Валачобныя песні (ад бел. валачыцца) — жанравая разнавіднасць беларускай каляндарна-абрадавай паэзіі (гл.: абрадавая паэзія); велічальныя песні, якія спяваюць у першую ноч Вялікадня (Уваскрэсення Хрыстова) валачобнікі — самадзейныя гурты спевакоў, што ходзяць (часам разам з музыкамі) ад хаты да хаты, песнямі славяць Бога, гаспадароў і ўсіх сямейнікаў, атрымліваючы за гэта ўзнагароду грашыма ці прадуктамі.
У валачобных песнях, як ні ў якіх іншых, услаўляецца земляробчая праца, выказваюцца пажаданні ўраджайнага лета, прыплоду, прыбытку ў хаце і інш. Паколькі Вялікдзень заўсёды прыпадае на вясну, у валачобных песнях пануюць настроі абуджэння, ажыўлення, уваскрэсення, надзеі і веры ў лепшае будучае. Выяўленню гэтых настрояў падпарадкаваны ўвесь мастацка-вобразны лад валачобных песень, іх сімволіка, нават характар і сутнасць рэфрэнаў, што паўтараюцца пасля кожнага радка песні («Вясна красна на ўвесь свет!», «Сад зялёны вішнёвы», «Зялёны явар, зялёны», «Жаркае сонца ў ваконца!» і інш.).
Добры вечар, пане гаспадару!
Вясна красна на ўвесь свет!
Заспяваем песню вяльможнаму пану,
Як і для пана, таксама для пані.
У панскім дварочку, як у вяночку,
Садам абсаджоны, тынам гараджоны.
Панская ніва будзе ўрадліва.
Панскія дзеткі, як у садзе кветкі,
Да навукі кемны, у размове прыемны.
Палажыце кладку, пазавіце ў хатку,
Сыр на талерку закусіць гарэлку.
Пасля спявання валачобных песень звычайна ішлі вершаваныя пажаданні ўсім сямейнікам (гаспадыні, гаспадару, бабцы, дзеду, дзецям). Калі ж гаспадары аказваліся скупымі і не выносілі ўзнагароду за віншаванне, з гурту валачобнікаў маглі раздавацца вершаваныя кленічы-пагрозы («Не дасі яечка — здохне авечка, Не дасі грошы — заядуць вошы» і г. д. ).
Валачобныя песні — спецыфічны жанр беларускага фальклору, зусім ці амаль невядомы іншым славянскім народам. Іх найбольш поўную публікацыю глядзіце ў выданні «Валачобныя песні» (1980).
Похожие статьи:
В → Вясельныя песні
П → Песня
В → Вайсковыя песні
Ян Чачот → Ян Чачот - Песні і балады
В → Восеньскія песні