Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Спандэй

   Спандэй (грэч. spondeios) – такая стапа ў антычнай (метрычнай) сістэме вершавання, у якую ўваходзяць два доўгія склады (||).
   У сілаба-тоніцы спандэем называюць з’яву, калі ў двухскладовай ці (значна радзей) трохскладовай стапе становяцца побач два націскныя склады:

Не, досыць, досыць! трудна далей...
(Янка Купала)

Разносчыкі крычаць ля кожнай брамы.
Грyк, гoман, гул – усё ракой імкне.
(Максім Багдановіч. «У Вільні»)

Снег – трэці дзень.

Слядоў няма,

На двор і ў сад задзьмуты дзверцы.
(Максім Лужанін. «Снег – трэці дзень...»)


   Амаль усе радкі верша Рыгор Барадуліна «Міласэрнасць плахі», напісанага трохскладовым памерам (Ан3), у першых стопах утрымліваюць спандэй, што вызначае іх рытмічную непаўторнасць:

Вырак нoг абыякава босых.
Мaрны ўздых у глухім палыне.
Пoслух шляху ахвярнага–
Пoсах


Гoркі пыл аддае меліне.
Як апірышча мары і веры,
Ўсе шляхі абышоўшы ў жыцці,
Пoсах грyкне ў нябесныя дзверы,
Цiха ў хaту збаіцца зайсці.


   Злоўжыванне спандэем робіць верш грувасткім, няўклюдным. Разам з тым дзякуючы спандэю паэт можа рытмічна вылучыць тое ці іншае слова ў вершаваным радку, звярнуць на яго ўвагу. Арыгінальная выяўленчая «праца» спандэізаваных харэяў – у вершы Максіма Танка «На камарыным вяселлі»:

На змярканні – шум, гам, звон,
Гэта звоніць дуб, граб, клён.
Кветак весніх – жар, бель, сінь,
Россып буйнае расы.
 

   Шматлікія спандэі, разам са сцяжэннямі некаторых стопаў, вызначылі арыгінальны рытм верша Л. Паўлікавай «Бэз»:

 

Бэз! Бэз! Бэз!
Ах ты, стары знаёмы!
Пах, шэпт – увесь
Мроя далёкага дому.

Бэз! Бэз! Бэз!
Мчыцца на хвалі светлай
Плёс, луг, лес,
Юнае даўняе лета.

Бэз! Бэз! Бэз!
Тварам тану ў суквеццях.
Сінь, высь – спрэс
Звонам паўнюткі вецер.


   У вершы Петруся Броўкі «Родныя словы», напісаным Ам4, апошнія радкі ўсіх чатырох строфаў – суцэльныя спандэі, дзякуючы якім рытмічна вылучаюцца самыя дарагія для паэта словы-назвы. Гэтаму садзейнічае яшчэ і запіс кожнага аднаскладовага слова асобным радком. Вось пачатак верша:

Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія–
Мінск,

Пінск,

Брэст.
 

   У наступных строфах – такое самае рытмічнае вылучэнне слоў-назваў (дзякуючы спандэю і запісу асобнымі радкамі): …...Што продкі любілі спакойную працу – // Шклоў, // Клецк, // Мір; І разам з Бярозаю катаў тапілі – Пціч, // Друць, // Сож; У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў, – Блонь, // Струнь, // Звонь!
   У прыведзеных прыкладах спандэізаваныя радкі могуць успрымацца і як аднаскладовыя стопы. У такім разе вершы Л. Паўлікавай і Петруся Броўкі можна вызначыць як строфныя лагаэды.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.