Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Клаўзула

   Клаўзула (ад лац. clausula — заключэнне) — заключныя склады вершаванага радка пасля апошняга націскнога склада. У залежнасці ад колькасці складоў пасля націску клаўзулы бываюць мужчынскія (пасля націску складоў няма), жаночыя (адзін склад), дактылічныя (два склады) і гіпердактылічныя (тры і больш складоў).
   Сугучныя клаўзулы утвараюць рыфму.
   Клаўзула з’яўляюцца адным з асноўных рытмастваральных кампанентаў сілабічнага, сілаба-танічнага і танічнага вершаў.
   Ад характару клаўзулы залежыць рытмічны малюнак вершаваных радкоў.

 

Што шаг — пабеда бліжай, бліжай...
Штандар чырвоны на плячы...
Чым крыж цягнуць — лепш спаць

пад крыжам...

Іграйце песню, трубачы!!!
(Міхась Чарот. «Босыя на вогнішчы»)


   Усе радкі гэтай страфы напісаны адным і тым жа памерам — чатырохстопным ямбам. Але яны розняцца характарам клаўзулы: у цотных радках — мужчынскія, у няцотных — жаночыя.
   Як і іншыя рытмічныя адзінкі (пірыхіі, спандэі, лагічныя націскі і інш.), Клаўзулы надаюць рытмічнаму малюнку верша своеасаблівасць, адметнасць. Так, «мужчынскія канчаткі заўсёды ствараюць уражанне большай завершанасці, чым жаночыя» (Б. Тамашэўскі). У пэўнай ступені клаўзулы вызначаюць характар паэтычнага стылю таго ці іншага аўтара. Скажам, дактылічныя клаўзулы ў Якуба Коласа складаюць менш 1% ад агульнага радковага аб’ёму твораў, у той час як у Максіма Багдановіча — 2,4%, а ў Янкі Купалы — 4,8%.
   У белым вершы пэўнае чаргаванне клаўзул, або клаўзацыя, дапамагае спалучэнню вершаваных радкоў у строфы.