Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Васьмірадкоўе (актэт)

   Васьмірадкоўе, або актэт (ад лац. octo – восем), – страфа, якая складаецца з васьмі вершарадоў, спалучаных адной, дзвюма, трыма ці чатырма рыфмамі.
   Схема рыфмоўкі можа быць розная: ААББВВГГ, абВгабВг, АААбВВВб (кватэрна), аабвбвгг, абабаааб і інш.
   Выкарыстанне разнастайных спалучэнняў рыфмаў розных відаў (мужчынскіх, жаночых, дактылічных, гіпердактылічных), а таксама халастых радкоў у тых ці іншых камбінацыях дае магчымасць стварыць звыш тысячы мадэляў васьмірадкоўя.
   Васьмірадкоўе – даволі пашыраны ў беларускай паэзіі від страфы. Вось некаторыя ўзоры беларускага васьмірадкоўя:

 

Я ад вас далёка, бацькаўскія гоні, –
На чужое неба ўжо гляджу сягоння.

    Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
    Як і жыў, жыву я ў сваім родным краю.

І няма на свеце так вялікай меры,
І няма на свеце так каваных дзвераў,

    Каб хоць на часіну ў будні ці ў нядзелі –
    Беларусь са мною разлучыць пасмелі!

(Янка Купала. «Я ад вас далёка...»)


Дробны дождж сячэ, ліецца;
Вецер злосна ў хату рвецца,
Ў полі стогнам аддаецца,
Стукне ў дзверы і акно –
Сэрца беднае заб’ецца,
І адразу ў ім прачнецца,
І адразу скалыхнецца
Ўсё, што згінула даўно.
(Максім Багдановіч. «Разрытая магіла»)

Не адна, як струна,
Сасонка расла
У бязмежным
Бары-гушчары.
А сягоння яна
Пачарнеўшы, лягла
На аснежным
Фабрычным двары.
(А. Александровіч. «Сасна»)


   Часам (праўда, вельмі рэдка) у адным і тым жа творы, напісаным васьмірадкоўямі, сустракаюцца розныя рыфмова-клаўзуальныя схемы гэтай страфы. Так, напрыклад, у вершы С. Ліхадзіеўскага «Тры мовы» адна страфа рыфмуецца па схеме ААбВбВгг, другая – АААбВВВб, трэцяя – ААААбВВб і г. д.

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.