Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Максім Багдановіч - Слуцкія ткачыхі

Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы
Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.
І цягам доўгія часіны,
Дзявочыя забыўшы сны,
Свае шырокія тканіны
На лад персідскі ткуць яны.
А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, –
І думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора...
І тчэ, забыўшыся, рука,
Заміж персідскага узора,
Цвяток радзімы васілька.



Адказы на пытанні:

   1. У арнаменце заўважаюцца беларуская ралля, палявыя кветкі, золата каласоў, сінь васількоў. У слуцкіх паясах пераважаюць залаты, чорны, чырвоны, сіні колеры.

   2. Верш Максіма Багдановіча "Слуцкія ткачыхі" расказвае пра далёкае XVIII стагоддзе, калі на Беларусі ў майстэрнях-"персіярнях" вырабляліся слуцкія паясы, якія сталі шырока вядомымі ў свеце. Паэта хвалюе тэма нацыянальнай адметнасці беларускага мастацтва, яркасць і прыгажосць якога прынесла яму сусветную славу і да нашых часоў высока цэніцца.

   3. Верш як бы дзеліцца на дзве паловы: у першай пераважае сум, туга, а ў другой палове сцвярджаецца перамога роднага жывога мастацтва над мёртвым персідскім.

   4. З вакна адкрываецца шырокае яркае поле пад крыштальна-сінім небам, адчуваецца прастора родных ніў, квітнее вясна ружова-белым квеценем, залатая збажына. Сінія вочы васількоў, срэбра рэк, а ўдалечыні цямнее лес. У гэтым малюнку столькі хараства і прывабнасці, бо жанчыны любяць свой край, разумеюць і адчуваюць родную прыроду, ім нямілы прыгнёт і чужына.

   Эпітэты: бяздольныя, залатыя паясы, край зубчаты бора, дзявочыя сны, доўгія часіны, шырокія тканіны, ясная даль, халоднае срэбра.
   Метафары: смяецца поле, зіяе неба з-за акна, думкі мкнуцца туды, дзе расцвіла вясна; блішча збожжа, сінеюць васількі, ззяюць хвалі.
   Параўнанні: халодным срэбрам ззяюць хвалі.

   5. З першых слоў у творы сутыкаецца роднае, сваё, з чужым, панскім:


Ад родных ніў, ад роднай хаты
У панскі двор дзеля красы...


   Чуеш жывы боль развітання ў гэтым звароце яшчэ і яшчэ раз да слова "родны", што бязлітасна змяняецца на "панскі"... Размежаванне "роднага" і "чужога" арганізуе ўсю будову, рытмічную аснову твора. А наступныя радкі адкрыта пачынаюць выказваць варожасць паміж "панскім дваром" і "роднай хатай":

Яны, бяздольныя, узяты
Ткаць залатыя паясы.


   Тут ужо гучыць думка пра прымус, тым больш што слова "ўзяты" інтанацыйна ўзмацняецца як апошняе слова радка: у ім выразна відаць яго "залежны" стан, у ім жыве сваімі супярэчнасцямі рэальны свет – той, дзе высокае мастацтва здабываецца так не па-чалавечы, гвалтам, прымусам.
   Другая частка верша звязваецца з папярэдняй праз новую тэму – "А за сцяной смяецца поле...". Як вольна, як бы вырваўшыся з-за сцен панскага палаца, імкнуць на волю радасныя думкі! I зноў, як працяг роднай тэмы, ажывае ў думках малюнак прыроды:


А за сцяной смяецца поле,
Зіяе неба з-за акна, –
I думкі мкнуцца мімаволі
Туды, дзе расцвіла вясна;
Дзе блішча збожжа ў яснай далі,
Сінеюць міла васількі,
Халодным срэбрам ззяюць хвалі
Між гор ліючайся ракі;
Цямнее край зубчаты бора...


   Гэтыя радкі як бы вымаўлены на адным дыханні. Падтрыманыя парывам захаплення, яны ад перапоўненасці пачуцця аж пераплёскваюцца праз край. I як вяршыня тэмы роднага краю ўзнікае матыў васількоў. Тут бачым наступ роднай тэмы, якая ўжо зраўнялася ў сваёй моцы з чужой. Радкі гучаць больш дынамічна, упэўнена, чым у першай частцы. У іх рытме чуваць водгукі перамогі.

   6. Аўтар даводзіць думку пра нацыянальную адметнасць праз вобраз васілька, які атаясамлівае з Бацькаўшчынай, народным мастацтвам. Гэта нацыянальны сімвал, які народжаны самой гармоніяй прыроды, "жывой красой" неба, жытняга поля, ракі, лесу, і ўзнікае ў творы мастацтва як бы падсвядома, сам па сабе... Ён убачаны нібы ў "яснай далі", узбуйнена, святочна, у светлым ззянні і харастве роднай зямлі.
   Нажаль сёння мы не заўсёды цэнім народнае мастацтва, але яно застаецца самабытным, яркім, непаўторным.

   7. Верш "Слуцкія ткачыхі" стаў народнай песняй, на яго словы пісалі музыку і кампазітары, верш вельмі спеўны, лірычны, пяшчотны, лагодны, запамінальны, лёгка кладзецца на музыку.
   Мастацкая дасканаласць верша дасягаецца разнастайнымі моўнымі і мастацкімі сродкамі, у невялікім па памеры вершы, аўтар стварае галерэю вобразаў-сімвалаў, якія дапамагаюць чытачу ўявіць хараство і непаўторнасць беларускай прыроды, адметнасць нашай нацыі, адчуць любоў да роднага, пранікнуцца нацыянальнай годнасцю, замілаваннем і пяшчотай.

Похожие статьи:

Максім БагдановічТворчасць Максіма Багдановіча

Максім БагдановічПатрыятычная лірыка Максіма Багдановіча

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Вадзянік

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Страцім-лебедзь

Максім БагдановічМаксім Багдановіч - Маёвая песня