Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Ян Чачот - Песні і балады

   Зборнічак народных песняў 1846 г. выдання ў запісах Яна Чачота «Вясковыя песенькі з-пад Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі на славянска-крывіцкай мове і яе самабытныя словы, з назіраннямі над гэтай мовай» (такая поўная назва зборніка) літаральна ашаламіў Францішка Багушэвіча.  

   Асабліва ўразіла яго прадмова да песняў: што ні слова — то нібыта пра яго ці нават зварот да яго.  

   Ян Чачот, разважаючы пра будучыню беларускай мовы, гаворыць пра неабходнасць укладання граматыкі і слоўнікаў: «Той, хто ўзяў бы сабе гэты клопат, заслужыў бы ўдзячнасць не толькі цяперашняга пакалення, але і больш пэўную ў будучым».  

   Чачотава прадмова да зборніка народных песняў стала першай спробай зрабіць разгорнуты агляд асноўных моўных асаблівасцяў беларускіх гаворак.  

   Ян Чачот меў цудоўны талент паэта-песенніка. Яго вершы лёгка клаліся на музыку, бо ён быў надзвычай чуйны да мелодыкі слова. Яго песня «Прэч, прэч, сум, нудота..» — бадзёрая, аптымістычная. Яе вельмі любіла моладзь. Твор быў напісаны Чачотам, паводле яго слоў, на матыў песні «крывічан» (тэрмін Яна Чачота): «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла...» Ахвотна спявала моладзь і яго іншыя песні, што былі створаны на матывы беларускіх народных песень: «Бяду сабе купіла да за свае грошы», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся». Песні прызначаліся для паэтавай каханай — Зосі Малеўскай, дачкі рэктара Віленскага універсітэта; Зосю кахаў і Тамаш Зан. Песні гэтыя Зося выконвала на фартэпіяна, яны заўсёды сустракаліся віленскай моладдзю на вечарынах бурнымі воплескамі, а самога аўтара падымалі «на ўра», асабліва за тыя песні, што былі напісаны ім па-беларуску.  

   Сваё захапленне песнямі Яна Чачота выказаў Адам Міцкевіч у лісце 27 лістапада 1819 г.: «Што мяне... узрадавала — прызнаюся табе па-філамацку — гэта твае песні, я бачу ў іх агромністы і хуткі прагрэс з часу твайго ўступлення на пісьменніцкую дарогу. Лёгкасць ды прытым агонь... пераўзышлі нават тыя надзеі, якія я ўскладаў на цябе. Прэч з дарогі, Заны, прэч, Адамы! Не лянуйся, калі ласка, ты пішаш усё лепш...»  

   Песні Чачот піша на беларускай мове нават у вязніцы, куды трапляе разам з іншымі філаматамі. Паводле ўспамінаў сучаснікаў, Чачот пасля абвяшчэння яму прысуду спяваў сваю песню:  

Да лятуць, лятуць да дзікія гусі,

Да нас павядуць да далёкое Русі.

   «Лёгкасць» і той «паэтычны агонь», пра якія казаў A. Міцкевіч, вялікі сябар Яна Чачота, — адметнасць яго паэзіі. І гэта пры ўсім тым, што ён быў першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліку, уздымаючы «сваю скібіну слова».  

   Ніяк нельга пагадзіцца са сцверджаннем некаторых літаратура-знаўцаў, быццам «для Яна Чачота беларускія вершы былі практыкаваннямі на беларускай мове», што ён «выдаваў іх для нашчадкаў, асабліва для навукоўцаў-лінгвістаў». Нават калі і так, то зусім не благі клопат для кожнага самавітага прыстойнага чалавека, а тым больш — творцы. Ян Чачот сапраўды клапаціўся пра нашчадкаў, бо і нам прысвячаюцца, нашым душам і розумам адрасаваны яго радкі, у якіх і«лёгкасць», і «паэтычны агонь»:  

Гэй вы, хлопцы,

Гэй, малойцы,

Час за працу брацца —

Досыць з Бахам знацца!

