Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Францыск Скарына
Гістарычнае мінулае нашай Бацькаўшчыны адзначана многімі значнымі постацямі. Аднак, бадай, ні адна з іх так, як Францыск Скарына, не заслугоўвае шматразовага эпітэта «першы». Менавіта ён, Скарына, першы прынёс Усходняй Еўропе ўзор кніжнага майстэрства. Выдаючы Біблію, Скарына першы спалучыў дзве мэты гэтай працы - «Богу ко чти и людем посполитым к доброму научению». Ён не толькі «друк распачаў за паўвека да Фёдарава». Ён — наш першы паэт. Ён - першы наш вучоны-літаратуразнавец. Ён — першы наш лексікограф, выдатны тлумачальнік лексічнага значэння слоў...
Спадчына Скарыны — наш беларускі гонар, наш нацыянальны скарб і візітоўка нашай краіны.
Тытан эпохі Адраджэння, асветнік-гуманіст, вучоны, пісьменнік і перакладчык, заснавальнік кнігадрукарства ва Усходняй Еўропе, мастак... Ён не толькі наш першы доктар навук — ён першы беларускі універсітэт. У яго творчай спадчыне — пачаткі ўсіх нашых пачаткаў, бо ён і філосаф, і філолаг, і гісторык, і эстэтык, і педагог, і батанік, і медык.
У тым, што мы ёсць сёння як нацыя і грамадзяне, найпершая заслуга Францыска Скарыны. Без яго ўсведамленне нас як нацыі і народа ў свеце было б праблематычным.
Слаўны «сын з Полацка» (нарадзіўся каля 1490 г.) атрымаў выдатную па тым часе адукацыю ў Кракаўскім універсітэце, а затым у Падуанскім універсітэце ў Італіі, дзе ў 1512 г. бліскуча вытрымаў экзамен на годнасць доктара медыцыны. У славутай Зале Сарака Падуанскага універсітэта ёсць фрэска Джыакома Форна з надпісам «Францыск Скарына з Полацка». Але не медыцына і не вольныя мастацтвы сталі сэнсам яго жыцця. Ён «избрал оставити в науце и в книгах вечную славу и память свою».
Ён першы ўзняў родную мову на ўзровень мастацкай, навуковай. Адной з прычын сыноўняй адданасці Радзіме Ф. Скарына назваў вернасць сваёй мове: «Наболей с тое причины, иже мя милостивый Бог з того языка на свет пустил».
Мецэнатам Якубу Бабічу і Багдану Онкаву абавязаны мы тым, што наш слынны зямляк змог рэалізаваць свой дар: уславіць Бога і наш народ на векі вечныя. У 1517 г. ён едзе ў Прагу, каб стварыць першае ў гісторыі ўсходніх славян выдавецтва, дзе і выдае першую кнігу «Псалтыр». Скарына бачыў у гэтай кнізе «детем малым початок всякое доброе наукы, дорослым помножение в науце». У тым жа годзе выходзіць і другая кніга Бібліі «Ісус Сірахаў», у якой Скарына, добра ўсведамляючы значэнне зробленага ім, змясціў і свой уласны партрэт. Надзвычайная смеласць! Яго маглі абвінаваціць, што ён прыраўняў сябе да Бога, і спаліць на вогнішчы. Да 1520 г. ён надрукаваў у Празе 22 кнігі Бібліі. Выданні Скарыны і па сёння здзіўляюць і захапляюць ўзроўнем кнігадрукавання. Афармленне старонак, тлумачэнне ў тэксце і на палях незразумелых «людем посполитым» слоў (скарынінскія глосы), аздабленне тэксту малюнкамі, ілюстрацыямі — усё характарызуе Скарыну як выдатнага і таленавітага кнігавыдаўца, традыцыі якога выкарыстоўваюцца і ў сучасным кнігадрукаванні.
