Увага!!! Невялікія апавяданні і вершы пададзены ў поўным варыянце.
Творчасць Рыгора Барадуліна
Рыгор Барадулін — Паэт ад Бога, таму, здаецца, дыхае радкамі, выказвае сябе свабодна і раскавана. Праўда, нельга не адчуць, што ён яшчэ і майстар-ювелір, які граніць радок, стварае ўражанне віртуознай лёгкасці пісьма. Рыгору Барадуліну, быццам чараўніку, падуладныя слова, гук, фарба. Ён валодае талентам мастака-жывапісца. Асабліва ярка квяцісты стыль яго пісьма выяўляецца ў пейзажнай лірыцы:
Цыбатай нагой жураўлінаю
Імшарамі верасень крочыць.
Ад кіслых прысмак журавінавых
Заплюшчыла сонца вочы.
(«Заспаная раніца мжыстая...»)
Барадулінская маляўнічасць эстэтычна роднасная метафарычнаму жывапісу ў беларускай паэзіі 20-х гг., які дэманстравалі Уладзімір Дубоўка, Язэп Пушча, Уладзімір Хадыка, Тодар Кляшторны... Мусіць, можна казаць пра метафарычную плынь у паэтычным мастацтве. Гэткі яркі і каларытны метафарычны свет стварыў, напрыклад, Анатоль Вялюгін. У аснове мыслення і Анатоля Вялюгіна, і Рыгора Барадулін ляжыць маляўнічая метафара, заснаваная на спалучэнні канкрэтна-пачуццёвага і асацыятыўнага пачаткаў. Суб'ектыўная асацыятыўнасць вобраза, яго эстэтыка-семантычная выяўленчасць атрымала з вуснаў В. Бечыка трапную характарыстыку — «барадулінскі метафарызм». Метафара паэта — глыбінна-адухоўленая, дзівосная, жывапісная.
Для верша Рыгора Барадулін ўласцівы пранікнёная рытміка-інтанацыйная арганізацыя, музычнасць, сэнсавае і гукавое абыгрыванне слова. Радкі ў творах паэта нярэдка нагадваюць пералівы хваль, іх музыка то мілагучная, роздумна-ціхая, то неспакойная, напружана драматычная. А часам верш гучыць парывіста і гарэзліва. Словам, Рыгор Барадулін шматгранны ў выяўленні, ён — віртуоз гукапісу. Не магчыма не затрымаць увагу на ягоным творы «Слухаючы мора», жанр якога паэт вызначае досыць арыгінальна — «хваля-паэма». Тут інтанацыйна-гукавая інструментоўка багатая алітэрацыямі і асанансамі, кранае слых эўфанічнымі паўторамі:
Мора белае разлівалася гэтак, бывала,
што толькі комін з хваляў тырчэў,
а мору выстыламу было ўсё
мала.
Рыгор Барадулін у кнігах апошняга часу («Самота паломніцтва» (1990), «Міласэрнасць плахі» (1992), «Евангелле ад Мамы» (1995) выкарыстоўвае такія мастацкія прыёмы, як кантраст, біблейскі стыль выказвання. Слова ў паэта можа паўстаць у нечаканым сэнсава-вобразным кантэксце. У творы «На схіле алфавіта» Рыгор Барадулін стварыў своеасаблівы народны слоўнік, дзе прыкметнае месца займаюць дыялектызмы і архаізмы. Даволі плённа ён разнастаіць і жанравыя формы паэтычнага выяўлення: лера-паэма, навела, пацеры...
