Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Якуб Колас - Бунт

І

   Нешта трывожнае і патаемнае рабілася ў вёсцы. Мужыкі збіраліся ў кучкі, спрачаліся між сабой і талкавалі. Як толькі з’яўляўся старшыня ў гэтую кучку, яны змаўкалі або пачыналі гаварыць аб чым-небудзь другім.
   Вечарамі мужыкі сыходзіліся ў крайнюю хату дзеда Юркі. Гэта быў самы стары чалавек у вёсцы, яе жывая кніжка. Дзед нікому не баяўся сказаць у вочы праўду; на ўсіх, нават на земскага начальніка, казаў ён «ты». Раз на судзе ў валасным праўленні земскі сказаў на дзеда, як дзед рэзнуў яму адну праўду:
   – Гэта цябе не касаецца, стары пацук!
   Гневам заблішчалі старыя вочы дзеда:
   – А што, брат: не так баліць, як смярдзіць? – І, памаўчаўшы, дадаў з гневам, глянуўшы на вусы земскага: – Ой, падла, хрушч, жабіны начовачкі! – Плюнуў дзед і выйшаў з канцылярыі.
   Сабраўшыся ў хаце вось гэтага Юркі і закурыўшы люлькі, мужыкі садзіліся каля стала, над якім смутна блішчала лямпа. Дзед сядзеў на лаўцы каля печы. У пячурцы ляжаў яго капшук з тытуном і крэсіва. Вакол дзеда круціліся ўнукі. Некалькі мінут у хаце панавала цішыня. Толькі дым ад люлек звісаў пад столлю, хрыпеў часам чый-небудзь цыбук ды стукаў хто люлькаю аб кіпець, выбіваў з яе попел.
   Гутарка ішла аб зямлі, аб цяперашнім уціску народа.
   Сцёпка Ляўшун у гэтых справах быў самы дока ва ўсім сяле. Гарою стаяў ён проці крыўды сельскай грамады і на сходах быў першы праціўнік начальства. Не любілі яго ні пісар, ні старшыня. Нават сам земскі наводзіў часта спраўкі ў старшыні пра Сцёпку Леўшуна. Адным словам, гэта быў чалавек «падазрыцельны». І поп не раз казаў:
   – Да, Ляўшун врэдны чалавек. Дый народ з яго ласкі стаў не такі, як быў раней: нядобрае ён нешта замышляе; пазірае ваўком і гаварыць з табою не хоча. Трэба назіраць за ім.
   – А вось у мяне ёсць свежы лісток, – казаў той самы Сцёпка мужыкам і даставаў з-за пазухі пракламацыю.
   Мужыкі цесным кружком садзіліся каля Сцяпана. Лямпу знімалі і ставілі яе на стол у гаршчок. Лісток чыталі доўга. Многа было ў ім незразумелага для мужыкоў. Былі там такія словы, якіх яны ніколі не чулі.
   – А праўда! – казалі мужыкі, як лісток дачытваўся ўвесь, – у нашай, напрыклад, воласці шэсць вобчастваў, а каб памераць нашу зямлю, то ў нас яе будзе пэўне меней, як у двары.
   – Меней! – смяяўся Сцяпан: – у нас усяго 3 тысячы маргоў, а ў пана – 27 тысяч! Гэта я добра ведаю.
   – От ты і шукай праўды!
   – Шукай – знойдзеш!..
   Далей мужыкі гаварылі аб тым, як цяпер трудна ім стала жыць, што дваровае поле, як падкова, акружыла іх благія палеткі і што няма як і кроку ступіць, каб не папасці ў панскія лапы.
   – Эге! – круціў стары Юрка сівой галавой. – А я, нябогі, яшчэ сам, як быў маладым хлопцам, пасвіў быдла пад Дубамі. А ў затоках, што цяпер арандуе старшыня і царкоўны стараста, усё сяло лавіла рыбу. А рыбы было!..
   І дзед не раз гаварыў пра зямлю пад Дубамі, пра паплавы на рэчцы, якія калісьці належалі мужыкам.
   Мужыкі слухалі, і злосцю і зайздрасцю гарэлі іх вочы.
 

