Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Уладзімір Дубоўка
Уладзімір Дубоўка нарадзіўся 15 ліпеня 1900 года ў вёсцы Агароднікі, якая цяпер знаходзіцца ў Пастаўскім раёне Віцебскай вобласці. Скончыў Нова-Віленскую настаўніцкую семінарыю (1918), паступіў у Маскоўскі універсітэт. Масква становіцца для Дубоўкі пастаянным месцам жыхарства. Так склаліся сямейныя абставіны: яго бацька, працаўнік чыгункі, у 1915 годзе, падчас Першай сусветнай вайны, выехаў з Беларусі, атрымаў працу па спецыяльнасці ў Маскве. Там жа ўладкавалася і ўся сям'я. Але сэрца Уладзіміра Дубоўкі належала Беларусі, і гэта адчуваецца па яго вершах і яго ладзе жыцця з пастаяннымі вандроўкамі на радзіму. Маскоўскі універсітэт Дубоўка не скончыў. Ён мусіў перапыніць вучобу і працаваць, каб дапамагаць сям'і: настаўнічаў на Тульшчыне, у 1920—1921 гадах служыў у войску, удзельнічаў у грамадзянскай вайне. Затым паэт вярнуўся ў Маскву, працаваў інспектарам беларускіх школ пры Наркамаце асветы РСФСР. У гэты час ён часта наведваў Беларусь, актыўна займаўся літаратурнай працай, рыхтаваў свой першы зборнік вершаў «Строма», вучыўся ў Вышэйшым літаратурным інстытуце імя В. Брусава.
Заняткі літаратурай захапілі Дубоўку. Паэт быў тонкім знаўцам роднай мовы і яе наватарам у паэзіі. Ён абнавіў слоўнік беларускай мовы за кошт ажыўлення даўно забытых слоў. На старонках часопіса «Узвышша» Дубоўка нязменна звяртаў увагу на культуру мовы, раіў пазбягаць у літаратурным маўленні і стылі непатрэбных русізмаў, безгустоўных вобразаў.
У беларускай паэзіі імя Уладзіміра Дубоўкі становіцца вядомым з 1921 года, калі газета «Савецкая Беларусь» надрукавала яго першы верш «Сонца Беларусі». А ўжо ў 1923 г. у Вільні выйшла яго першая паэтычная кніга «Строма». Зацікаўленымі, цёплымі водгукамі яе выхад сустрэлі старэйшыя пісьменнікі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Антон Луцкевіч. Вершы гэтай кнігі выяўлялі шчырую любоў маладога паэта да Беларусі, жаданне служыць ёй паэтычным словам, нягледзячы на адарванасць ад радзімы
Пасля выхаду «Стромы» разгортваецца вельмі напружаная творчая і літаратурна-арганізацыйная праца Дубоўкі. Напачатку ён — адзін з актывістаў «Маладняка», узначальваў Маскоўскую філію, у складзе якой у 1924 годзе было 15 чалавек . Неўзабаве ў Мінску выходзяць чарговыя кнігі яго паэзіі: «Там, дзе кіпарысы» (1925), «Трысцё» (1925), «Сгеdо» (1926), пазней у Маскве — зборнік «Наля» (1927).
Дваццатыя гады мінулага стагоддзя былі часам бурнай літаратурнай палемікі пра «стыль эпохі», эстэтычныя і ідэалагічныя прыярытэты ў творчасці. «Маладняк» перажыў у 1925 г. пік свайго ўзлёту, аднак ужо ўступіў у паласу крызісу. У маі 1926 г. на пасяджэнні Цэнтральнага бюро «Маладняка» разглядалася заява групы пісьменнікаў (Язэпа Пушчы, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы, Адама Бабарэкі) аб выхадзе са складу аб'яднання. Нязгоду таленавітых пісьменнікаў выклікала менавіта тое, што «Маладняк» з літаратурнай творчай арганізацыі ператварыўся ў асветніцкую. Так адбыўся першы раскол «Маладняка»: названая група пісьменнікаў і Уладзімір Дубоўка выйшлі з яго складу і ўтварылі ў 1926 г. новае літаратурнае аб'яднанне «Узвышша». У назве яго выразна сімвалічна прачытвалася альтэрнатыва: свабоднае творчае «ўзвышша» мастакоў слова.
3 таго часу творчы лёс Дубоўкі быў непарыўна звязаны з «Узвышшам». Але з гэтага часу ў паэзіі Дубоўкі выразна выяўляюцца і трывожныя інтанацыі, элегічныя ноты: матывы смутку, неабходнасці мужнага служэння красе і праўдзе, супрацьстаяння злым, варожым сілам.
Свае разважанні пра лёс краіны і служэнне паэта ў час вялікіх грамадскіх зрухаў і перамен Дубоўка працягваў у паэмах «Кругі» (1927), «I пурпуровых ветразей узвівы» (1929), «Штурмуйце будучыні аванпосты!» Паэта папракалі ў адсутнасці разумення сучаснасці і шляхоў, якімі Беларусь крочыць у будучыню. Да таго ж над Дубоўкам, як і ў цэлым над «Узвышшам», навісла пагроза рэпрэсій і закрыцця за «адхіленне» ад «лініі партыі» ў галіне літаратуры, паводле якой пісьменнік павінен быў апяваць перамогу рэвалюцыі і дасягненні сацыялістычнага будаўніцтва.
