Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Славуты сын Беларусі

   Янка Купала! Дарагое для ўсіх нас імя. Таму што яго словамі гаварыла і гаворыць з намі наша зямля, родная Беларусь. I не толькі з намі – з цэлым светам вядзе гутарку...
   Якім сэрцам трэба было валодаць, каб змясціць у ім усе крыўды народныя, каб праз гора і пакуты ісці за крыўды плату адшукаць»? Якой верай трэба было апаліцца, каб разарваць колы нематы і на пагарджанай вякамі мове «з цэлым народам гутарку весці»?
   Так, жыве, працягвае біцца і ў нашы дні ў нашай памяці яго сэрца. Так, натхняюць усё новых і новых паэтаў яго сіла, яго вера. Але як жа нам не хапае яго апантанасці, шырыні: санет, балада, песня, драма, паэма, вадэвіль, публіцыстычны артыкул, калыханка, пераклады... I гэта не ўсё. Кожны твор уяўляе сабой класічны прыклад, адну з вяршынь у тым або іншым жанры, цуд, імя якому – паэзія.
   Вялікі сын нашага краю, слынны яго пясняр, паэт, чыя творчасць узбагаціла сусветную паэзію, Янка Купала прыйшоў у жыццё і літаратуру « з адною думаю аб шчасці Беларусі», прыйшоў, каб і ў жыцці, і ў літаратуры сцвярджаць адвечную мару людскую аб светлай долі, сказаць усяму свету аб прыгожай, несмяротнай душы народа. Народа, які, нягледзячы на сацыяльны і нацыянальны ўціск, на бясконцыя крывавыя войны, што спапялілі яго зямлю, дбаў, каб шырэла, каб усё буйней красавала яго палоска на ніве славянскай культуры.
   Чуйным сэрцам мастака, збалелым сынавым сэрцам адчуваў ён набліжэнне новага часу. Хіба не спрыяў і ён хутчэйшаму яго з’яўленню, абуджаючы ў людзей пачуццё годнасці і пратэсту супраць беспрасветнай галечы і цемнаты!
   «Беларусь, маё сэрца...» – пісаў Янка Купала, і шчымлівая дакладнасць гэтых слоў адгукалася ў мільёнах сэрцаў.
   Колькі разоў можна было плакаць, не маючы магчымасці сагрэць Купалаву Ганну з халодным камячком дзіцяці ў руках! Колькі разоў можна было блукаць сцежкамі роднай зямлі, шукаючы Купалаў курган і гусляра, белага як лунь, што раз у год выходзіць з гуслямі! Колькі разоў можна было перайначыць, прадоўжыць жыццё Машэкі, пачуць, як білася ад любові і нянавісці сэрца Гарыславы! Якую старонку памяці ні адгарні, яна найперш прачытана Купалам. У якую далячынь ні кінь пагляд, абганяе яго слова Купалы. Хіба не сённяшнім адчуваннем гістарычнага абавязку перад сваёй зямлёй, не сённяшнімі перакананнямі прасякнуты многія яго творы? Паэт нібы далучыў да свайго часу ўсе наступныя часы, да свайго жыцця – жыццё многіх наступнікаў сваіх...
   Янка Купала – адзін з вялікіх паэтаў чалавецтва якраз таму, што быў вялікім нацыянальным паэтам, што да агульначалавечага ішоў праз сваё, выпакутаванае разам са сваім народам, што, сцвярджаючы годнасць беларуса, сцвярджаў чалавечую годнасць і высокія ідэалы чалавецтва: свабоду, роўнасць, братэрства.
   Колькі ні перачытваеш Купалу, зноў і зноў здзіўляешся той шырокай, магутнай плыні народнай мовы, што нібыта і не адчувае берагоў вершаванага памеру, той або іншай ужытай формы – льецца свабодна, раздольна, вызвоньваючы кожным словам.
   Купала прыйшоў у жыццё і літаратуру «з адною думкаю аб шчасці Беларусі». I Беларусь шануе свайго славутага сына.
(461 слова)

Паводле Т. Бондар.

 

Похожие статьи:

Янка КупалаТэма народнага жыцця і любоў да Радзімы ў творчасці Янкі Купалы

Янка КупалаЯнка Купала - Пясняр беларускага народа

Янка КупалаПошукі героямі шляхоў да шчаслівага жыцця ў драме Янкі Купалы "Раскіданае гняздо". Сэнс назвы твора

Янка КупалаТэма паэта і паэзіі ў творчасці Янкі Купалы. Дэмакратызм і народнасць яго творчасці

Янка КупалаДраматургічнае майстэрства Янкі Купалы