Згодна з ацэнкамі спецыялістаў, Скарынавы кнігі ўяўляюць выключную з'яву як паводле колькасці змешчаных у іх гравюр, так і паводле тэхнікі выканання. Высакаякасныя ілюстрацыі, якія ўпершыню даў Скарына, служылі не толькі для эстэтычнага аздаблення, але і для раскрыцця мастацкіх вобразаў. Усяго ілюстрацый — 51. Скарына выкарыстоўваў гравіраваны тытульны ліст, прабелы паміж словамі, абзацы. Друкуючы кнігі на роднай мове, клапаціўся, каб усё было зразумела кожнаму чытачу, рабіў пераклады і тлумачэнні: горлица — сівоворонка, хлябини — продукт; холми — узгорки; арътемиде — богыни; крижали — дъски; тмами темъ — десети тысещми і г. д.
Скарынавы глосы і тлумачэнні слоў у тэксце непасрэдна — першыя лексікаграфічныя спробы, таму Ф. Скарына — наш першы лексікограф. Каб «люду паспалітаму» было зразумела значэнне слова псалтыр, ён параўноўвае гэты музычны інструмент з усім вядомымі гуслямі: «Псалтыр іграе подобна да гусляў, як пяе сам цар і прарок: «Хваліце Госпада псалтыром і гуслямі...» і раздзел Бібліі назву мае ад псалтыра, што да гусляў падобны. Толькі гуслі маюць шмат струнаў, а псалтыр усяго дзесяць, як пра тое ў Бібліі сказана: «Хваліце Госпада псалтыром дзесяціструнным!»
У прадмове да «Эклезіяста» слова еклесіяст Скарына перакладае як Саборнік, тлумачыць гэтую назву так: «Порицается же сия книга Соборник, понеже не ко единому человеку в ней пишешь, но ко всему собору людей, а не единого человека мысль н коханне являешь, но всего собора».
Найбольшую мастацкую каштоўнасць уяўляюць Скарынавы прадмовы і пасляслоўі да кожнай кнігі Бібліі і да самога выдання, якія складаюць аснову яго літаратурна-публіцыстычнай спадчыны.
Кампазіцыя прадмоў і пасляслоўяў Скарыны складаецца з пераказу зместу, сюжэта эпічных кніг Бібліі, як, напрыклад, «Эсфір», «Юдзіф», «Выхад», ці вызначэння жанравых асаблівасцяў лірычных кніг, як «Псалтыр»; тлумачэння слоў і выразаў праз параўнанні, асацыяцыі (псалтыр параўноўваецца з гуслямі); з вываду, вызначэння ідэі кнігі — «даконаны суть», якая па-філасофску, вобразна, афарыстычна выяўляецца Скарынам.
Такі пераказ кніг Бібліі з элементамі разважання спрыяў і папулярызацыі сюжэтаў і ідэй Кнігі кніг, і выяўленню Скарынавых поглядаў, філасофіі пісьменніка-патрыёта.
Так, пераказваючы кнігу «Юдзіф», Скарына акцэнтуе ўвагу чытача на гераічным учынку Юдзіфі ў імя свайго народа. У час асады род-нага горада яна пранікла ў стан ворага, закахала ў сябе военачальніка Алаферна і, скарыстаўшы момант, адсекла яму галаву. У канцы пераказу Скарына падымаецца да філасофскага абагульнення, афарыстычна выяўленага ў несмяротных радках:
Понеже от прирожения
звери, ходящие в пустыни,
знаютъ ямы своя;
птицы, летающие по возъдуху,
ведають гнезда своя;
рыбы, плывающие по морю и в реках,
чуютъ виры своя;
пчелы и тым подобная
боронятъ ульев своих, —
тако ж и люди,
игде зродилися и ускормлены суть по бозе,
к тому месту великую ласку имаютъ.
Прадмовы і пасляслоўі Ф. Скарыны — узор публіцыстыкі, але асобныя, і вельмі многія, урыўкі з яго публіцыстычнай спадчыны — дасканалыя вершы. і ў згаданым вышэй урыўку кожны радок — сэнсавая і інтанацыйна-сінтаксічная еднасць. Менавіта такая кампазіцыйная структура свабоднага верша.
