Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Міхась Чарот - Босыя на вогнішчы

   Паэма Міхася Чарота «Босыя на вогнішчы» (1922) — гэта вобразнае адлюстраванне рэвалюцыйных падзей на Беларусі. У крытыцы 20-х гадоў усталявалася думка, што «паэма Чарота ясна выявіла ідэйны кірунак новай беларускай літаратуры, ...была паваротным пунктам у літаратуры 1920-1923 гг., ...яна паставіла пытанне аб новай форме і новым змесце, ...упершыню высунула на літаратурную сцэну беларускую басанож, беларускі пралетарыят».
   Твор складаецца з дваццаці раздзелаў — па сутнасці дваццаці асобных вершаў, звязаных агульнасцю падзей і матываў. Сюжэта як такога ў паэме няма, кожны верш-раздзел з'яўляецца паэтычнай ілюстрацыяй да зменлівых гістарычных падзей, што ўплывалі на лёс Беларусі ў час рэвалюцыйнай віхуры. «Босыя», галоўны калектыўны персанаж твора, — адна з форм эстэтычнай гіпербалізацыі.
   Крытыкі імкнуліся вызначыць сацыяльны статус «босых». Паводле В. Кнорына твор Міхася Чарота — «гэта не паэма арганізаванага гарадскога пралетарыята буйных прадпрыемстваў, гэта паэма басаножы, — нашай сялянскай беднаты, нашага паўпралетарыята», які ён называе самай перадавой і самай рэвалюцыйнай сілай на Беларусі. У. Ігнатоўскі лічыў, што «босыя» — гэта актывісты рэвалюцыі, падпальшчыкі агню. «Босыя» запалілі ўсясветнае вогнішча, усясветны пажар. Беларусь у час гэтага пажару апынулася на мяжы яго. Гасіцелі пажару шмат разоў душылі рэвалюцыю ў Беларусі крывёю рабочых і сялян. Рэвалюцыя на Беларусі перарывалася белымі акупацыямі чужаземнага капіталу, што налажыла на падзеі рэвалюцыі ў Беларусі асаблівую мяйсцовую пячатку». Паэма Міхася Чарота менавіта аб гэтай «асаблівай мяйсцовай пячатцы» рэвалюцыі на Беларусі, але актыўнасць «босых» як вобраза паэмы яўна перабольшана аўтарам крытычнага нарыса. «Босыя» толькі рэагуюць на запаленне пажару на Усходзе, яны вітаюць яго і ім «цёпла» на гэтым «вогнішчы», бо пажар дастаў і сюды. Бадай, бліжэйшы да ісціны ў вызначэнні сутнасці «босых» быў Зміцер Жылуновіч. Прыхільнік на той час «пралетарскай літаратуры» ў нацыянальных формах, ён не згадзіўся лічыць твор Міхася Чарота за ўзор пралетарскай літаратуры, бо ў ім няма (і сапраўды няма) апявання «арганізаванай барацьбы пралетарыята за камунізм», а ёсць «басота», «люмпен», «ахвяры сацыяльных адносін між станамі, людзі пераможаныя, сышоўшыя з дарогі змагання». Зміцер Жылуновіч пацвярджаў свае высновы тэкстам. Ён даказваў, што «босыя» «стараюцца па мажлівасці выскаўзнуць з-пад агню адкрытай барацьбы», што яны «не толькі... не могуць змагацца», але «яны нават не ведаюць сваіх заданняў ды не ўцямяць сабе, хто яны: «— А як жа? Кім будзем звацца? Як будзе вось гэта ды тое?». Пры гэтым З. Жылуновіч лічыў паэму Чарота новым, свежым і арыгінальным па ідэі і стылю, таленавітым творам. Меркаванне Зміцера Жылуновіча аб сацыяльным абліччы «босых» вартае ўвагі, хоць ён, думаецца, эмацыяльна згусціў фарбы. Чарот-ідэолаг хацеў, мабыць, адлюстраваць у паэме тое, што шукалі ў ёй В. Кнорын і У. Ігнатоўскі. Чарот-мастак не мог не бачыць, што тыя гістарычныя, класавыя сілы, якія здзяйснялі пралетарскую рэвалюцыю ў Расіі, на Беларусі сапраўды адсутнічаюць. У тых гістарычных варунках, якія склаліся, Беларусь была пазбаўлена магчымасці самой абраць свой шлях, яна змушана была прымаць тыя формы існавання, якія дыктаваліся мацнейшымі сіламі. Вось гэты момант і прасочваецца выразна ў паэме: тое, што Беларусь была толькі адбіткам рэвалюцыйных падзей, іх водгаласам, рэакцыяй на іх. Сімвалізуе гэта і вобраз крыжа. У 3-й частцы твора пасля істэрыі руйнавання («Таварышы! Што нам трэба? — Пажа-ары!») як нейкае дзіўнае відовішча, як знамянальная вестка ў небе з'яўляецца крыж:

 

Раптам вецер, вецер смелы,
Крыж чырвоны нам нясе.


