Двухрадкоўе — найбольш просты від страфы, якая складаецца з двух радкоў, звязаных сумежнай рыфмоўкай ці клаўзацыяй (у белым вершы). Можа ляжаць у аснове манастрафічнага верша (двухрадковік).
У антычнай паэзіі двухрадкоўі пэўнага памеру ўтваралі асобную страфу — элегічны двуверш. Надзвычай распаўсюджана ў паэзіі Усходу (бейт).
Двухрадкоўе нярэдка ўваходзіць як састаўная частка (у гэтым выпадку яго называюць рыфмовай парай) у больш буйныя страфічныя формы (чатырохрадкоўі, шасцірадкоўі, васьмірадкоўі — аабб, ааббвв, ааббввгг), служыць кодай у некаторых класічных відах строфаў (санеце шэкспіраўскага тыпу, актаве, анегінскай страфе). Найчасцей жа выступае як самастойная страфа ў лірычных вершах і паэмах:
Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны,
Дзе растуць, нібы грыбы, здаўна паэты.
Там зязюлямі завуцца ўсе кукушкі,
Гэтым краем з Кішынёва ехаў Пушкін.
Там прыгонных шмат паэтаў замарылі,
Там Міцкевіч закахаўся у Марылю.
(Пімен Панчанка. «Край паэтаў»)
Першы ўзор беларускага двухрадкоўя сустракаем у Францыска Скарыны ў прадмове да кнігі «Исход» (1517):
Помни дни светые святити,
Отца и матку чтити!
Не забивай ни едина,
И не делай греху блудна!
Не вкради что дружнего,
А не давай свядецтва лживего!
Не пожелай жены ближнего,
Ни имения или речи его!
Двухрадкоўе было асноўнай страфой у беларускіх паэтаў-сілабістаў, хоць графічна строфы тады не аддзяляліся адна ад другой (А. Рымша, Я. К. Пашкевіч, Сімяон Полацкі і інш.).
Двухрадкоўем напісаны асобныя вершы Янкі Купалы («Былі ў бацькі тры сыны», «Хто ты гэткі?»), Якуба Коласа («Каля акна ў астрозе», «На рэчцы»), Уладзіміра Дубоўкі («Бацькаў наказ», «Сенненская Алеся»), Максіма Лужаніна («Мараўская песня») і інш.