Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васьмірадковік

   Васьмірадковік — верш з васьмі вершарадоў, завершаных па метрычнаму, інтанацыйна-сінтаксічнаму малюнку і па думцы.
   Рыфмоўка васьмірадковіка можа быць такой жа разнастайнай, як і рыфмоўка васьмірадковай страфы. Аднак найчасцей ён складаецца з двух катрэнаў (падчас нават аддзеленых графічна) або з шасцірадкоўя і двухрадкоўя, цесна звязаных інтанацыйна і сінтаксічна, што яшчэ больш падкрэслівае сэнсавае адзінства твора.
   Васьмірадковік звычайна мае характар медытацыі, філасофскай развагі. Першая палова васьмірадковіка, як правіла, — гэта вобразная канстатацыя факта, нейкае сцвярджэнне, тэзіс, другая — абагульненне, выснова, антытэзіс і вывад. Гэтым вершам шырока карыстаўся аварскі паэт Р. Гамзатаў (кніга «Восьмистишия»). Да яго нярэдка звярталіся і беларускія вершатворцы — Максім Танк, Пятрусь Броўка, А. Пысін і інш. Ніл Гілевіч, у прыватнасці, выдаў кніжку вершаў, цалкам напісаную васьмірадковікам («Актавы»). Вось узоры сучасных васьмірадковікаў:

 

Калі каханне абвянчае
Жаданай згодай маладых,
Свайго сумлення не хавае
Яно ад позіркаў чужых.
А звяжа шлюбам маладая
Сябе з нялюбым і старым,
Свайго сумлення не схавае
Яна за прозвішчам чужым.
(Аркадзь Куляшоў)

А страціць годнасць — невыносна,
Які б ні быў там дабрадзей...
Глядзіце знізу ўверх на сосны,
На воблакі.
Не на людзей.
А калі вас уздыме слава,
Аб гэтым думайце радзей...
Глядзіце зверху ўніз на травы
Ці на ваду.
Не на людзей.
(Пімен Панчанка)

Жыццё маё ў двухколерным свячэнні,
Як доўгі фільм. Я — аўтар і глядач.
Перада мною пошукі, здзяйсненні
І кіламетры сумныя няўдач.
І ў чымсьці каешся пасля аглядкі,
І знойдзеш чым сумленне суцяшаць.
Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі
Хацеў бы на мінулае спісаць.
(Аляксей Пысін)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.