Вам чало ўвянчае

Край, што так чакае

Вашых слаўных дзеяў:

Вы — яго надзея!...

Вам навукам, працы

Трэба ўсім аддацца!

Каб не змарнавалі

Час і не праспалі.

Ключ да шчасця — знаю —

Ў клопаце аб краю!

   Гэта і нам наказвае Ян Чачот:  

Сейце без прынукі

Вы святло навукі.

... Кожны з нас айчыне

Паслужыць павінен.

Свету, добрым людзям —

Славу так здабудзем.

   Афарыстычна сфармуляваны Янам Чачотам духоўны тэстамент:  

Будзе той каханы,

Лаўрамі ўвянчаны,

Хто працуе ў поце,

Дбаючы аб цноце,

Каб вярнуць, браты,

Век наш залаты!

(«Гэй, малойцы!»)

   Да нас дайшло няшмат беларускамоўных твораў Чачота (каля 30 вершаў, змешчаных у шасці тамах беларускіх народных песень). Бясспрэчна, самую большую каштоўнасць з яго спадчыны ўяўляе менавіта фалькларыстыка. У беларускай фалькларыстыцы Ян Чачот — «постаць, можна сказаць, першай велічыні... Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста», — сцвярджае К. Цвірка.  

   З літаратурнай спадчыны Яна Чачота вялікую каштоўнасць уяўляюць і яго балады, напісаныя на польскай мове. Сучаснаму чытачу яны вядомы ў выдатным перакладзе на родную мову Уладзіміра Мархеля.  

   Вядомы польскі вучоны Станіслаў Свірка ў 1958 г. пісаў, што «...тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці».  

   Адам Міцкевіч быў вельмі ўдзячны свайму сябру. Нездарма, прысвячаючы сваю першую, сапраўды праграмную кнігу «Балады і рамансы» сябрам-філаматам, першым сярод іх ён назваў імя Яна Чачота. 

   Паэта цікавіць мінулае роднага краю. Захапленне самым! Значнымі постацямі мінуўшчыны, асабліва Львом Сапегам, які спрычыніўся да Статута ВКЛ, вывучэнне летапісаў і хронік натхніла Яна Чачота на стварэнне балад. У іх ён выявіў сваё разуменне гісторыі, свой светапогляд:  

Горш няма, чым сварка дома,

Брат ідзе на брата,

Пэўна ўжо ад калатнечы

Прападзе іх хата.

   Так пачынаецца балада «Разлад Вітаўта з Ягайлам», у якой Ян Чачот акцэнтуе ўвагу на тым, што разлад паміж Вітаўтам і Ягайлам скарысталі ворагі: «крыжакі прыйшлі адразу ў дом іх для расправы». Выснова паэта, што мінулае павінна вучыць нас, як жыць сёння, выяўлена ў апошняй страфе:  

Тут навука для нашчадкаў

Хай заб'е трывогу:

Хто ж ваюе дома й кліча

Ворага ў падмогу!

   Балады Яна Чачота цікавыя да ўсяго яшчэ і асобасным яго «прачытаннем» гісторыі і гістарычных крыніц.  

   Усе творы Яна Чачота — сапраўды беларускія. І не толькі тыя, што напісаны на беларускай мове, але і польскамоўныя. Беларускія — сваім пафасам і праблемамі, якія вырашае ў іх паэт, і выключна нацыянальным матэрыялам і каштоўнасцямі, якія ён сцвярджае. Прайшоўшы праз турмы і ссылкі, да канца сваіх дзён Ян Чачот застаўся верным беларускаму народу, яго культуры і мове.

Похожие статьи:

БиографииЯн Чачот

Ян ЧачотЯн Чачот - Свіцязь

Ян ЧачотЯн Чачот - О ты край мой нешчаслівы...

Ян ЧачотЯн Чачот - Яжовыя імяніны

Ян ЧачотЯн Чачот - Паэзія 30-40 гг. ХІХ ст.