачот ("Быў я колісь кавалём", "Плакала бяроза ды гаварыла"), Ян Баршчэўскі ("Гарэліца", "Дзеванька"). У свае п'есы, вершаваныя аповесці і апавяданні Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч уключыў шмат народных або ўласных песняў, напісаных па ўзору фальклорных. Францішак Багушэвіч стварыў вершаваны цыкл з 10 твораў, які назваў "Песні". Сюды ўвайшлі песні самых розных жанравых разнавіднасцяў - элегічныя ("Удава", "Хмара"), жартоўныя ("Сватаны", "Сватаная"), сатырычныя ("Песня"), калыханка ("Калыханка") і інш.
   Асаблівае пашырэнне літаратурная песня атрымала з пачатку ХХ ст., калі надзвычай папулярнымі сталі песні маршавыя, гімнавыя ("Інтэрнацыянал" Э. Пацье, "Варшавянка" Г. Кржыжаноўскага, "А хто там ідзе?", "Не загаснуць зоркі ў небе", цыкл "Ваяцкіх песняў" Янкі Купалы). Сапраўды ўсенародны характар набылі многія песні на словы Янкі Купалы ("Явар і каліна", "Шумныя бярозы", "Спадчына"), Макіма Багдановіча ("Слуцкія ткачыхі", "Зорка Венера", "Вераніка"), Якуба Коласа ("Мой родны кут"), К. Буйло ("Люблю наш край..."), Наталлі Арсенневай ("Магутны Божа"), А. Русака ("Бывайце здаровы", "Лясная песня"), А. Астрэйкі ("Песня пра Нёман"), Алеся Бачылы ("Радзіма мая дарагая"), Веры Вярбы ("Ручнікі") і інш.
   Сваё развіццё беларуская песня атрымала ў творчасці Петруся Броўкі, Аркадзя Куляшова, Максіма Танка, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Леаніда Дранько-Майсюка, Алега Лойкі, Уладзіміра Някляева і інш. З'явіліся паэты-песеннікі, якія спецыяльна пішуць тэксты для песняў (М. Анемпадыстаў, Алесь Бадак, А. Дзеружынскі, У. Карызна, А. Лягчылаў, Л. Пранчак, І. Скурко і інш.).
   Сапраўдныя крылы песням даюць кампазітары-песеннікі, сярод якіх асаблівай увагай да беларускай песеннай паэзіі вызначыліся М. Аладаў, У. Алоўнікаў, Н. Сакалоўскі, Ю. Семяняка, А. Туранкоў, І. Лучанок, Э. Ханок, Л. Захлеўны, Э. Зарыцкі, І. Кузняцоў, М. Куліковіч-Шчаглоў, М. Пятрэнка, М. Равенскі, Я. Цікоцкі і інш. Узнік асобны жанр - бардаўская песня. Барды - аўтары слоў і мелодый і адначасова выканаўцы песні (пераважна пад уласную гітару). Сярод іх вылучаюцца Эдуард Акулін, А. Атаманаў, А. Камоцкі, В. Мельнікаў, В. Цярэшчанка і інш. Папулярнасці народных і літаратурных песняў спрыяюць лепшыя народныя і прафесійныя хоры (Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы, Дзяржаўны народны хор імя Г. Цітовіча і інш.), вакальна-інструментальныя ансамблі ("Песняры", "Верасы", "Сябры", "Палац", "Свята", "Стары Ольса", "Крама", "Купалінка", "NRM", "Медуніца" і інш.).

Похожие статьи:

ВВосеньскія песні

ВВалачобныя песні

Ян ЧачотЯн Чачот - Песні і балады

ВВясельныя песні

ВВайсковыя песні