Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча
Жыццё Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча — яскравы прыклад адданага служэння Бацькаўшчыне і народу не толькі словам, але і справай. У фальварку Люцынка недалёка ад Івянца, у вясковай цішы ён не толькі пісаў свае творы. Дунін-Марцінкевіч адкрыў тут школу для сялянскіх дзяцей, у якой настаўнічалі яго дачка Каміла і сын Міраслаў.
Пачынальнік беларускай драматургіі стварыў і першы нацыянальны тэатр, быў яго рэжысёрам-пастаноўшчыкам і нават акцёрам. У 1864 г. быў арыштаваны па падазрэнні ў напісанні антыўрадавых выданняў і больш за год знаходзіўся пад следствам у мінскай турме. Старэйшую яго дачку Камілу за ўдзел у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага выслалі ў Салікамск.
Змены ў светапоглядзе пісьменніка вызначылі істотную, прынцыповую розніцу ў яго дарэформеннай і паслярэформеннай творчасцю. Творчасць Дуніна-Марцінкевіча прынята падзяляць на два перыяды.
Дарэформенныя творы вытрыманы ў духу рамантызму. У іх рэалізаваны такія элементы светапогляду Дуніна-Марцінкевіча, як ідэалізаванае ўспрыманне жыцця, аптымізм, надзея на рэформы, якія павінны змяніць жыццё народа да лепшага, любоў да народа, захапленне яго таленавітасцю і працавітасцю. Пісьменнік прапануе свае метады ўздзеяння на «кепскіх» паноў: перавыхаванне, а калі неабходна — пакаранне і абмежаванне іх у дзеяннях. Пісьменнік заклікае ўсіх да чалавечнасці, да згоды і паразумення ў грамадстве.
Вялікі поспех выпаў на долю оперы «Ідылія», музыку да якой на-пісаў Станіслаў Манюшка. Спектакль быў пастаўлены ў Мінску ў 1852 г. аматарскім калектывам пры ўдзеле самога Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, яго сям'і. Аўтар лібрэта быў рэжысёрам-пастаноўшчыкам спектакля, а таксама выконваў у ім ролю Навума Прыгаворкі. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч фактычна стаяў ля вытокаў новага нацыянальнага тэатра — не толькі як драматург, але і як рэжысёр і акцёр аматарскай сцэны.
Пастаноўку п'есы « Ідылія» («Сялянка») у 90-я гады XX ст. на падмостках Купалаўскага тэатра здзейсніў таленавіты рэжысёр Мікалай Пінігін. Аншлагі спектакля сведчаць пра таленавітасць твора, актуальнасць яго гуманістычных ідэй. Час паказаў, што надзеі пісьменніка на перавыхаванне паноў былі марныя. Але тая мастацкая сіла, з якой драматург сказаў пра духоўнае багацце народа, яго культуры, сцверджанне вечных ісцін і ўслаўленне вечных каштоўнасцяў робяць твор цікавым і для нашага сучасніка.
Вобразам галоўнай гераіні пісьменнік славіць каханне, сцвярджае гармонію знешняй і ўнутранай прыгажосці, дае ўрокі паспяховай барацьбы са злом. План Юліі вывесці на чыстую ваду і пакараць жорсткага камісара Выкрутача паспяхова здзейснены дзякуючы яе дасканаламу розуму і палкаму жаданню шчасця, лепшай долі для народа.
Самым каларытным вобразам у камедыі з'яўляецца вобраз Навума Прыгаворкі, у якім увасоблены пісьменніцкі ідэал простага чалавека і захапленне яго мудрасцю, трапнасцю і багаццем беларускай мовы, якой гэтая мудрасць і выяўляецца. Просты сюжэт, у аснове якога «хітры» план дваранкі Юліі выдаць сябе за сялянку, закахаць у сябе франкамана і ненавісніка ўсяго нацыянальнага — Лятальскага, каб паўплываць на яго стаўленне да народа, «аздабляецца» па-майстэрску створанымі камічнымі сітуацыямі, прыказкамі і прымаўкамі, якімі так і сыпле Навум Прыгаворка.
Пісьменніцкай увагай да народных песень, звычаяў і традыцый, майстэрскім іх выкарыстаннем з мэтай уславіць народ і яго багатую духоўную спадчыну вылучаецца і паэма «Гапон» (1855).
