Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Трыялет

   Трыялет (франц. triolet, ад італ. trio — трое) — від васьмірадковага верша, у якім два першыя і два апошнія, я таксама першы і чацвёрты радкі аднолькавыя. Першы радок паўтараецца тройчы (адсюль і назва).
   Трыялет мае дзве рыфмы. Паўторы вершаваных радкоў у трыялеце павінны матывавацца натуральным развіццём тэмы твора, завастраць увагу чытача на яго асноўнай думцы.
   Узнік трыялет у XV ст. ў Францыі як скарочаная форма рандэля.
   У рускай паэзіі з'явіўся ў пачатку XIX ст. (М. Карамзін), затым амаль цэлае стагоддзе не ўжываўся. Адрадзіўся і пашырыўся ў 10-я гг. XX ст. ў паэзіі К. Фофанава, К. Бальмонта, В. Брусава, I. Рукавішнікава. Першы ўкраінскі трыялет належыць паэту-рамантыку В. Бадзянскаму (1831).
   У беларускую паэзію трыялет увёў Максім Багдановіч ("... Дзераўлянае яечка", "Мне доўгае расстанне Вамі", "... Як птушка ў гібкіх трысніках", 1912-1913). Гэтай пераважна гуллівай, пацяшальнай форме верша, якая ўжывалася амаль выключна ў інтымнай лірыцы, ён надаў грамадзянскі змест. Такія яго трыялеты "... Ты быў, як месяц, адзінокі" (прысвечаны дачасна памёршаму С. Палуяну), "... Калісь глядзеў ня сонца я":

 

Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.
Ды што мне цемень вечнай ночы,
Калісь глядзеў на сонца я.
Няхай усе з мяне рагочуць,
Адповедзь вось для іх мая:
Калісь глядзеў на сонца я,
Мне сонца асляпіла вочы.


   Максім Багдановіч упершыню ўвёў трыялет у сатырычную паэзію ("... Николай Иваныч, Вы ли?"). У савецкі час гэту даўнюю форму паэзіі прымусіў па-сучаснаму загучаць выдатны армянскі паэт Н. Зяр'ян — напісаў трыялетам вялікі твор, прысвечаны памяці дваццаці шасці бакінскіх камісаряў ("Дваццаці шасці камісарам").
   Таксама ў беларускай паэзіі да трыялета звяртаюцца: Уладзімір Жылка ("Як ўсё ў жыцці..."),  Алесь Салавей ("Трыялет", "Ты мне за ўсё найдаражэй..."), Янка Золак ("Мой дух", "Чорны смутак"), Еўдакія Лось ("Трыялет"), Алесь Пісьмянкоў ("Трыялет"), Д. Бічэль-Загнетава ("Не называй мяне жаданай...", "Лёгкія сняжынкі у цішы..."), Рыгор Крушына ("Трыялет"), Рыгор Барадулін ("Юнацтва светлая часіна"), Ніл Гілевіч (Ты сэрца маё ўсхвалявала...), Вера Вярба ("Трыялет"), Хв. Чэрня (цыкл "Трыялеты"), М. Федзюковіч ("... Нарач -возера, Нарач - мора"), А. Барскі (цыкл "Трыялеты"), С. Панізнік ("На белай хвалі), Янка Сіпакоў ( "Я выплываю з адзіноты...", "Без вёслаў лодка сніцца мне...", "Дзе нам баліць, там і душа...", "Трыялет гадоў"), Эдуард Акулін ("Каб толькі бачыць Вашы вочы...", "Не вернецца назад Учора...") і інш. Асобную кніжку вершаў, напісаную трыялетам, выдаў Ю. Голуб.

Похожие статьи:

Рыгор БарадулінРыгор Барадулін - Юнацтва светлая часіна

Еўдакія ЛосьЕўдакія Лось - Трыялет

Алесь СалавейАлесь Салавей - Трыялет (Ты мне за ўсё найдаражэй...)

Эдуард АкулінЭдуард Акулін - Трыялет

Данута Бічэль-ЗагнетаваДанута Бічэль-Загнетава - Не называй мяне жаданай...