Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гекзаметр

   Гекзаметр (грэч. hexаmetros — шасцімернік, ад hex — шэсць і metron — мера) — вершаваны памер антычнай (метрычнай) сістэмы вершавання, шасцістопны дактыль з усечанай на адзін склад шостай стапой. Ва ўсіх стопах, акрамя пятай, дактылі маглі замяняцца спандэямі.
   Цэзура стаяла пасля другога склада трэцяй стапы (у грэчаскім гекзаметры) або пасля першага склада трэцяй стапы (у лацінскім гекзаметры).
   Метрычная схема гекзаметра (грэчаскага) мае наступны выгляд: |— —  |— —  |—//—  |— —  |— —  |—.
   Гекзаметрам напісаны ўсе асноўныя творы антычнай літаратуры: «Іліяда» і «Адысея» Гамера, паэмы і вершы Вергілія, Авідзія, Гарацыя, Феакрыта і іншых паэтаў. Ён выкарыстоўваўся ў розных жанрах (эпічных паэмах, гімнах, пасланнях), нярэдка спалучаўся з пентаметрам, утвараючы элегічны двуверш. Гэтым памерам шырока карысталіся сярэдневяковыя беларускія паэты-лаціністы.
   Назва і знешняя структура гекзаметра з антычнага вершавання перайшлі ў сілаба-танічнае. Адна з першых спроб перанесці старажытны памер на славянскую глебу — «ироический» верш Мялеція Сматрыцкага, складзены ім з дактыляў і спандэяў («Грамматика словенска», 1618).
   У беларускай паэзіі імітацыя гэтага памера не атрымала колькі-небудзь прыкметнага пашырэння аж да Максіма Багдановіча. Толькі пасля яго танізаваным гекзаметрам сталі спарадычна карыстацца як у перакладах антычнай паэзіі, так і ў арыгінальнай творчасці (пераважна ў стылізацыях антычных тэм або ў творах, тэматычна звязаных з Грэцыяй і Рымам). Напрыклад:

 

Сябра, зірні — вось палёў хараство праміне і загіне,
Але вясёлай вясной красаванне іх поўна і светла.
Можа, таму й ты жадаеш быць толькі малюсенькай кветкай,
Польнай сцяблінкай малой, каб пражыць беспасрэдна і проста .
(Уладзімір Жылка. «Гекзаметры»)

Рым і Элада заснулі ў палёце гадоў і стагоддзяў.
Мохам спавіты Акропаль, руінаю стаў Капітолі.
Мірна гандлююць алівай патомкі Гамераў і Брутаў.
Мора нязмерную гладзь прасвярлілі наўсцяж

браняносцы.

(Алесь Дудар. «Дзень гневу»)

 

Алесь Салавей - Гекзаметры

Янка Сіпакоў - Гекзаметры рыбака

Похожие статьи:

Янка СіпакоўЯнка Сіпакоў - Гекзаметры рыбака