Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Маладняк

   «Маладняк» – аб'яднанне беларускіх савецкіх пісьменнікаў (1923-1928 гг.). Узнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк».
   Заснавальнікі: Міхась Чарот, Анатоль Вольны, Алесь Дудар, А. Александровіч, Адам Бабарэка, Язэп Пушча. Са стварэннем філіі ў Маскве (май 1924 г.) і ініцыятыўных груп у Віцебску і Магілёве прыняў назву Усебеларускае аб'яднанне паэтаў і пісьменнікаў. Меў філіі ў Мінску, Бабруйску, Барысаве, Віцебску, Гомелі, Клімавічах (Калінінская філія), Магілёве, Оршы, Полацку, Слуцку, Смаленску, Ленінградзе, Празе, Рызе, студыі і гурткі ў многіх гарадах і мястэчках, а таксама нацыянальныя секцыіі рускіх, літоўскіх, польскіх і яўрэйскіх пісьменнікаў.
   Членамі «Маладняку» ў розны час былі М. Аляхновіч, З. Бандарына, І. Барашка, Пятрусь Броўка, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок, В. Гарбацэвіч, Ю. Гаўрук, Пятрусь Глебка, К. Губарэвіч, Алесь Гурло, Уладзімір Дубоўка, Янка Журба, Уладзімір Жылка, Міхась Зарэцкі, Алесь Звонак, В. Каваль, Тодар Кляшторны, Кандрат Крапіва, Міхась Лынькоў, Валерый Маракоў, Рыгор Мурашка, М. Нікановіч, Леапольд Родзевіч, В. Сташэўскі, П. Трус, Уладзімір Хадыка, Н. Чарнушэвіч, Кузьма Чорны, Станіслаў Шушкевіч, Алесь Якімовіч і іншыя.
   Кіруючы орган – прэзідыум, з лютага 1925 г. Цэнтральнае бюро, у розныя гады якое ўзначальвалі М. Чарот, А. Вольны, У. Дубоўка, П. Галавач. Друкаваны орган – часопіс «Маладняк», многія філіі мелі свае часопісы або альманахі. З мая 1925 г. «Маладняк» выдаваў на свае сродкі бібліятэчку (кніжніцу) – невялічкія зборнікі твораў сваіх членаў (выйшла каля 60).
   Творчая праграма «Маладняка» сфармулявана ў дэкларацыі (снежань 1924 г.): «... ідэі матэрыялізму, марксізма і ленінізма ажыццявіць у беларускай мастацкай творчасці...»; мастацкі вобраз павінен аб'ектыўна адпавядаць рэальнасці. Праграма ўдакладнялася новымі дэкларацыямі (1925 г., 1926 г.) у кірунку размежавання творчай і культурна-масавай працы, барацьбы за развіццё марксісцкай крытыкі і інш.
   «Маладняк» праводзіў выхаваўчую работу сярод моладзі, садзейнічаў выяўленню талентаў, наладжваў сувязі з літаратурнымі арганізацыямі іншых рэспублік, кнігаабмен з зарубежнымі краінамі. Творчасць маладнякоўцаў прасякнута пафасам сцвярджэння сацыялістычнага ладу, вызначалася пошукамі новых мастацкіх форм і сродкаў. Аднак многія з іх абвяшчалі літаратурную спадчыну перажыткам старога грамадства, захапляліся арыгінальнічаннем, фармалістычным штукарствам (атрымала назву «бурапена»). У сваёй дзейнасці «Маладняк» кіраваўся ўказаннямі КП(б)Б, быў цесна звязаны з камсамолам. У маі 1926 г. У выніку расколу многія члены (К. Чорны, К. Крапіва, У. Дубоўка, А. Бабарэка, П. Глебка, Я. Пушча, Максім Лужанін і інш.), а на мяжы 1927-1928 гг. і асноўнае кіруючае ядро (М. Чарот, А. Вольны, А. Дудар, В. Сташэўскі) выйшлі з «Маладняку».
   У лістападзе 1928 году аб'яднанне рэарганізаванае ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў.
   У 1930-я гады большасць «маладнякоўцаў» былі рэпрэсаваныя.


Крыніца: Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.9: Кулібін – Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мн.: БелЭн, 1999. – 560 с.

Похожие статьи:

Пераказы, дыктантыМаладое