Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Апавяданне

   Апавяданне - невялікі апавядальны твор, у якім расказваецца, як правіла, пра нейкі адзін вызначальны выпадак (сітуацыю, падзею) з жыцця чалавека. У апавяданні адна сюжэтная лінія, абмежаваная колькасць дзейных асобаў, характары якіх дастаткова сфармаваныя, розныя апісанні адсутнічаюць ці яны вельмі сціслыя. Такія апавяданні "Васількі" Міхася Лынькова, цыкл "Вясковых паданняў" Міколы Лупсякова, "Сена на асфальце" Міхася Стральцова, "Сівы конік" У. Дамашэвіча, "Львы" Івана Пташнікава і інш. Папярэднікам пісьмовага апавядання сталі асобныя жанры вуснай народнай творчасці – казкі, легенды, паданні і інш. Своеасаблівымі разнавіднасцямі апавядання з'яўляюцца навела, нарыс, памфлет, фельетон, гумарэска, вершаванае апавяданне.
   Навела характарызуецца напружаным, драматычным дзеяннем, лаканічным паказам не столькі знешніх падзей, колькі перажыванняў і настрою персанажаў, нечаканым фіналам ("Бунт" Якуба Коласа, "Наталя" Янкі Скрыгана, "Марыля" Янкі Брыля).
   Нарыс - гэта мастацка-дакументальнае апавяданне, у якім апісаны падзеі, што сапраўды здарыліся ў жыцці, а персанажы маюць рэальных прататыпаў і выступаюць пад сваімі прозвішчамі ("Званы ў прадоннях азёр" Уладзіміра Караткевіча, "Дзівасіл" В. Палтаран).
   Для памфлета, як і для фельетона, характэрныя смех і дакументальнасць. Аднак напал смеху і прадмет асмяяння ў іх розны. У фельетоне гумар і сатыра накіраваны на выпраўленне заган "простых смертных" і іх учынкаў, некаторых непрыстойных з'яў у грамадстве. У той жа час памфлет - гэта злосна-з'едлівае асмяянне, гнеўнае выкрыццё шырокавядомых асоб ці значных грамадскіх з'яў (памфлет украінскага пісьменніка Я. Галана, зборнік памфлетаў "Кат у белай манішцы" Кузьмы Чорнага, у якім выкрываліся Гітлер і яго хаўруснікі).
   Гумарэска - невялікае апавяданне, у якім мякка, але дасціпна высмейваюцца нейкія рэальныя (толькі са змененымі назвамі) ці створаныя ўявай пісьменніка з'явы, падзеі, асобы ("Дзядзіна" Францішка Багушэвіча, "Недаступны", "Сацыяліст" Якуба Коласа).
   Беларускае літаратурнае апавяданне у значнай ступені вырасла з народнай вершаванай гутаркі, быліцы.
   Апавяданне вершаванае як жанр упершыню сустракаецца ў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Пісьменнік пакінуў некалькі яго жанравых разнавіднасцяў: гістарычнае ("Славяне ў ХІХ стагоддзі", "Люцынка, альбо шведы на Літве"), сацыяльна-бытавое ("Травіца брат-сястрыца"), гісторыка-літаратурнае ("Літаратурныя клопаты"). Асабліва пашырылася вершаванае апавяданне на пачатку ХХ ст. Менавіта гэтым тэрмінам вызначыў жанр сваёй "Веранікі" Максім Багдановіч. Жанравую разнавіднасць сатырычнага і гумарыстычнага вершаванага апавядання актыўна распрацоўваў Якуб Колас ("Зяць", "Доктар памог", "Святы Ян"). Вершаванае апавяданне даволі часта выкарыстоўваў Янка Купала ("Сват", "Страх", "У шынку", "У піліпаўку" і інш. ; гэтыя творы склалі два зборнікі яго "Апавяданняў вершам", 1926). Да вершаванага апавядання першапачаткова звярнуўся Францішак Багушэвіч ("Быў у чыстцы!", "Гдзе чорт не зможа, там бабу пашле", "Хцівец і скарб на святога Яна", "Хрэсьбіны Мацюка"), пакуль не стаў пачынальнікам беларускага празаічнага апавядання ("Тралялёначка", "Палясоўшчык"). Услед за ім да гэтага віду эпічнай прозы яшчэ на пачатку XX ст. прыйшлі Карусь Каганец, Цётка, Якуб Колас, Ядвігін Ш., Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок, Максім Гарэцкі, Цішка Гартны і інш. Далейшае развіццё апавядання ў самых розных яго жанрах (сацыяльна-бытавое, псіхалагічнае, гістарычнае, лірычнае, філасофскае і інш.) знайшло ў творчасці Кузьмы Чорнага, Міхася Лынькова, Я. Скрыгана, Івана Мележа, Янкі Брыля, Васіля Быкава, Міколы Лупсякова, А. Чарнышэвіча, Міхася Стральцова, У. Караткевіча, Івана Пташнікава, Вячаслава Адамчыка, Барыса Сачанкі, А. Кудраўца і інш. Частка лепшых беларускіх апавяданняў увайшла ў двухтомную "Анталогію беларускага апавядання"(1967).