Апісаннем калізій кахання сялянскага юнака Гапона і працаўніцы-прыгажуні Кацярыны пісьменнік дасягае выключнага ўздзеяння на чытача і пераканальнасці ў паказе тагачаснага жыцця прыгоннага сялянства. Канфлікт паміж закаханымі з аднаго боку і хлуслівым амаральным аканомам з другога робіць сюжэт твора асабліва дынамічным, напружаным. Па нагаворы аканома, які таксама ўпадабаў Кацярыну, Гапона арыштоўваюць і здаюць у салдаты. Здавалася б, дабро пераможана. Аднак герой паэмы з гонарам вытрымлівае выпрабаванне, рэалізуючы пры гэтым свае самыя лепшыя якасці, — здолеў даслужыцца да афіцэра і стаць, па сутнасці, дваранінам. І ў гэтым творы, як у «Ідыліі», пісьменнік прапануе свой варыянт пакарання зла: там — перавыхаванне Лятальскага і выгнанне Банавантуры Выкругача, тут — адпраўка ў рэкруты аканома. Не капай яму другому... І гэты твор, як і «Ідылія», заканчваецца вяселлем. Пані, даведаўшыся пра ганебныя ўчынкі свайго аканома, адправіла яго самога ў рэкруты, а маладых шчодра адарыла.
Асаблівасцю паэмы з'яўляецца спалучэнне эпічнага, лірычнага і драматычнага. Эмацыянальнасць аўтарскага аповеду дасягаецца і меладраматычнымі сцэнамі, і ўключэннем народных песень, і насычэннем мовы словамі з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, і лірычнымі адступленнямі, і драматызацыяй дзеяння. Усё гэта сведчыць пра таленавітасць твора, напісанага па законах сентыменталізму.
Цікавасцю пісьменніка да фальклору, да старажытных звычаяў і абрадаў беларусаў вызначаецца і вершаваная аповесць «Вечарніцы» (1855), дзве песні якой — па сутнасці, анекдоты з народнага жыцця. Але галоўнае ў творы — не апісаны выпадак з жыцця ці ўзяты з фальклору сюжэтны матыў, а паэтычнае аздабленне, лірычныя адступленні. У іх, як, да прыкладу, у апісанні старажытнага абраду ўшанавання продкаў, аўтар ідэалізуе мінулае, дзе быццам бы ў згодзе жылі паны і мужыкі, а князі любілі «добрых крывічан» як сваіх братоў і не давалі нікому іх крыўдзіць.
Зусім іншы погляд на шляхту і паноў-чыноўнікаў выяўлены ў творчасці паслярэформеннага перыяду. Гістарычныя падзеі і турэмнае зняволенне прымусілі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча зрабіць пераацэнку многіх каштоўнасцяў, і як вынік — з ідылічнай яго творчасць становіцца рэалістычнай і рэзка сатырычнай.
Выкарыстаўшы ў «Пінскай шляхце» (1866) для сюжэта, на першы погляд, не вельмі значны, амаль анекдатычны факт, смешнае здарэнне, пісьменнік скіраваў увесь свой сатырычны запал на раскрыццё бюракратычнага суда і ўсёй парэформеннай рэчаіснасці. Гэта з'явілася адной з прычын цэнзурнай забароны п'есы, якая пабачыла свет толькі ў 1918 г. На глыбокім разуменні ўсёй абсурднасці, недарэчнасці паводзін герояў грунтуецца камізм твора «Пінская шляхта», жанр якога вызначыў сам пісьменнік, — «фарс-вадэвіль у адной дзеі».
Гратэскава, нібы праз павелічальнае шкло паказана ў творы «правасуддзе» наогул, увасобленае ў вобразе Кручкова, нахабству, цынізму, непрафесіяналізму якога няма межаў. Чытаючы царскія ўказы і законы, ён дапускае такія скажэнні, ад якіх «вушы вянуць»: ён блытае эпохі, цароў, указы. Ды што там эпохі! Ён не ведае, колькі дзён у месяцы: «49 апрэля», «сенцябра 75-га дня». У гэтым вобразе пісьменнік сабраў і ў завострана-гіпербалічнай форме (праз камічныя сітуацыі, маналогі, дыялогі, мову, з дапамогай сатырычных сродкаў) паказаў усё самае характэрнае для царскага чыноўніцтва: свавольства, хабарніцтва, грубасць, п'янства і інш. І вывад напрошваецца сам сабой: улада, у якой такія «слугі», доўга існаваць не павінна і не будзе.
Складаным і супярэчлівым, як і светапогляд, быў творчы шлях Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Але таленавітасць пісьменніка, яго любоў да народа, жаданне лепшай долі для яго, крытыка адмоўных з'яў вызначылі яго месца ў гісторыі беларускай літаратуры як буйнога мастака слова, заснавальніка нацыянальнай драматургіі.
Пра значэнне для нашай нацыянальнай культуры і пра сілу прыкладу Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча для нашчадкаў вычарпальна сказаў Янка Купала:
Жыве паміж намі дудар наш...
Жыць кожны так будзе, мой братку,
Хто родну старонку палюбіць,
Маўляў добры сын сваю матку.
Похожие статьи:
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Ідылія
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Прыпяць
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Пінская шляхта
Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч → Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч - Вечарніцы