Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Шасцірадкоўе (секстэт)
Шасцірадкоўе, або секстэт (ад лац. sex — шэсць), — страфа з шасці вершарадоў, звязаных дзвюма, трыма ці адной рыфмай або толькі клаўзацыяй (у белым вершы).
Рыфмоўка можа быць разнастайная. Найчасцей сустракаюцца наступныя схемы рыфмоўкі: абабвв, аБаБаБ (секстына), АабВВб (рансарава страфа), АббАвв, ааббвв, АБвАБв. Напрыклад:
І прад высокаю красою,
Увесь зачараваны ёй,
Скланіўся я душой маёй,
Натхнёнай, радаснай такою,
А ў сэрцы хораша было,
Там запалілася святло.
(Максім Багдановіч. «Вераніка»)
Залягла, як пасцель,
Лебядзіная бель
На загон, на курган.
І кажан, і груган
Занямеў не на смех:
Гэта снег, толькі снег...
(Янка Купала. «Снег»)
Так з намі часінаю творчай бывае —
Працуеш над рэччу, над складам, шліфоўкай.
Шчаслівы, калі ёй прысуджана жыць:
Прыкінеш на сонца — гарыць залатая,
На дно яе глянеш, пабачыш — глыбока,
Ударыш рукою — што звон зазвініць!
(Пятрусь Броўка. «Бондар»)
Цікавы ўзор шасцірадкоўя (аБввБа) пакінуў невядомы беларускі аўтар XIX ст. у вершы «Я клічу Вас»:
Я клічу Вас,
кабы збудзіць
Сардэчным крыкам слёз і болі
І сэрцу Вашаму сказаць:
Браты радзімыя, ці ж спаць
Яшчэ дагэтуль не даволі?
Марнеці, гінуці ды гніць?!
Арыгінальны спосаб рыфмоўкі (ааббба) у вершы Янкі Купалы «Адцвітанне»:
Не шасцяць каласы,
Звон не валіцца з касы,
Не кладуцца ў стог пласты,
Толькі сыплюцца лісты
На яловыя кусты,
На сухія верасы.
Да шасцірадкоўя даволі часта звярталіся класікі рускай паэзіі. Так, гэтай страфой В. Жукоўскі напісаў 14 твораў, М. Лермантаў — 23, А. Пушкін — 49. Шасцірадкоўем шырока карыстаюцца і беларускія паэты.
У прыватнасці, Якуб Колас напісаў шасцірадкоўем 24 вершы, якія даюць 14 рыфмова-клаўзуальных схем і 23 мадэлі. Гэта была, бадай, яго самая любімая страфа (калі не лічыць чатырохрадкоўяў і двухрадкоўяў). Народны паэт Беларусі пакінуў розныя ўзоры рыфмоўкі ў шасцірадкоўі: аБаБвв («Партызанская песня»), ААбВВб («Наша сяло»), АббААб («Зімні вечар»), АБВБВА («У майскія дні»), АБХБВВ («На раздарожжы») і інш. Сустракаецца ў яго і надзвычай рэдкі від шасцірадкоўя — з рыфмоўкай аБаааБ:
Пасечаны лясы,
І толькі хмыз на торфішчы буяе.
Загоны-паясы,
Ні сілы, ні красы, —
На тыя ж галасы
Звініш, зямля заходняя, старая!
(«З дарогі»)
Шасцірадкоўе можа выступаць і ў выглядзе манастрафы (гл.: шасцірадковік).