Паўтаральная інтанацыя, выражаная ў перыядзе, вызначае своеасаблівы рытм верша як адзін з галоўных яго атрыбутаў.
Вельмі сцісла і вычарпальна пераказаў Ф. Скарына і сюжэт кнігі «Эсфір» пра подзвіг сваячкі і выхаванкі пабожнага іудзея Мардахея — Эсфір. Персідскі цар ажаніўся з Эсфір, што выклікала зайздрасць прыдворных, асабліва ў Амана, гордага царскага любімца. Раззлаваны годнасцю Мардахея, Аман вырашыў знішчыць і яго, і ўсіх іудзеяў у Персідскім царстве. і ён дабіўся згоды ад цара на такі карны ўказ. Мардахей запатрабаваў, каб Эсфір заступілася за свой народ. Рызыкуючы сваім жыццём, Эсфір з'явілася без запрашэння да цара і пераканала наведаць падрыхтаваны ёю пір, у час якога «выпросила от царя места противные на погубление всея родины и помощников Амановых и на избавление иудеов».
Філасофскі вывад, «даконаны суть», сам Ф. Скарына аформіў вершаваным чатырохрадкоўем, падкрэсліўшы такі аспект сваёй дзейнасці, як паэтычны:
Не копай под другом своим ямы,
Сам ввалишся в ню.
Не став, Амане,
Мардохею шыбенице,
Сам повиснет на ней.
Гэты верш да ўсяго сведчыць пра цесную сувязь літаратурнай Скарынавай спадчыны з фальклорам.
Адзін з даследчыкаў творчасці Кірылы Тураўскага Юрый Лабынцаў лічыць Ф. Скарыну яго непасрэдным спадкаемцам:
Да подай нам на землю мир,
грехом очищение, немощным здравие,
смутным потешение, ненадежным надежду,
воюющим за веру Христову победу,
пленникам избавление, нагим одеяние,
сиротам хлебокормление,
по морю плавающим тишину,
во путь шествующим пристанище,
обидимым споможение,
и всем христианам спасение,
а по смерты царство небесное,
яко один человеколюбец и Бог наш.
У гэтым Скарынавым тэксце пераемнасць не толькі паводле жанру (малітва), але і паводле вобразных сродкаў, асацыятыўнасці, рытмізаванасці мовы. Галоўнае — у сцвярджэнні ім вечных ісцін і каштоўнасцей.
Пераканальным доказам і сведчаннем паэтычнай спадчыны Ф. Скарыны з'яўляюцца аформленыя ім вершам дзесяць запаведзяў у прадмове да кнігі «Выхад». Ф. Скарына піша, што кніга апавядае пра выхад іудзеяў з егіпецкага рабства, пра іх 40-гадовы пакутніцкі шлях да зямлі абяцанай, пра дапамогу Госпада на гэтым пакутніцкім шляху: «яко манну Бог послал с небеси на пищу и воду вывел от тверда каменя и к питию людем во пустыни», як караў егіпцян дзесяццю напасцямі, «иже наведе рукою Моисеевою на всю землю египетскую», як «десятеро приказание им дал, написано на досках каменных».
Первое: Веруй в бога единаго!
Второе: А не бери надармо имени его!
Третее: Помни дни светые святити!
Четвертое: Отца и матку чтити!
Пятое: Не забивай ни едина!
Шестое: И не делай греху блудна!
Седмое: Не вкради что дружнего!
Осмое: А не давай сведецства лживаго!
Девятое: Не пожедай жены ближнего!
Десятое: Ни имения или речи его!
У гэтым творы відавочны акрамя рытму і такі атрыбут вершаванай мовы, як рыфма, прычым сумежная.
