Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Станіслаў Шушкевіч

Фатаграфія Станіслава Пятровіча ШушкевічаШушкевіч Станіслаў Пятровіч – 06(19).02.1908, в. Бакінава Мінскага пав., цяпер Дзяржынскі раён – 01.02.1991, Мінск, пахаваны ў в. Шчытомірычы Мінскага раёна, паэт, празаік. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1983).

   Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага селяніна-парабка. Абставіны склаліся так, што сям’я вымушана была выехаць у Смаленскую губ. і толькі ў 1914 вярнулася ў Беларусь. Бацька знайшоў працу ў маёнтку Сенніца. У 1921 С. Шушкевіч пайшоў у 2-і клас мясцовай пачатковай школы. Вучыўся ў настаўніцы А. Сонцавай, якая ў 1889 вучыла Я. Купалу. У 1923-1924 працаваў рабочым саўгаса «Шчытомірычы» Мінскай вобл. У 1924-1926 вучыўся ў 11-й сямігадовай школе Мінска. На здольнага вучня звярнулі ўвагу школьныя настаўнікі – пісьменнік А. Бабарэка, мастакі А. Тычына і У. Кудрэвіч. Першы верш С. Шушкевіча надрукаваны ў газеце «Чырвоная змена» ў студзені 1924 і прысвечаны памяці У. І. Леніна. Пасля заканчэння сямігодкі (1926) С. Шушкевіч паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум, дзе выкладаў Я. Колас. У 1926 яго прынялі ў літаратурную арганізацыю «Маладняк». Васемнаццацігадовы паэт радасна вітаў жыццё, захоплена, рамантычна-ўзнёсла ставіўся да рэчаіснасці, што было наогул уласціва маладнякоўцдм. Пазней паэзія С. Шушкевіча набывае тэматычную змястоўнасць, напаўняецца жыццёвымі рэаліямі, заклапочанасцю лёсам чалавека (нізка вершаў «Заход», «Асінбуд», «Паходны марш» і інш.). Пасля 2-га курса педтэхнікума С. Шушкевіч пайшоў працаваць у Кніжную палату і Дзяржаўную бібліятэку БССР (1928-1930). Потым загадваў бібліятэкай Навукова-даследчага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі (1930-1931), працаваў у рэдакцыях газет «Літаратура і мастацтва» (1934-1935), «Звязда» (1935-1936). Адначасова вучыўся на крытычна-творчым аддзяленні літаратурнага факультэта Вышэйшага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, які скончыў у 1934. 15.11.1936 С. Шушкевіч беспадстаўна арыштаваны і асуджаны на 8 год пазбаўлення волі. Знаходзіўся ў турме, лагеры, ссылцы; працаваў цесляром, шахцёрам, бухгалтарам саўгаса МУС у Кемераўскай вобл. (1937-1946), вольнанаёмным бухгалтарам (1946). Вярнуўшыся на радзіму, працаваў настаўнікам СШ у Данілавічах Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці (1946-1949). У 1949 паўторна рэпрэсіраваны і высланы на спецпасяленне ў Краснаярскі край, дзе працаваў лесарубам, у геалагічных партыях і экспедыцыях (1950-1956). Вярнуўшыся ў Мінск, працаваў у газеце «Мінская праўда» (1956-1958), быў загадчыкам аддзела пісем газеты «Літаратура і мастацтва» (1958-1970). З 1970 – пенсіянер. Канчаткова па абедзвюх справах рэабілітаваны 26.9. 1975. Першая жонка С. Шушкевіча – пісьменніца А. Раманоўская. Іх сын, С. С. Шушкевіч, быў Старшынёй Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1991-1994).
   Друкавацца пачаў у 1924 у газеце «Чырвоная змена» (першыя публікацыі не выяўлены). Да першага арышту паспелі выйсці толькі 2 кнігі С. Шушкевіча – «Вершы» і «Звярыны баль». З 2-й паловы 1950-х г. ён зноў актыўна ўключыўся ў літаратурнае жыццё. Перажытае ў сталінскіх турмах і лагерах наклала яўны адбітак на яго паэзію, якая становіцца жыццёва сталай, разважлівай, часта засмучанай, хоць паэт і не страціў веры ў свой народ, паэтызаваў любоў да Бацькаўшчыны, сяброўства, каханне, апяваў прыгажосць роднай зямлі (зб. «Дарогаю вясны», «Услед за марамі», «Навальніца», «Сябрам»). Лепшыя вершы С. Шушкевіча вызначаюцца напружаным унутраным пачуццём, надзённасцю праблематыкі, успрымаюцца як споведзь пакалення, маналог сучасніка, які шмат перажыў і перадумаў (зб. «Рэха маладосці»). С. Шушкевіч вядомы і як празаік, аўтар шматлікіх кніг апавяданняў, казак, вершаў, пацешак для дзяцей («Лясная калыханка», «Сарочы церамок», «Мы на змену ідзём», «Гара Марата Казея», «Будзільнік», «Вясёлыя дзятлікі», «Колькі кіпцікаў у кошкі», «Дванаццаць пасланцоў», «Красавік», «Барадаты камар», «Ліса з магнітафонам», «Казачны церам»). Яго паэзія для дзяцей даступная, меладычная. Шмат якія яго вершы пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі Д. Лукасам, Л. Лявітавай, Ю. Семянякам, Я. Цікоцкім, М. Чуркіным. Ён аўтар шматлікіх успамінаў пра беларускіх пісьменнікаў старэйшага пакалення, сваіх сяброў і равеснікаў, што разам з ім ішлі па складаных шляхах жыцця («Вяртанне ў маладосць»). Выступаў ён як крытык і перакладчык. За апошнія гады выйшлі кнігі яго лірыкі («Сонца над маім асеннім садам»), сатыры і гумару («Казёл на верталёце», «Грушы на вярбе»). Ён быў укладальнікам і каментатарам выбраных твораў М. Грамыкі «Родная пушча». Займаўся грамадскай работай, быў членам бюро секцыі дзіцячай літаратуры. Многія творы С. Шушкевіча перакладзены на рускую і ўкраінскую мовы. Узнагароджаны дзвюма Ганаровымі граматамі і Граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Л. С. Савік.

Крыніца: Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 6. Талалай – Яфімаў / Інстытут літаратуры імя Я. Купалы АН Рэспублікі Беларусь; Беларуская Энцыклапедыя; Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф. Скарыны. Пад рэдакцыяй А. В. Мальдзіса; Рэдкалегія: I. Э. Багдановіч і інш. – Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 1995. – 684 с.

 

Похожие статьи:

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Верабейка

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Па лісточку поўзаў смоўж

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Знатныя лісічкі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Свавольнікі

Станіслаў ШушкевічСтаніслаў Шушкевіч - Камарык