Сваёй творчасцю Рыгор Барадулін дае красамоўны адказ на пытанне, якім павінен быць паэт і якой павінна быць паэзія. Праўда, спрэчка на гэты конт не мае пачатку і наўрад ці калі будзе мець заканчэнне. Паэт з аднолькавым поспехам піша добрыя публіцыстычныя, палітычныя, медытатыўныя, сатырычныя творы. Пад пяром яго нараджаюцца гімны і оды, элегіі і балады, пасланні і эпіграмы... Творца знаходзіцца ў палоне філасофскіх рэфлексій, балюча перажывае чарнобыльскую трагедыю, па-адраджэнску ўсхваляваны лёсам Бацькаўшчыны, складае прачулыя малітвы, дасціпна высмейвае чалавечую дурноту... Перад намі грамадзянін, патрыёт, эстэт з тонкім светаадчуваннем і паэт-філосаф. Можна скрыжоўваць коп'і і даводзіць, што палітыка і публіцыстыка — гэта справа журналістыкі, а не паэзіі. Чытаючы так званыя «гучныя» радкі Рыгора Барадуліна, часам думаеш і пераконваешся, што гэта сапраўды так. Аднак шмат якія з ягоных твораў вострага, трывожнага гучання — споведзь і боль сумлення, гаворка пра важнае і галоўнае на зямлі. Паэт, відаць, не мае права зачыніцца ў сваёй ракавіне, асабліва ў наш час, калі душа чалавечая плача, крычыць, ня верыцца, калі свет поўны бяды і драматызму. Рыгор Барадулін кліча да браталюбства, чалавечнасці, шчыра турбуецца пра лёс роднага краю:
Хай беларус беларуса
Будзе любіць як брата.
Светлая імем Ісуса
Наша крывіцкая хата.
(«Маленне за Беларусь»)
Надзённасць тэмы — з'ява пераходная. Украінскі паэт Дз. Паўлычка добра заўважыў, што «высокім мастацтвам часам здаюцца вельмі вострыя, злабадзённыя рэчы, якія сапраўды кранаюць нас, але варта заглянуць у іх праз некалькі гадоў — і ўсё паўстае бляклым і нецікавым. ...Сапраўднае і фальшывае ў паэзіі, зразумела, можна вызначыць і адразу, але там, дзе адбылася памылка, праўду скажа толькі час». І такія памылкі ў барадулінскай паэзіі заўважныя, іх разумее сам аўтар: «Я хадзіў дэманстраваць адзінства У калонах шчыльных, як сцяна...» («І я»), У паэтавай душы нарадзілася пакаянне, перадусім яшчэ больш магутна ўзвысіліся духоўна значныя прыярытэты быцця: Маці, Беларусь, Бог.
Рыгор Барадулін — сумленне і моц беларускага духу, бо заўсёды заставаўся глыбока нацыянальным паэтам. Ён увесь у нерушы матчынай мовы, у паэтызацыі беларускай прыроды. А што напісаны творы ўслаўляльнага пафасу пра Леніна, рэвалюцыю і камуністаў — дык гэта сумнае сведчанне часу, гісторыі, уступка ідэалогіі, якая татальна ачмурыла людскія галовы. Тыповым песняром камуністычна-бальшавіцкай сістэмы Рыгора Барадуліна ніяк не назавеш, а змена арыенціраў у ягоным светапоглядзе, эвалюцыя мыслення — рэч непазбежная і заканамерная. Паэт яшчэ ў апагей будаўніцтва камунізму трымаўся на непарушным, надзейным духоўна-эстэтычным грунце, ішоў ад зыходных асноў нацыянальнага быцця:
Неруш свой
панясу я аберуч,
Як слязіну з матуліных воч.
Ад абразы,
ад позірку злога.
Шлях заблытаўшы для наслання,
Неруш ранішні —
матчына слова,
Мне, як бору,
цябе засланяць!
(«Неруш»)
Сыноўняе пакланенне Беларусі і роднаму слову ў паэзіі Рыгора Барадулін — спадчынна невынішчальная лінія жыцця. Яна ў яго ад маці, Бога. Дарэчы, вобраз маці ў Рыгора Барадуліна — цэнтр нацыянальнага свету. Уся яго паэзія — гэта споведзь перад маці, узвышэнне ўсяго матчынага, святога на зямлі.
