Найти на сайте: параметры поиска

Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.



Гумар

   Гумар (ад англ. humour – гумар, нораў, настрой, схільнасць) – адна з галоўных праяў (побач з сатырай) камічнага ў літаратуры. У адрозненне ад сатыры, гумар смешнае ў жыцці выяўляе не ў востра-здзеклівым, а ў жартоўным, добразычлівым тоне. За маскаю блюзнерства ў гумары хаваецца сур'ёзнае, за нізкім – велічнае, за дуротлівым – мудрае, за смешным – сумнае ("скрозь відочны свету смех... нябачныя яму слёзы" – Мікалай Гогаль).
   У залежнасці ад эмацыянальнага тону выказвання, ад культурнага ўзроўню стваральніка і ўспрымальніка твора гумар можа быць дабрадушны і жорсткі ("чорны"), тонкі і грубы, забаўны і сумны, чуллівы і зларадны і гэтак далей.
   У аснове гумару ў літаратуры – смешнае ў жыцці (з'явы, падзеі, людзі). Па словах I. В. Гётэ, ні ў чым так не выяўляецца характар чалавека, як у тым, што ён лічыць смешным. Гэта можна сказаць і пра цэлыя сацыяльныя, нацыянальныя, гістарычныя супольнасці. Гумар (яго характар, пашыранасць, стаўленне да яго) у многім прадвызначае нацыянальны характар. Гумарыстычныя творы выкарыстоўваюць выяўленчыя мажлівасці іроніі, гратэска, парадокса, досціпу. Гумар і сатыра звычайна не пярэчаць адно другому і ў творах сустракаюцца поруч.
   Сусветная літаратура ведае нямала імёнаў выдатных гумарыстаў – аўтараў знакамітых гумарыстычных твораў (Эразм Ратэрдамскі, А. Хаям, Франсуа Рабле, М. дэ Сервантэс, Ч. Дзікенс, В. Скот, Марк Твэн, Я. Гашак, М. Гогаль, М. Салтыкоў-Шчадрын, Антон Чэхаў, М. Зошчанка, М. Шолахаў, I. Катлярэўскі, А. Вішня і інш.).
   Беларуская гумарыстыка (сукупнасць твораў розных родаў і відаў жартоўнага напрамку) пачалася з фальклору – жартоўных прыказак, прымавак, загадак, песень, прыпевак, анекдотаў, жартаў, казак з камічным сюжэтам і інш. Гумар, як і сатыра, абумовіў своеасаблівасць многіх твораў старажытнай беларускай літаратуры.
   Новая беларуская літаратура таксама пачалася з гумару і сатыры ("Уваскрэсенне Хрыстова", "Энеіда навыварат", 'Тарас на Парнасе", камедыі і вадэвілі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і інш.), шырока карысталася ім і карыстаецца да сённяшняга дня. Найбольш пашыраныя жанры сучаснай беларускай гумарыстыкі – гумарыстычныя аповесці ("Бацька ў калаўроце" Р. Семашкевіча), апавяданні ("Ціхоня" Iвана Грамовіча), памфлеты ("Кат у белай манішцы" Кузьмы Чорнага), фельетоны, гумарэскі, байкі, жартоўныя паэмы ("Смаргонская акадэмія" Рыгора Барадуліна), вершы і песні ("Рыжая сучачка" А. Лойкі, "Скрыпка і бубен" А. Ставера, "Ручнікі" Веры Вярбы), камедыі, вадэвілі, пародыі, эпіграмы, досціпы...
   Сярод шэрагу гумарыстаў ХХ ст. (камедыёграфаў, байкапісцаў, парадыстаў, шаржыстаў і інш.), несумненна, вылучаюцца Янка Купала, Якуб Колас, Кандрат Крапіва, Уладзіслаў Галубок, Андрэй Мрый, Андрэй Макаёнак, Васіль Вітка, Янка Брыль, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. Своеасаблівасцю сучаснай беларускай літаратуры з'яўляецца пашыранасць у ёй гумарыстычна-сатырычных ананімных твораў, у прыватнасці, ананімных паэм ("Сказ пра Лысую гару", "Сказ пра Саўку Паўлава і групу хуткага адпору", "Сказ пра Яфрэма Сакалова і тайную вячэру" і інш.).

Крыніцы артыкулаў:

Рагойша В. П. Літаратуразнаўчы слоўнік: тэрміны i паняцці: для школьнікаў i абітурыентаў – Мінск: Народная асвета, 2009. – 303 с.
Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. – 3-е выд. – Мінск: Беларуская навука, 2004. – 576 с.
Слоўнік лінгвастылістычных і тэксталагічных тэрмінаў. Складальнікі: Абабурка М. В., Казімірская Т. А, Саўчанка В. М. – Магілёў: УА «МДУ імя А. А. Куляшова», 2012. – 284 с.

Тэорыя літаратуры: дапаможнік для студэнтаў філалагічных спецыяльнасцей ВНУ / В.І. Яцухна; Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны. – Гомель: ГДУ імя Ф. Скарыны», 2006. – 279 с.