Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Элегічны двуверш

   Элегічны двуверш – двухрадковая страфа антычнага верша, у якой першы радок гекзаметр, а другі пентаметр. Звычайна кожная такая страфа выражала закончаную думку. Ужываўся элегічны двуверш у элегіях, эпіграмах, эпітафіях, розных афарыстычных выказваннях.
   У беларускай лацінамоўнай паэзіі элегічным двувершам напісаная знакамітая паэма Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра» (1522).
   Перайшоўшы ў еўрапейскую сілаба-танічную паэзію ў некалькі змененым выглядзе (на месцы ранейшых доўгіх складоў у гекзаметры і пентаметры сталі націскныя, на месцы кароткіх – ненаціскныя), элегічны двуверш пашырыў свае жанравыя рамкі, страціў былую сэнсавую і страфічную замкнёнасць. Да яго звярталіся Гётэ, Шылер, А. Пушкін, А. Фет, Iван Франко і іншыя паэты.
   У беларускую паэзію элегічны двуверш увёў Максім Багдановіч. Вось адзін з яго чатырохрадковікаў, напісаных элегічным двувершам:

 

З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, –
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай

страмніны, –

Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.


   Развіваючы традыцыі антычнага вершавання, Максім Багдановіч у асобных выпадках ужываў у элегічным двувершы рыфму, чаго ў ім ніколі не было:

Падаюць вішняў цвяты, і разносіць іх вецер халодны;
Снегам у чорную гразь падаюць вішняў цвяты.
Плачце, галіны, лісты! Загубілі вятры цвет ваш

родны,

Не к чаму болей вам жыць. Плачце, галіны, лісты!

 

   Зараз элегічны двуверш у беларускай паэзіі амаль не сустракаецца.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.