Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.

Набыць беларускія кнігі можна на сайце halijafy.by

  Калі верш не бачны на экране смартфона, павярніце экран гарызантальна

Если стихотворение не отображается на экране смарфона, раверните экран горизонтально.



Максім Лужанін - Мараўская песня

Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы,
Невялік аркестр, а выгляд сталы.

Капялюх у кожнага ва ўзорах,
Звонкія падкоўкі на падборах,

Паясы раменныя на стане,
Ручнікі вісяць паўзверх убрання.

Трохі дзіўна: дзецюкі з вусамі,
А чамусь прыкрыты хвартухамі.

Запявала скінуў шапку з кантам:
– Хлопцы, дайма чосу музыкантам! –

Спевакі становяцца насупраць,
Дружбакам глядзяць у вочы рупна:

«Ты чаму, цымбаліст, сакалочку шэранькі,
Выцінаеш, нібы не вячэраўшы?»

Адказалі працяжна смыкі і цымбалы,
Што яды і пітва ім уволю хапала.

«Дык чаго ж вы марудзіце, рук не вярэдзіце,
Заіграйце на доле седзячы!»

Музыканты сядаюць і смутна іграюць,
А ў паветры лунае прыпеўка другая:

«Гэй, не так, дарагія! Вы цягнеце кволенька,
Заіграйце, стаўшы на коленкі».

На калені тады музыканты пасталі
I тужлівей, маркотней яшчэ заігралі.

«Плакаць хочацца, слухаўшы вас, галубочкі,
Заіграйце нам лепей моўчкі!»

Ні струны, ні смыка не кранаюцца рукі,
А, здаецца, спяваюць музыкавы рухі.

Запявала адзін нездаволены толькі:
«Ці не час перайсці да мараўскае полькі?

Каб усё загуло, дык вы, часу не трацячы,
Заіграйце, музыканты, скачучы».

Цымбаліст і скрыпач прыпусціліся ў скокі,
Закружыўся між іх барабан меднабокі.

Вось, здаецца, «Лявоніху» грукне Палессе...
I мяне падымае мараўская песня.

1955
 


Крыніца: Лужанін М. Выбраныя творы. У 2 т. Т. 1. Вершы / Прадм. А. Куляшова. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1993. – 318 с.

Похожие статьи:

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Беларускаму народу

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Снег – трэці дзень...

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Добры хлопец Дзік

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Чарнобыльскі вецер

Максім ЛужанінМаксім Лужанін - Смутная радасць