Лірыка паэта па-грамадзянску страсная, заклікальная, душэўна ўздымная і ўстурбаваная (вершы «Грунвальд», «Вернута быць павінна», «Дык як?» і інш.) Ён па-грамадзянску страсны, заклікальны, душэўна ўздымны і ўсіурбаваны. Але цяпер, як ніколі раней, ён па-філасофску заглыблены ў сваёй скіраванасці да спазнання складанасці свету, таямніцаў быцця, вечнага і вечнасці. Надышоў такі час, калі паэт востра адчувае вечар жыцця, уяўляе царства ценяў і «ў думках рэшту дзён перабірае». Законы чалавечага існавання няўмольныя, таму, напэўна, і назіраецца ў барадулінскіх вершах градацыя суму, тугі, імкненне да быційна-філасофскага роздуму. Свет яго радка па-біблейску мудры, глыбінна аналітычны і канцэптуальны. Пра гэта акурат і сведчыць адна з самых выдатных кніг у сучаснай паэзіі — «Евангелле ад Мамы». Тут Рыгор Барадулін больш за ўсё хрысціянскі філосаф, прапаведнік агульначалавечай маралі. Ён, як і некалі Францыск Скарына ці Кірыла Тураўскі, малітоўна засяроджаны, этычны, чалавекалюбны: «Нікому нічога не будзьце віннымі, Апроч узаемнай любові» («Азёры ніяк не развесці вінамі...»)
Што ўражвае ў барадулінскай паэзіі, дык гэта яшчэ і тое, наколькі універсальная ў ёй сістэма вобразаў прыроды. Паэт па сутнасці стварыў адметную філасофію травы, цішыні кругазвароту дрэва... Ён — натурфілосаф, які імкнецца спазнаць сутнасць прыроды, яе жыцця, зменаў і руху. Вобраз травы — адзін з ключавых топасаў паэзіі Рыгора Барадуліна. Трава для яго нібы «першаславянствам пахне», яна ўвасабленне чалавечага лёсу, аналогія жыцця і смерці. У вершы паэта «Маналог лугу», як і ў творах «Трава» балгарскага паэта Найдана Вылчава і «Трава» польскага паэта Богдана Драздоўскага, цесна паядноўваецца прыроднае і чалавечае, трава выступае як метафара быцця, сімвал вечнасці. Рыгор Барадулін гаворыць з прыродай як з жывой істотай, глыбока разумее яе «душу».
Вельмі нацыянальны па светаўспрыманні, ладзе мыслення Рыгор Барадулін у сваіх так званых «падарожных» вершах. На іх менш за ўсё звярталася ўвага, хоць гэта і не апраўдана. Паэт шмат вандраваў па свеце і стварыў нямала нізак пра экзотыку розных краёў і кантынентаў. Экзатычны пейзаж такую шырокую распрацоўку набыў яшчэ хіба ў паэзіі Максіма Танка. Паэтычная «геаграфія» Рыгора Барадулін сапраўды маштабная: Прыбалтыка, Сярэдняя Азія, Балгарыя, Чэхія, Італія, Куба, Францыя, ЗША, Кітай, Індыя... Безумоўна, часам «радкі дарог» у гады савецкага мінулага былі своеасаблівымі творчымі справаздачамі з абавязковай ідэалагічнай устаноўкай, наяўнасцю кантрасту «капіталізм — сацыялізм», «яны — мы». І ўсё ж, да гонару Рыгора Барадуліна, ён імкнуўся заставацца мастаком слова, часта маляваў краявіды замежжа, стварыў арыгінальныя пейзажныя карціны, замалёўкі, эцюды. Экзотыку ён успрымае вачыма беларуса, праводзіць вобразныя паралелі з родным светам: «Раніца - Шэрая перапёлка Ад расы крыло абтрасае...» («Сустракаю пекінскую раніцу...»). Вобразы чужых краявідаў, адгукаючыся ў сэрцы паэта, узбагацілі яго мастацкае ўяўленне, выяўленчую палітру.
Рыгор Барадулін — прафесіянал высокага кшталту. Майстар, як думаецца, таму і майстар, што сам можа зірнуць на зробленае крытычна, а пасля здольны ўзяць зноў у рукі камяк гліны і сесці за ганчарны круг, каб працаваць, здзівіць сваім цудам свет. Далучыцца і прычасціцца да паэтычнага слова-цуду — вялікае шчасце.
Похожие статьи:
Міхась Кавыль → Жыццёвы і творчы шлях Міхася Кавыля
Аляксей Пысін → Творчасць Аляксея Пысіна
Янка Золак → Творчасць Янкі Золака