   Гэты знак з Усходу прываблівае ўвагу тутэйшых людзей:

На крыжы чытаюць: «Воля».
— Братцы! Гляньце на Усход!
То ж агонь, агонь збавення
Нам нясе чырвоны Крыж.


   Вобраз Крыжа, які, па задуме паэта, павінен быў увасабляць ідэю вызвалення «змучанага народа» або волю, прынесеную з Усходу, даваў магчымасць іншай трактоўкі, бо крыж у хрысціянстве — сімвал чалавечых пакут. Хоць Чарот і намагаўся раздзяліць «пакуты крыж» і «Чырвоны Крыж» як два палярныя вобразы, тым не менш традыцыйная семантыка пераважыла.
   «Босыя» — ключавы вобраз твора, аднак дзейныя асобы не толькі яны, але і іх «правадыры».

 

Адкуль прыйшлі? I хто яны?
Што рвуць няволі кайданы
I сыплюць свежыя магілы?..
Яны — байцы вялікай раці.
Іх хата там, дзе ёсць прастор.
Няволя, крыўда — вось іх маці!
Ідуць яны да сонца й зор.


   Паэтычнымі сродкамі створаны вобраз актыўных барацьбітоў — тых, чыімі рукамі запалена вялікае «вогнішча». Гэта не тутэйшыя «босыя», а тыя, каго яны чакаюць, — «вандроўнікі» з «Усходу».

За імі йдзе, хто голы, босы,
У пакуце жыў хто цэлы век...


   Вось гэта ўжо новыя беларускія тутэйшыя — «босыя», што ідуць за «байцамі вялікай раці».
   Такім чынам, выяўляецца пасіўнае, сузіральнае аблічча «босых». Актыўнасць іх праяўляецца толькі ў тым, каго прызнаць сабе за правадыра, а каго за ворага. З гэтага пункту гледжання выяўляюцца выразныя «ўсходнія» сімпатыі «босых». Там, на «Усходзе», іх вызваліцелі і правадыры на шляху «да сонца й зор», якіх яны называюць «нашымі». «Байцы вялікай раці», аднак, прышлыя людзі: яны прыходзяць і адыходзяць, затым прыходзяць ізноў і ўсталёўваюць свой парадак. «Босыя» іх вітаюць кожны раз. Без гэтых «байцоў» «босым» ніякавата, яны адразу губляюць адчуванне гістарычнай перспектывы. Так, у 5-м раздзеле перад нямецкай акупацыяй, калі «байцы» адыходзяць, «босыя» кленчаць: «Пачакайце... як жа нас?»
   У адказ чуецца: «К вам мы прыдзем, прыдзем жыва. // А цяпер мы раз! — два! — раз!!!».
   Той жа тып паводзін выяўляюць «босыя» і ў 12-м раздзеле перад пачаткам польскай акупацыі:

 

Босыя патыліцы чухаюць,
Пазіраюць праз плот,
У кулак плачуць:
— Бач, нашы паўцякалі,
Куды дзявацца нам?


   «Босыя» пасіўна ставяцца да ўзнаўлення парадкаў польскай і нямецкай акупацыі, не прымаюць іх, але церпяць і не змагаюцца з імі. З усіх прышэльцаў яны вітаюць толькі «ўсходніх», лічаць іх сваімі вызваліцелямі, «апекунамі», вераць у абяцаны імі «новы свет».
   Сучаснае прычытанне паэмы «Босыя на вогнішчы» дае магчымасць, зыходзячы з тэксту, інтэрпрэтаваць твор як метафару рэгіянальнага распаўсюджвання рэвалюцыі. Гэта ілюстрацыйныя паэтычныя абразкі да мясцовых гістарычных падзей. З эстэтычнага боку «босыя» — абагульнены мастацкі вобраз абнядоленай часткі грамадства («Гэй, за намі ў новы свет, хто убогі, хто раздзет!»), «беднаты», антыподам якому, відавочна, з'яўляюцца «абутыя». Такім чынам, канфлікт паэмы характарызуецца як сацыяльна-класавы. Калі параўнаць «тутэйшых» Купалы і «босых» Чарота, то можна заўважыць, што аснову эстэтычнай дамінанты вобраза «тутэйшых» складае матыў этнічны, нацыянальны, «босых» жа — сацыяльны, прычым дастаткова люмпенізаваны, у чым меў рацыю Зміцер Жылуновіч. «Босыя» — сімвал часу для беларускай паэзіі, і сімвалізавалі яны перш за ўсё змену самаўсведамлення, калі вартасць прыналежнасці да этнасу штучна замянялася на вартасць прыналежнасці да класа. Нацыянальна арыентаваныя «тутэйшыя» ў новай эстэтыцы пралетарскага мастацтва не маглі ўжо быць галоўным вызначальным вобразам. «Босыя» ж падыходзілі для гэтага выдатна. Таму Міхась Чарот і быў кананізаваны як стваральнік новага ідэйнага кірунку беларускай літаратуры.

 

 

Крыніца: Багдановіч І. Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 454-474.

Похожие статьи:

БиографииМіхась Чарот

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Вясенняя раніца

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Моладзь

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Песня беларуса

Міхась ЧаротМіхась Чарот - Звон