Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Дзіцячая літаратура

   Дзіцячая літаратура — сукупнасць літаратурных твораў розных відаў і жанраў, разлічаных на ўспрыманне дзяцей малодшага, сярэдняга і старэйшага ўзросту.
   Шматлікія жанры дзіцячай літаратуры пашыраны ў беларускім фальклоры — песні ("Камар лазню тапіў", "Былі ў бацькі тры сыны", "Саўка і Грышка ладзілі дуду"), у тым ліку калыханкі ("Люлі-люлі-люлі", "Пайшоў каток у лясок", "Баю-баю-баенькі"), вершаваныя забаўлянкі ("Ладу-ладу-ладкі", "Кую, кую ножку", "Ішоў бай па сцяне"), заклічкі і прыгаворкі ("Дожджык, дожджык, секані", "Божая кароўка"), дражнілкі ("Антось барадаты", "Пастух трубіў", "Бусел, бусел-клекатун"), лічылкі ("Раз, два, тры, чатыры, пяць", "Энікі, бэнікі", "Хадзіў бусел па балоце") і інш.
   Беларуская пісьмовая дзіцячая літаратура ўзнікла ў канцы ХІХ - пачатку ХХ стст. (творы Францішка Багушэвіча, Адама Гурыновіча, Цёткі, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі). Пазней амаль усе вядомыя беларускія пісьменнікі, поруч з творамі для дарослых, пісалі і для дзяцей (Кузьма Чорны, Міхась Лынькоў, Уладзімір Дубоўка, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Васіль Вітка, Эдзі Агняцвет, Iван Навуменка, Ніл Гілевіч, Артур Вольскі, Рыгор Барадулін, Анатоль Вярцінскі, Алег Лойка і інш.). У той жа час вылучыліся так званыя дзіцячыя пісьменнікі, якія пісалі і пішуць выключна або пераважна для дзяцей (Янка Маўр, Алесь Якімовіч, Станіслаў Шушкевіч, Артур Вольскі, Васіль Хомчанка, Алена Васілевіч, А. Махнач, П. Ткачоў, I. Сяркоў, Г. Шыловіч, М. Чарняўскі, У. Ліпскі і інш.).
   У абсягі дзіцячага чытання ўваходзяць і многія творы для дарослых (напрыклад, ваенныя аповесці Васіля Быкава або раманы Iвана Шамякіна). Найперш на дзіцячае ўспрыманне разлічаны і большасць казак, паданняў, легендаў, многія загадкі, прыказкі і прымаўкі і інш. (гл. фальклор). На Беларусі выдаюцца спецыяльныя дзіцячыя часопісы, дзе змяшчаюцца творы дзіцячай літаратуры ("Вясёлка", "Бярозка"), існавала да 2003 года выдавецтва літаратуры для дзяцей "Юнацтва" (у прыватнасці, яно выдала шматтомную "Бібліятэку дзіцячай літаратуры народаў СССР").
   Узоры беларускай дзіцячай літаратуры змешчаны ў выданнях: "Дзіцячы фальклор" (1972), двухтомнай анталогіі "Арлянятам" (1967), "Хрэстаматыі па беларускай дзіцячай літаратуры" (2002).