Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дактыль

   Дактыль (ад грэч. dаktylos — палец; мера даўжыні) —
   1. Адзін з метраў антычнай і сілаба-танічнай сістэм вершавання, заснаваны на чаргаванні ў вершаваных радках дактылічных стопаў; схема гэтага метра наступная: |— —   |— —   |— —...;
   2. Від трохскладовай стапы, у якой адзін доўгі і два кароткія склады (антычнае вершаванне) або адзін націскны і два ненаціскныя склады (сілаба-танічнае вершаванне): |— —.
   У беларускую паэзію дактыль імкнуўся ўвесці Л. Зізаній. Апісваючы ў «Грамматіке словенской» гекзаметр, ён пісаў, што гэты шасцістопны верш «приемлет в первом и втором, и третьем, и четвертом, и пятом пределе или дактыля, или спондея; в шестом же — или спондея, или трохея». Дактылічны метр і дактылічныя стопы шырока ўжываюцца ў сучаснай беларускай паэзіі.

   Трохстопны дактыль:

Колькі па свеце схадзілі,
Ператапталі бяды,
Толькі дыханне Радзімы
Кліча здалёку заўжды.
(Яўгенія Янішчыц)


   Шасцістопны дактыль:

У жоўта-зялёным святле гэтай цьмянай, маркотнае ночы
З рамак няхітрых удумна глядзяць са сцяны
Вочы дзядзькоў-хутаранцаў, разумныя, стойкія вочы
Тых, што стаялі за волю, за праўду сваёй стараны.
(В. Міхасёнак. «Хутары»)

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.