Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Чатырохрадкоўе (катрэн)

   Чатырохрадкоўе, або катрэн (франц. quatrain, ад лац. quattuor — чатыры), — найбольш распаўсюджаная ў сусветнай, у тым ліку беларускай, паэзіі страфа з чатырох вершарадоў.
   Рыфмоўка можа быць разнастайная: найчасцей — абаб, радзей — аабб, абба, часам — аааа, аааб, ааба, абаа, бааа. Напрыклад:

 

Ты — вясною аквечаны луг,
шум дубровы магутны, пявучы,
непадайны сталёвы ланцуг,
што нам сэрцы нязломныя лучыць!
(Ларыса Геніюш. «Родная мова»)

Дае прырода зноў урокі нам:
Не верце цішыні, салодкім снам,
Бяда і радасць ходзяць побач вечна,
Людзей ратуе толькі чалавечнасць.
(Пімен Панчанка. «...На Брэстчыне

карыбскі ураган»)


Пахадзі над ракой
З камарынай талакой,
Калі месяц зойдзе ў хмару,
Памахай мне рукой...
(Максім Лужанін. «Пад цымбалы»)

Дзе пачынаюцца догмы?
Дзе прыжываюцца догмы?..
Там, дзе, як гончыя догі,
Прэм да гатовых дарог мы! ..
(Алег Лойка. «Догмы»)


   Чатырохрадкоўі разнастайныя і паводле метрычнай, сінтаксічнай структуры, чаргавання клаўзул. Усё гэта надае ім надзвычайнае рытмічнае, сінтаксічна-інтанацыйнае багацце, здольнасць выяўляць самыя патаемныя зрухі лірычнага перажывання. Таму чатырохрадкоўі і сталі пануючай формай беларускай строфікі. Яны могуць ужывацца як самастойна (чатырохрадковік), так і ў складзе больш буйных страфічных форм (санет, васьмірадковік), як у невялікіх вершах, так і ў буйных паэмах.
   Першыя па часе напісання чатырохрадкоўі сустракаюцца яшчэ ў старажытнай беларускай літаратуры, у прыватнасці ў «Дыярыушы» Афанасія Філіповіча (1647):

Даруй покой церкви своёй, Христе боже,
Терпети больш, не вем, если хто з нас зможе.
Дай помощ от печали,
Абысмы вцели зостали.


В вери святой непорочной в милы лета,
Гды ж приходят страшные дни в конец света!
Вылучаеш, хто з нас, пане,
По правици твоей стане.


   Чатырохрадкоўямі напісаны верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы», некаторыя ананімныя творы XVIII-XX стст., асобныя творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Гурыновіча, Янкі Лучыны і інш.
   Катрэнамі напісаны ледзь не ўсе паэмы Янкі Купалы, паэма Пімена Панчанкі «Патрыятычная песня».

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.