Восеньскія песні — жанравая разнавіднасць беларускай каляндарна-абрадавай лірыкі (гл.: абрадавая паэзія); песні, што суправаджаюць восеньскую працу селяніна, пачынаючы з асенняга жніва (другая палавіна жніўня) і да піліпаўкі (канец лістапада). У іх паэтызуецца чалавек працы і сама праца (жніво ярыны, копка бульбы, уборка лёну, нарыхтоўка грыбоў, ягад, арэхаў і г. д.), апяваецца восеньская прырода, выяўляюцца жаночыя і дзявочыя перажыванні, звязаныя з цяперашнім ці будучым замужжам. Матыў замужжа асабліва часты ў восеньскіх песнях, паколькі восенню, пасля ўборкі ўраджаю і да каляднага посту, калісьці звычайна ладзіліся вяселлі.
Адна з характэрнейшых асаблівасцяў восеньскіх песень — разгорнуты псіхалагічны малюнак: вобразы прыроды суадносяцца з жыццёвым лёсам чалавека, найперш — маладой дзяўчыны. Вось тыповы ўзор восеньскай песні:
— Чаго ты, лосю, чаго сівенькі
К сялу прылягаеш?
А ці ты, лосю, ці ты, сівенькі,
Цяжкую зіму чуеш?
— Ды хоць цяжкую, хоць не цяжкую, —
Не будзе, як лецечка,
Ды хоць цяжкую, хоць не цяжкую, —
Не будзе, як цёплае.
— Чаго, дзевачка, чаго, маладая,
Ты к сталу прылягаеш?
Ці ты, дзевачка, ці ты, маладая,
Ліхую свякроў чуеш?
— Ды хоць ліхую, хоць не ліхую,
Не будзе, як мамачка.
Я ў мамы жыла, як ружа цвіла,
А ў свякроўкі не буду.
Восеньскія песні — арыгінальная з’ява беларускага фальклору. Публікацыю іх глядзіце ў выданні «Восеньскія і талочныя песні» (1981).
Похожие статьи:
В → Вайсковыя песні
В → Валачобныя песні
Ян Чачот → Ян Чачот - Песні і балады
В → Вясельныя песні
П → Песня