Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Эпітафія

   Эпітафія (грэч. epithaphios, ад ері – на, з выпадку і taphos – магіла) – адзін з вершаваных жанраў. У антычнай лірыцы – верш-надпіс на магільным помніку. У такім значэнні эпітафія зрэдку ўжываецца і сёння (напрыклад, эпітафія на адным з помнікаў Хатынскага мемарыяла). Аднак яшчэ ў старажытнасці гэтым тэрмінам сталі называць любы невялікі верш, напісаны ў форме надмагільнага надпісу, т. зв. фіктыўны надмагільны надпіс. З часам эпітафія набыла выразнае сатырычнае гучанне, стала зброяй ідэйнай, палітычнай барацьбы.
    Такія функцыі яна атрымала, напрыклад, у творчасці выдатнага шатландскага паэта XVIII ст. Р. Бёрнса.
    З беларускіх пісьменнікаў упершыню да эпітафіі звярнуўся Сімяон Полацкі. Пасля яго доўгі час гэтым жанрам ніхто не карыстаўся, і толькі на пачатку XX ст. ён адрадзіўся ў творчасці Янкі Купалы («Мая эпітафія», 1906).
    У сучаснай беларускай паэзіі эпітафія з’яўляецца найперш відам сатырычнай паэзіі (асобныя эпітафіі Максіма Танка і Васіля Віткі , «Эпітафія на помнік паклёпніка» М. Скрыпкі). Такая і «Эпітафія» Кандрата Крапівы, напісаная ў час Вялікай Айчыннай вайны з выпадку знішчэння партызанамі гітлераўскага стаўленіка на Беларусі гаўляйтэра Кубэ:

Тут ляжыць высокі чын – 
Кубэ, Гітлераў служака.
Пры жыцці быў сукін сын
І загінуў як сабака.


    Сатырычным пафасам прасякнута і «Эпітафія» Ніла Гілевіча:

 

Тут спіць Пракоп. 
Ён рана ўсоп,
Бо траціў сілы з неашчаднасцю
На два франты: як вершароб
І як стукач (па сумяшчальніцтву).


Аднак часам эпітафія мае і выразна лірычны характар, як, напрыклад, «Эпітафія» Максіма Танка («Не завіце безыменнымі ...»). 

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.