ІІ

   – На начлег сюды мы ездзілі, – гаварыў стары Юрка, ходзячы раз у свята з мужыкамі па полі, – коней тут пасвілі. Пад гэтымі старымі дубамі агонь калісьці клалі. – І дзед прыглядаўся да зямлі, як бы шукаў даўнейшага вогнішча, каб пацвердзіла яно яго праўду. Але не было ніякага знаку: пяцьдзесят панскіх ніў выраслі на гэтым полі.
   – Смех і песні хлопцаў і дзяўчат будзілі некалі начны спакой гэтых палёў. Увесь кавалак аж да Сярэдніх Дарог засявалі нашы мужыкі... – даканчваў дзед сваю мову.
   Мужыкі хадзілі з хмурымі тварамі і мералі шырокімі крокамі поле, якое належала цяпер да двара. Яны спыняліся, радзіліся, шукалі спосаб вярнуць назад сваю зямліцу.
   – А вы вось яшчэ пахадзілі б па полі, – смяяўся з іх дзед: – можа што і выхадзілі б.
   – А што ж ты кажаш рабіць? – пыталіся мужыкі.
   – Мне не трэба зямлі. Я, брат, у вырай скора; досі тапталі мае ногі сырую зямлю. Вунь дзе мая зямля! – і стары Юрка паказаў рукою на могілкі з трухлявымі крыжамі, што сіротамі стаялі ў полі, як і самі могілкі, абкапаныя невысокім пясчаным валам.
   Раз, ужо ў познюю восень, грамада мужыкоў прываліла ў школу. Сцяпана выбралі дэпутатам і адправілі яго да настаўніка.
   – Пане вучыцель, – пачаў Сцяпан, прыйшоўшы на кватэру настаўніка: – мы маем да вас просьбу. Ніколі вы нам кепскага не рабілі і кажаце нам адну толькі праўду. Напішыце вы нам прашэнне да пана. Самі мы малаграматныя, а прасіць, апрача вас, няма каго: поп запужае нас пеклам, пісар – казакамі.
   І Сцёпка расказаў, у чым іх просьба.
   – Вось паглядзіце на план, калі няпраўду мы гаворым.
   Сцёпка дастаў з-пад кажуха бляшаную качалку, у якой быў план і ўсякія дакументы.
   – Праўда: па плану – зямля ваша, – сказаў настаўнік, – толькі, браце, не ведаю, ці паможа вам гэтая петыцыя. Гэта выйдзе ні больш ні менш, як стралянне вараным гарохам у цагляную сцяну. А вы з панам нічога не гаварылі аб гэтым?
   – Як не гаварылі? Гаварылі. Першы раз нам сказалі, што пана няма дома, другі раз пан сказаў, каб прыйшлі іншым разам, а трэці раз, як прыйшлі, пан накрычаў, нашумеў – не баяўся: казакаў было повен двор – і, паказаўшы сваю панскую спіну, ён схаваўся ў пакоях. Вось і ўся наша гутарка з панам.
   – Ну, то добра. Я напішу вам: прыходзьце вечарам – падпішыцеся.
   – Дзякуем вам, пане вучыцель!
   Увечары, як рой пчол, гулі мужыкі ў школе. Яны прыйшлі ўсім сялом паслухаць, што напісаў настаўнік, і падпісаць петыцыю. Вось, каротка, гэтая петыцыя.
   «Вам (пану) павінна быць вядома, што робіцца цяпер у Расіі. Льецца кроў, гараць панскія палацы... Людзям няма куды дзявацца, няма чаго есці, і яны пайшлі адбіраць ад паноў тое, што паны адабралі ад іх. Мы не хочам грабіць і паліць, каб чужой крывёй і слязьмі купіць сабе шчасце; мы не хочам браць чужога, а патрабуем ад вас тое, што вы ўсякімі канцылярскімі кручкамі адабралі ад нас: 1) вярнуць назад зямлю ва ўрочышчы Дубы, якая, як значыцца на плане, належыць да нас; 2) вярнуць права карыстацца рэчкай: лавіць рыбу, збіраць чарот і г. д.
   Чакаем скорага і пэўнага адказу...».
   – Добра напісана! – хвалілі мужыкі.
   І мазолістыя рукі з вялікай цяжкасцю пісалі фаміліі сваіх уласнікаў. Крывыя подпісы мужыкоў занялі ўвесь ліст паперы.
   – Як дазволіць пан лавіць рыбу, дык тады панічу будзе рыбы, колькі паніч захоча! – казалі мужыкі настаўніку.
 