Рэпрэсіі не прымусілі сябе доўга чакаць. Першай ахвярай расправы над літаратурай і пісьменнікамі, над свабодай думкі і творчасці стала аб'яднанне «Узвышша» і яго самыя актыўныя сябры: Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Адам Бабарэка, Уладзімір Жылка. Яны былі арыштаваны ўлетку 1930 года, абвешчаны «ворагамі народа» і абвінавачаны як удзельнікі «нацдэмаўскай» арганізацыі — так званага «Саюза вызвалення Беларусі». Арыштаваных (больш за сто беларускіх інтэлігентаў) трымалі каля года ў турэмным зняволенні, дапытвалі і катавалі. Але сталінскаму рэпрэсіўнаму апарату так і не ўдалося даказаць існаванне такой арганізацыі, як «Саюз вызвалення Беларусі». Справа была закрыта, амаль усе вязні былі пакараны пяцігадовай ссылкай у аддаленыя ад Беларусі мясціны. Для Уладзіміра Дубоўкі пачаўся другі — пякельны — круг яго жыцця. Дваццаць сем шматпакутных гадоў правёў У. Дубоўка ў выгнанні, у абсалютнай творчай ізаляцыі. Пасля ссылкі ў Яранску (сем гадоў замест пяці) Дубоўку ў 1937 г. прыгаварылі да дзесяці гадоў канцлагера. Ён здолеў вытрымаць і гэтае выпрабаванне. Ён выжыў і не зламаўся. Але тое было яшчэ не апошняе кола пакут па сталінскім пекле. Адбыўшы свой тэрмін у канцлагеры, Дубоўка разам з жонкай Марыяй Пятроўнай пасяліўся у Грузіі (яму было забаронена вяртацца ў Маскву або ў Беларусь). Аднак неўзабаве ў 1948 г. ён мусіў пакінуць і Грузію, бо як чалавека «заплямленага» перад уладай яго чакала так званае «вечнае пасяленне» ў Краснаярскім краі.
Пасля рэабілітацыі ў 1958 г. Уладзімір Дубоўка зноў пасяліўся ў Маскве. Ён часта прыязджаў на радзіму, у Беларусь. Займаўся тут выданнем сваіх кніг, дзе былі папраўлены многія вершы 20-х гадоў. Ён пісаў новыя творы, шмат перакладаў, напісаў казкі і аповесці для дзяцей. Значнымі творчымі дасягненнямі сталі для яго ў той час пераклады санетаў Шэкспіра і паэм Байрана.
Няпростымі былі для паэта адаптацыя ў новым жыцці, вяртанне да любімай літаратурнай справы пасля вымушанага перапынку. Гэта быў трэці круг яго лёсу, напоўнены мудрай цярплівасцю. Калі ён, сівабароды волат, зноў з'явіўся на літаратурным небасхіле, пачаў друкавацца, прымаць удзел у жывых літаратурных дыскусіях, удзельнічаць у сяброўскіх вечарынах і імпрэзах, ён працягваў заставацца загадкавым чалавекам-легендай. Дубоўка здзіўляў сучаснікаў. Здзіўляў маладым бляскам вачэй, які кантраставаў з доўгай сівой барадою. Здзіўляў у паводзінах, якія многія ўспрымалі за палахлівасць, адзначаючы, што ён быў занадта асцярожным у выказваннях; на пісьменніцкіх вечарынах неадменна падымаў тост «за кампартыю», асцерагаўся браць у бібліятэцы кнігі палітычнай тэматыкі, перарабляў на «патрэбу дня» ранейшыя свае вершы. Галоўным у гэтай ролі была глыбока схаваная іронія — адзінае, чым «зламаны» паэт мог «аддзячыць» «роднай савецкай уладзе». Толькі як пастаянную іронію, прычым схаваную, можна вытлумачыць Дубоўкавы «хваласпевы» партыі. Паэт мог дазволіць сабе быць асцярожным, ведаючы, якой цаной можа быць аплачана нават бяскрыўднае слова. У гэтым была мудрасць і цярплівасць паэта, які ведаў праўду жыцця, і яго ўчынкі адпавядалі гэтай праўдзе.
Кнігу сваіх успамінаў У. Дубоўка назваў «Пялёсткі» (1973), нібыта вяртаючыся да ўлюбёных вобразаў сваёй маладосці, да кветкі-шыпшыны, у вобразе якой ён яшчэ ў 20-я гг. апаэтызаваў родную Беларусь. I яшчэ адзін вобраз быў мілы паэту — гэта вобраз узвышша. Перш чым гэтае сімвалічнае слова стала назвай літаратурнага згуртавання, яно сустракалася ў многіх яго ранніх вершах. Дубоўка нязменна адчуваў сябе на ўзвышшы — на ўзвышшы жыцця і літаратуры. Гэтае пачэснае месца было наканавана яму і прыроджанай сілай яркага таленту, і здольнасцю прымаць на сябе найбольшую адказнасць. Бо той, хто на ўзвышшы, — бачыць далей за іншых, і ён вызначае шлях.
Похожие статьи:
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - I гінулі яны за косы Клеапатры...
Уладзімір Дубоўка → Лірыка Уладзіміра Дубоўкі
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Як сінячок да сонца лётаў
Уладзімір Дубоўка → Уладзімір Дубоўка - Часіна ды з сокам рабіны...