Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Сентыменталізм

   Сентыменталізм (франц. sentiment – пачуцце, пачуццевасць) – літаратурны кірунак другой паловы XVIII - пачатку XIX стст. Назва паходзіць ад надрукаванага ў 1768 г. рамана англійскага пісьменніка Л. Стэрна «Сентыментальнае падарожжа».
   Сентыменталізм – літаратурны метад, які  існаваў у Заходняй Еўропе з 1720-х па 1780-я гг. Сентыменталісты ўпершыню пачалі апісваць у сваіх творах унутраны свет чалавека. Галоўным яны лічылі не розум, а пачуцці. Персанажы ў творах сентыменталістаў індывідуалізаваныя, здольныя суперажываць. Сентыменталісты не надавалі вялікага значэння становішчу чалавека ў грамадстве, іх увагу прываблівалі людзі з народу, блізкія да прыроды. У іх творах упершыню галоўнымі героямі сталі сяляне, прасталюдзіны. Сямейныя, сяброўскія адносіны, інтымны свет пачуццяў – вось кола тэм пісьменнікаў-сентыменталістаў. Свет гэты часта ідылічны, умоўны, адгароджаны ад грамадскіх падзей.  Сентыменталістам былі блізкія ідэі Асветніцтва, але яны пайшлі далей, увялі ў літаратуру простага чалавека, дэмакратызавалі яе. Найбольш выдатнымі прадстаўнікамі сентыменталізму  ў Англіі былі Лоранс Стэрн, Самуэл Рычардсон, Томас Грэй, Олівер Голдсміт, Джэймс Томсан, Эдуард Юнг, у Францыі Жан Жак Русо. 
   Беларускі сентыменталізм яскрава прадстаўлены ў творах Яна Баршчэўскага, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Яна Чачота.
   У Расіі сентыменталізм існаваў з канца XVIII да пачатку XIX ст. Ён развіваўся пад уплывам заходнееўрапейскіх сентыменталістаў. Пераклады іх твораў, асабліва раманаў Рычардсона «Памела», «Кларыса», «Гісторыя сэра Чарльза Грандысона» выклікалі ў Расіі вялікую цікавасць, пра захапленне імі згадваецца ў «Евгении Онегине» А. Пушкіна. Найбольш выдатным прадстаўніком сентыменталізму ў Расіі быў М. Карамзін. Яго «Письма русского путешественника», аповесць «Бедная Лиза», напісаныя пад уплывам твораў Русо, у сваю чаргу выклікалі нямала прыпадабненняў.  Аддалі даніну сентыменталізму таксама В. Жукоўскі, М. Гнедзіч, М. Мураў’ёў, М. Хераскаў.