Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Вяснянкі

   Вяснянкі – жанравая разнавіднасць каляндарна-абрадавай лірыкі (гл.: абрадавая паэзія); народныя песні, якія спяваюць ранняй вясной (пачынаючы з 1 сакавіка) у час гукання вясны,«адмыкаючы» вясну і «замыкаючы» зіму.
   Вяснянкі генетычна звязаны з іншымі песнямі веснавога цыкла – юраўскімі, велікоднымі, траецкімі, якія адпаведна спяваліся на Юр’я (23 красавіка, калі першы раз выганялі жывёлу на пашу; Юрый лічыўся апекуном жывёлы), на Вялікдзень (валачобныя песні), на Сёмуху (Тройцу; Сёмуха прыпадае на сёмы тыдзень пасля Вялікадня).
   У вяснянках апяваецца веснавое абуджэнне прыроды, прылёт птушак, выказваецца надзея селяніна на добры год, багаты ўраджай, вера дзяўчат у добрае замужжа і гэтак далей.
   Узоры вяснянак – у выданні «Веснавыя песні» (1975). Вось адна з такіх песень:

 

Жавароначкі, прыляціце,
Цёпла лецейка прынясіце,
А зімачку прыбярыце,
Бо зімачка надаела,
Нам хлебушак пераела.
Жавароначкі, прыляціце,
Зямлю-матачку абудзіце
І дожджыкам напаіце,
Каб травачкі парасцілі,
Каб волікаў накармілі.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.