Пераказваючы сюжэты біблейскіх кніг, Скарына ў прадмовах акцэнтуе ўвагу чытача на самых важных і афарыстычных момантах Бібліі — на законах вечнасці, сабраных у ёй і дакляраваных людзям: «Закон прироженый в том наболей соблюдаем бываеть: то чинити иным всем, что самому любо ест от иных всех, и тог о не чинити иным, чего сам не хощеши от иных имети... Сей закон прироженый написан ест в серци единого кажного человека»; «...Наболей любовь ко всем да соблюдает, ежели ест совершенна над все иные дарования, без нея же ничто поспешно ест».Надзённа гучыць Скарынаў напамін нам усім, што валадарыць светам любоў, бо яна самая дасканалая з усіх даброт і каштоўнасцей, без яе марнае ўсё ў свеце.
Ф. Скарына не толькі паэт, публіцыст, лексікограф, але і літаратуразнаўца. У сваіх прадмовах ён не толькі пераказаў многія кнігі Бібліі, але і зрабіў літаратуразнаўчы аналіз некаторых, звярнуўшы ўвагу на жанравую і мастацкую адметнасць лірычных твораў Бібліі, у прыватнасці на прытчавасць. Цяжка знайсці ў каго іншага больш трапнае азначэнне прытчы як жанру, вычарпальнай характарыстыкі яе галоўных прыкмет — іншасказальнасці і павучальнага сэнсу: «Притчи или присловия, понеже иными словы всегда иную мудрость и науку знаменують, а иначей ся разумеютъ, нежели молвлены бываютъ, а болши в собе сокрытых тайн замыкають, нежели ся словами пишутъ».А далей — вобразнае параўнанне загадкі-мудрасці прытчы з ядром у арэху, з золатам у зямлі, з сілай каштоўнага каменя. Ф. Скарына — паэт-філосаф, які не можа не здзіўляць арыгінальнасцю і трапнасцю сваіх доказаў.
Мы можам ганарыцца і тым, што ў віленскі перыяд сваёй дзейнасці («Малая падарожная кніжыца», 1522 г. і «Апостал», 1525 г.) ён заснаваў першую друкарню на тэрыторыі Беларусі. Як сцвярджалі старажытныя рымляне, «напісанае застаецца». Напісанае Скарынам — дарагая рэліквія, духоўны скарб, нацыянальная святыня.
У выданнях Скарыны шматразова паўтараецца выява сонца і месяца з чалавечымі тварамі. Выбар сімвала яўна невыпадковы. Даследчыкі пісалі, што знак гэты быў створаны і абраны Скарынам «у якасці свайго асабовага герба, а мо нават і талісмана». Магчыма, у ім адлюстраванне факта нараджэння Скарыны ў год сонечнага зацьмення ў Беларусі (1486).
Сёння выказваецца меркаванне, што ў выяве сонца з прамянямі і месяца — сімвал перамогі святла над цемрай, жыцця над смерцю. Знак Скарыны трактуецца як хвала і слава кнізе — крыніцы святла, мудрасці, дабрачыннасці, ведаў, кнізе, якую наказваў нам Скарына любіць і шанаваць, бо яна — «лекі для душы».
У беларускай літаратуры створана найбагацейшая Скарыніяна, a скарынаўскія рэмінісцэнцыі ёсць у творчасці кожнага паэта, пісьменніка, мастака. Адным з самых таленавітых даследаванняў у галіне літаратуры, вартых тытана Адраджэння і гордасці нашай нацыі, з'яўляецца раман-эсэ А. Лойкі «Францыск Скарына, або Сонца Маладзіковае».
У вершы «Скарына пакідае Радзіму» Уладзімір Караткевіч сцвярджае думку аб недаравальнай віне зямных багоў перад такім тытанам, які вымушаны быў цярпець нягоды, нястачы, шукаць прытулку на чужыне; ствараючы ўзвышанае, а жыць клопатамі пра зямное:
Выгнанне. Выгнанне. Выгнанне.
Па волі зямных багоў
Спалілі браты-хрысціяне
Кнігі пра бога свайго.
Вяртанне Скарыны на Радзіму і ў нашы душы залежыць ад кожнага з нас...
Похожие статьи:
Пераказы → Мастацкая Скарыніяна