ІІІ

   Прачытаўшы петыцыю, пан не драмаў. На тройцы коней панёсся ён у павятовы горад П. проста да маршалка. Усё начальства паднялося на ногі. Паклікалі паліцмайстара, спраўніка, земскага начальніка, прыстава, казацкага афіцэра. На гэтай ваеннай нарадзе знайшлі, што мужыкі бунтуюцца. Казацкі афіцэр навёў спраўкі, колькі ў вёсцы мужыкоў. Разлічыўшы, што адзін казак «за пяць мінут можа забіць дваццаць пяць мужыкоў», ён сказаў, што для «ўсмірэння» мужыкоў досыць будзе дваццаці казакаў. Спраўнік паслаў у вёску выведаць, хто пісаў петыцыю.
   Нічога аб гэтым не ведалі мужыкі і ўсё чакалі ад пана адказу. А як пан адказу не пасылаў, то мужыкі, уважаючы, што закон яны споўнілі, сабраліся зноў і напісалі прыгавар лавіць рыбу ў тых затоках, якія па плану належалі да іх. Узваліўшы на сані невад, чалавек дванаццаць мужыкоў пад камандай Леўшуна паехалі на рыбу. Як на грэх, лоў быў шчаслівы. Пападаліся найбольш ліны і шчупакі... За высокім сухім чаротам нічога не бачылі рыбакі. Толькі што яны выбралі рыбу з апошняй тоні, бачаць – ляцяць на іх казакі ў высокіх калматых шапках. У бедных «бунтароў» і люлькі павыпадалі з зубоў на лёд, адна нават укінулася ў палонку.
   – Кладзі невад на сані! – крыкнуў адзін казак.
   Пакорна споўнілі мужыкі гэтае прыказанне; худая кабылка цягнула мокры невад і цэбар з рыбай, а мужыкі, апусціўшы галовы, ішлі за возам, іх падганялі казацкія нагайкі.
   Бедных мужыкоў вялі цераз сяло. Дзеці галасілі на ўсю вуліцу; бабы прычытвалі, як па нябожчыках. На другіх санях, абапал якіх ехалі конна казакі, сядзеў настаўнік. На ім было халоднае паліто і летняя шапка.
   – Вось і рыбы налавілі, і на санях, як губернатары, пад ахранай павозімся, – жартаваў настаўнік, каб развесяліць кампанію, а сам быў такі бледны, і гора свяцілася ў кожнай яго жылцы.
   Уся гэта невясёлая працэсія ўжо выходзіла з вёскі.
   Стары Юрка стаяў каля варот свайго двара.
   – За што вы пабралі іх? – сказаў Юрка, стаўшы пасярод вуліцы. – Ёсць у вас крыж на грудзях? Верыце вы ў Бога? О каты вы, разбойнікі! Упадку няма на вас, праклятых!
   Адзін казак хлыснуў старога дзеда нагайкаю па твары.
   – Бог вас паб’е, крывапіўцы! – застагнаў дзед, палажыўшы руку да разбітага твару. І кроў старога дзеда чырвонымі капелькамі падала на снег, і слёзы, як раса перад захадам сонца, апошні раз выступілі на яго сухіх вачах на сусклоні апошніх дзён яго жыцця...

1907

Похожие статьи:

Якуб КоласКарціны роднай прыроды ў паэме «Новая зямля». Жанравыя асаблівасці паэмы

Якуб КоласДухоўнае багацце чалавека ў паэме «Новая зямля»

Якуб КоласТворчасць Якуба Коласа

Якуб КоласПаэма «Новая зямля» — мастацкая энцыклапедыя жыцця беларускага сялянства

Якуб КоласСлужэнне народу — асноўны абавязак мастака. Паэма «Сымон-музыка»