Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Халасты радок

   Халасты радок – незарыфмаваны вершаваны радок у рыфмаваным творы.
   Халастымі бываюць няцотныя радкі паўбелага верша, напісанага чатырохрадкоўямі, і гэта з’яўляецца яго асноўнай прыметай (гл.: белы верш).
   Халастыя радкі могуць ужывацца і ў іншых строфах. Так, у вершы Пімена Панчанкі «Коні», напісаным трохрадкоўямі, трэція радкі ва ўсіх строфах – халастыя радкі:

Дзівіліся мы, і дзівіліся фрыцы:
Такое у сне толькі можа прысніцца
На сене духмяным.

З-пад лесу на поўдзень, нібы у пагоні,
Імчаліся коні, без коннікаў коні,
Па лузе вячэрнім.


   Рэгулярныя халастыя радкі – уласцівасць некаторых усходніх відаў строфаў: газэлі (першыя радкі двухрадкоўяў), рубаі (трэція радкі чатырохрадкоўяў) і інш.
   Асаблівы эфект узнікае пры неспадзяваным, непрадбачаным з’яўленні халастога радка на фоне зарыфмаваных. У гэтым выпадку парушаецца інерцыя рыфмовага чакання, на халасты радок і перш за ўсё на яго апошняе слова звяртаецца найбольшая ўвага. Напрыклад, у вершы Пімена Панчанкі «Напаўголасу...» з 28 вершаваных радкоў (сем чатырохрадкоўяў з перакрыжаванай рыфмоўкай) незарыфмаваны толькі апошні. Гэта дазволіла паэту паўней выявіць галоўную думку верша, засяродзіць увагу чытача (слухача) твора на суадносінах духоўнай і фізічнай прыгажосці нашага маладога сучасніка.

Похожие статьи:

РРадок вершаваны

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.