Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Лагаэд

   Лагаэд (ад гр. logos - слова і aoide – песня) -
   1. Від антычнага верша, у радках якога чаргаваліся ў строгай паслядоўнасці розныя па характару стопы (двух-, трох- і чатырохскладовыя);
   2. Від сілаба-танічнага верша, у якім не вытрымліваецца да канца патрабаванне метрычнай аднароднасці вершаваных радкоў, аднак выразна праяўляецца рытмічная аднароднасць. Вылучаюцца тры тыпы лагаэду: стопны, радковы і строфны.
   У стопным лагаэдзе на адным і тым жа месцы ў вершаваных радках (часцей за ўсё - у трохскладовых стопах) "выпадаюць" адзін ці два ненаціскныя склады, назіраецца так званае сцяжэнне стопаў. У выніку ствараецца ўражанне, што верш напісаны рознымі стопамі. Лагаэд стопны ўжываецца амаль выключна ў перакладах з антычнай паэзіі або ў імітацыях антычных памераў.
   У лагаэдзе радковым у пэўным парадку чаргуюцца радкі розных метраў. Лагаэды радковыя рэдка сустракаюцца ў паэзіі, асабліва спалучэнні ямба з харэем. Імі, у прыватнасці, напісаны два раздзелы паэмы Янкі Купалы "Яна і Я" -"Яблыні цвітуць" (шасцістопны харэй - чатырохстопны ямб) і "На сенажаці" (шасцістопны харэй - шасцістопны ямб).
   У лагаэдзе строфным (сустракаецца ён, бадай, яшчэ радзей, чым радковы) у пэўнай паслядоўнасці чаргуюцца строфы, напісаныя розным метрам. Так, у вершы Пімена Панчанкі "Пры святле маланак" праз кожныя дзве страфы, напісаныя чатырохстопным ямбам, тройчы паўтараюцца строфы, напісаныя трохстопным анапестам. У вершы Максіма Танка "На палігоне" першыя чатыры радкі - пяцістопны ямб, другія чатыры - пяцістопны харэй.
Лагаэды дапамагаюць зрабіць сілаба-танічны верш рытмічна больш разнастайным, рухомым, а тым самым - паўней выявіць паэтычную форму твора.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.